Яго воблік даносяць да нас дзве акварэлі Н. Орды, напісаныя ім паміж 1861 і 1877 гг. пры Канстанціне Незабытоўскім. Мастак-краязнавец паказвае рэзідэнцыю памешчыка з параднага ўязнога боку. Гэта двухпавярховы палац з цэнтральным рызалітам і тэрасай, якую падтрымлівае каланада. Франтальны фасад, рытмічна расчлянёны девяццю шырока пастаўленымі вокнамі, у цэнтральнай сваёй частцы вылучаецца невялікім трохвосевым рызалітам з порцікам на ганку. Чатыры сціплыя тасканскія калоны, якім на сцяне рызаліта адпавядаюць карынфскія пілястры, нясуць фрыз з разеткамі і метопамі і падтрымліваюць балкон. Адметнай асаблівасцю порціка з'яўляецца размяшчэнне прыступкаў ганка не знадворку, а ўнутры. Калоны тут не толькі адыгрываюць дэкаратыўную ролю, але служаць канструкцыйнымі элементамі — апорай шырокай тэрасы другога паверха, дзе знаходзіцца парадная зала. Тэрасу ганка і верхні балкон аблямоўвае ажурная арнаментная каваная агароджа. Па ўскрайках фасада порцік кампазіцыйна падтрымліваюць моцна высунутыя наперад аднавосевыя рызаліты — у мінулым, верагодна, алькежы. У дэкоры выкарыстаны традыцыйны арсенал класікі — рустоўка, пілястры, сандрыкі і інш. Участкі сцен паміж рызалітамі раскрапаваны нішамі, якія імітуюць «сляпыя» вокны, і завершаны карнізам. Дзякуючы філёнгам над вокнамі, запоўненым лепкай, высокія плоскасныя сцены не выглядаюць манатонна. Вылучаюцца пакрытыя разьбой галоўныя ўваходныя дзверы. Надбудаваныя часткі па абодва бакі сярэдняга рызаліта маюць па аднаму трохчасткаваму акну з арачным праёмам у цэнтры. Двухпавярховы корпус палаца са схаваным за глухім парапетам дахам і бакавыя крылы ахоплівае прафіляваны карніз.
Паркавы тыльны фасад акцэнтаваны моцна высунутым пяцігранным эркерам у два паверхі, накрытым гранёным дахам і дэкарыраваным пілястрамі. На першым паверсе — дзверы, па аднаму акну ў бакавых гранях, на другім — тры акны па гранях і па аднаму на бакавых сценах. Паміж бакавымі двухаконнымі рызалітамі і эркерам створаны слуповыя лоджыі. Класіцыстычную архітэктуру фасада парушае простакутная ў плане аднапавярховая, поўнасцю зашклёная прыбудова да эркера зімовага сада, прыступкі якой вядуць да парка.
Абодва шасцівосевыя бакавыя фасады па цэнтру таксама мелі рызаліты. Вуглавыя рызаліты-алькежы спярша, трэба меркаваць, з фігурнымі барочнымі завершамі, у час перабудовы набылі простыя двухсхільныя дахі.
Першапачаткова рэгулярную сіметрычна-восевую двухрадную анфіладную планіроўку палаца, характэрную для палацава-сядзібнай архітэктуры барока, у XIX ст. грунтоўна змянілі. Шэраг парадных залаў перагарадзілі, павялічыўшы такім чынам колькасць жылых памяшканняў. Згодна з крыніцамі, датаванымі да 1939 г., у сярэднім рызаліце пры ўваходзе знаходзіўся вялізны вестыбюль з аднамаршавай лесвіцай ў тыльнай частцы. З правага боку мелася два пакоі, створаныя падзелам вялікай квадратнай залы. Левы бок застаўся нязменным і быў заняты «блакітным» салонам. Адпаведна ў тыльнан анфіладзе размяшчалася вялізная, выцягнутая па папярочнай восі бальная зала, якая выступала гранёным эркерам і першапачаткова займала два паверхі. З правага боку да яе далучалася бібліятэка, з левага — «ружовы» салон. Абодва асвятляліся трыма вокнамі, што выходзілі на лоджыі. «Блакітны» і «ружовы» салоны злучаліся паміж сабой папярочным акругленым праходам, дэкарыраваным арнаментальнай лепкай. Пакоі ў бакавых папярочных крылах прызначаліся для жылля. Найбольшы з іх — абедзенная зала — выступаў на галоўным фасадзе левым рызалітам. У яго можна было трапіць з абодвух салонаў. Гэтаму памяшканню, а таксама кабінету гаспадара з паркавага боку адпавядалі крэдэнс і гасціная. Правы рызаліт займала вялізная спальня і некалькі пакояў для абслугоўвага персаналу.
На другім паверсе пасярэдзіне палаца знаходзіліся лесвічная клетка і тры малыя вузкія пакойчыкі над вестыбюлем. Два бакавыя з іх — гасціныя, сярэдні з акном-дзвярамі з'яўляўся праходам ад лесвіцы на балкон. Лесвіца вяла таксама ў авальную капліцу над бальнай залай. Два вялізныя пакоі на верхнім паверсе правага і левага крылаў выконвалі ролю гасціных.
Пакоі палаца былі абабіты шпалерамі. Іх колерам, у прыватнасці, абумоўлены назвы двух парадных салонаў — «блакітнага» і «ружовага». Падлога парадных апартаментаў укладзена ўзорыстым паркетам, набраным з разнатонавага дуба — ад светлых да цёмных адценняў. Па кутах стаялі белакафляныя грубкі XIX ст. Шэраг парадных і жылых памяшканняў ацяпляўся мармуровымі камінамі з барэльефамі. Столевыя сафіты, упрыгожаныя лепкай з матывамі акантавага лісця і вінаграднай лазы, абапіраліся на фігурныя кранштэйны. З ляпных разетак звісалі бронзавыя люстры. Бальная зала асвятлялася яшчэ і насценнымі хрустальнымі бра.