Памяшканні былі абстаўлены мэбляй першай паловы XIX ст., абітай ў тон шпалер. Сярод яе вылучаліся некалькі старажытных столікаў чырвонага дрэва з рознакаляровым мармуровым маркетры, секрэтэраў і люстраў у разных рамах. Бронзавыя кандэлябры і гадзіннікі, дзве вазы на падстаўках, фігуркі саксонскага фарфора, два агромністыя персідскія дываны на падлозе салонаў дапаўнялі абсталяванне палацавых інтэр'ераў.
Асаблівую каштоўнасць уяўляла калекцыя жывапісу — больш за сто карцін пераважна італьянскіх майстроў, у тым ліку карціны рэлігійнага зместу ў капліцы. Сабраў яе ў асноўным Канстанцін Незабытоўскі ў час сваіх вандраванняў па Італіі. Уладальнік сядзібы быў не толькі аматарам мастацтва. Ён меў таксама багатую бібліятэку ў некалькі тысяч тамоў. На жаль, мэбля ў стылі ампір і мноства карцін, якія ўцалелі ў рэвалюцыйнае ліхалецце, у 1939 г. загінулі.
Палац акружаў парк плошчай больш за 10 га. Аб яго старажытным паходжанні (XVIII ст.) сведчаць прамыя алеі і круглыя ліпавыя альтанкі, уласцівыя рэгулярнай планіроўцы. У XIX ст. парк набывае модны англійскі стыль з пейзажнай арганізацыяй навакольнага ландшафту. Яго тэрыторыя падзялялася на дзве часткі. Адна з іх — тая, што перад палацам, уяўляла сабой вялізны авальны, абсаджаны невысокімі дрэвамі газон, які агінала пад'язная дарога. Прастора перад палацам, такім чынам, заставалася раскрытай, франтальны фасад незаценены. Высокая мураваная агароджа са штыкетам абкружала ўвесь парадны двор. Арыгінальнасць арганізацыі гэтай часткі палацава-паркавага ансамбля заключалася ў размяшчэнні ўезда не па прадольнай восі палаца, а па баках ад параднага двара. Перад палацам, сіметрычна справа і злева, стаялі дзве мураваныя брамы з трох слупоў, пастаўленых паўкругам і аб'яднаных прафіляванымі шчытамі і каванымі варотамі. Левая брама служыла парадным уездам, правая вяла да агарода і пладовага сада. На краі газона па сярэдняй восі будынка змяшчаўся арыгінальнай архітэктуры свіран. Яго ніжняя мураваная частка, квадратная ў плане, была раскрапавана панелямі са «сляпымі» вокнамі гатычнай стральчатай формы. Першы ярус апяразваў арнаментальны гатычны фрыз. Другі ярус абкружала драўляная галерэя з падчэнямі на тонкіх слупах. Дах завяршала шасцігранная вежачка са «стажковым» купалам.
У глыбіні двара, за групай дрэў, хаваўся мураваны будынак стайні для выязных экіпажаў. Гэты аднапавярховы простакутны ў плане аб'ём пад гонтавым дахам з двухпавярховым рызалітам у цэнтры галоўнага фасада завяршаўся паўкруглай аркай і такой жа формы акном. Паўкруглымі вокнамі і пілястрамі паміж імі былі расчленены ўсе фасады будынка.
Другая рэгулярная частка парка прасціралася з тыльнага боку палаца ў выглядзе геаметрычнай сеткі квадратных і простакутных участкаў, размежаваных дарожкамі. Яе абкружалі тры шырокія алеі. Дзве з іх, ліпавая і арэхавая, адыходзілі перпендыкулярна ад дома, а паралельная яму, таксама ліпавая, замыкала чатырохкутны ўчастак парка. «Зялёныя альтанкі» ўздоўж гэтай алеі і ў цэнтры газона і дэкаратыўныя калоны з каменю ўпрыгожвалі прастору. На ўскраіне парка пад старой раскідзістай ліпай ляжалі два часаныя мемарыяльна-культавыя валуны. Наяўнасць у пейзажным парку гістарычна-мемарыяльных рэліквій — традыцыя арганізацыі рамантычных пейзажных паркаў XIX ст.
Летам 1895 г. тагачасны ўладальнік сядзібы Станіслаў Канстанцінавіч Незабытоўскі атрымаў дазвол на будаўніцтва бровара, праект якога склаў губернскі архітэктар Палікарпаў. На тэрыторыі фальварка былі пабудаваны дзве вялізныя гаспадарчыя мураваныя пабудовы ў рэтраспектыўна-гатычным стылі.
Маёнтак Анелін (Быхаўскі р-н Магілеўскай вобл.) у другой палове XVIII ст. з'яўляўся валоданнем Сапегаў. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай перайшоў да Людвіка Выкоўскага, а потым да яго брата Мечыслава. У пачатку XIX ст. чарговы ўладальнік Аляксандар Выкоўскі збудаваў тут драўляную сядзібу, якую пашырыў яго сын Станіслаў, далучыўшы да сядзібнага дома два бакавыя кароткія крылы. У пачатку XX ст. плошча маёнтка складала каля 2000 дзесяцін. Апошнім уладальнікам існаваўшай да 1939 г. сядзібы быў Людвік Выкоўскі.
Менавіта ўвасабленне ў дрэве форм і прыёмаў стылю класіцызму мураванага дойлідства надавала гэтаму архітэктурнаму помніку своеасаблівасць і каштоўнасць. Зрубавы простакутны ў плане аднапавярховы будынак на адносна высокім падмурку накрываў высокі вальмавы дах з паўкруглымі слыхавымі вокнамі. На галоўным працяглым фасадзе сіметрычна змяшчаліся тры ганкі, сярэдні з якіх вылучаўся павялічаным маштабам і меў двухсхільны шчыт, абапёрты на чатыры драўляныя калоны. Меншыя бакавыя ганкі былі аналагічнымі, але двухкалоннымі. З тыльнага фасада вось сіметрыі адзначалася тэрасай, на якую выходзілі дзверы галоўнай параднай залы. Неатынкаваныя сцены фасаду рытмічна расчляняліся простакутнымі вокнамі ў ліштвах. Сілуэт будынка ўзбагачалі дзве зашклёныя круглыя вежачкі-бельведэры, якія асвятляліся ў час дамовых святкаванняў.