Выбрать главу

I вось у напружанай цішыні пачуўся нейкі шум, затым лес рагоў вырас над звілістай лініяй прыбярэжных узгоркаў — гэта паказаліся перадавыя статкі аленяў. Сівавата-бурая хваля жывёлін падкацілася да вады i замерла. Аленіхі-важатыя пачалі нюхаць паветра i пільна аглядаць супрацьлеглы бераг.

Затаілі дыханне паляўнічыя. Але вось аленіхі ўвайшлі ў ваду i паплылі. Калыхнуліся тысячы рагоў, i ўслед за важатымі рушылі іншыя алені.

Як толькі першыя жывёліны выйшлі на супрацьлеглы бераг, ca схованак выплылі чоўны — паляванне пачалося. Паляўнічыя, плывучы сярод аленяў, калолі ix дзідамі. Аднаго за другім. Пакуль хапала моцы ў руках або пакуль не ламалася дрэўка. А з другога берага ўсё наплывалі новыя статкі.

Забітых жывёлін плынь зносіла ўніз. Там ix перахоплівалі i цягнулі да берага. Маладзейшыя або не такія спрытныя паляўнічыя білі аленяў на беразе з лукаў.

Але i ў людзей без ахвяр не абышлося. Перапалоханая аленіха перакуліла човен. Паляўнічы пайшоў на дно. Быў паранены i адзін юнак на беразе, які неасцярожна сунуўся з дзідаю да раз'юшанага самца.

Апошнія алені, успеньваючы ваду, выскачылі на бераг i памчалі па раскапычанай тундры. Навокал стала ціха.

Зараз наступіла спакайнейшая, але не менш важная работа. Трэба было зняць шкуру са здабычы, прыпарадкаваць мяса. I хутка задымілі ўздоўж берага вяндлярні, зробленыя з жэрдак i бяросты. Густа запахла паленым смалістым дрэвам. I так было кожную восень.

ЗА ДАРАМI ПРЫРОДЫ

Гэта магло быць у любое тысячагоддзе каменнага веку, асабліва ў яго пазнейшы час, дзе-небудзь на Беларускім Паазер'i

Першабытны чалавек карміўся з палявання, рыбалоўства i збіральніцтва. Зразумела, апошняе не прыносіла столькі спажывы, як, напрыклад, удалае паляванне на зубра або маманта. Але ўсё ж i збіральніцтва значна разнастаіла харчаванне нашых продкаў.

Вясною, калі ўсё навокал зелянела, выпраўляліся за першым шчаўем. Ішлі ў харч маладая крапіва, дзікая цыбуля, карані вадзяной лілеі, мноства іншых раслін. Вясною быў самы час i для збору птушыных яек. Затым прыходзіла лета i выспявалі ягады. Спачатку суніцы, потым чарніцы, маліны, брусніцы, восенню — журавіны. Ягады можна было не толькі есці свежымі, але i сушыць на зіму.

Пасля цёплых дажджоў пачыналіся грыбы. Раслі яны ажно да позняй восені, i ўвесь гэты час не заціхалі чалавечыя галасы ў лесе.

У канцы лета наступаў збор арэхаў. Людзі ішлі i ў дубнякі, разганяючы дзікоў,— паспелі жалуды. Вывараныя жалуды гублялі гаркоту. Ix можна было затым перацерці на муку, змяшаць з арэхамі ці яшчэ з чым i спячы праснакі.

...У дупле вялізнай старой ліпы пасяліўся пчаліны рой. Можа таму, што дупло было высока над зямлёю, а дрэва нахілена над рэчкаю, мядзведзям ніяк не ўдавалася выдраць гранкі-соты. А паласавацца мядком яны спрабавалі — камель быў добра паабдзіраны кіпцюрамі.

Людзі прыкмецілі рой яшчэ вясною, але не чапалі: чакалі, пакуль пчолы наносяць пабольш набытку. I вось неяк у самы разгар лета, калі з дупла ажно выступіў мёд, да ліпы прыйшло некалькі мужчын. Спыніліся пад дрэвам, глядзелі i слухалі, як гудуць пчолы ў ліпавай кроне. Затым адны з мужчын ссеклі ў прыбалаці гонкую яліну i ацерабілі на ёй галіны, пакінуўшы ля камля старчакі. Другія нацягалі сухога ламачча. Як толькі яліну прыставілі да ліпы — вяршыняй да дупла, падпалілі ламачча i пачалі кідаць на агонь сырое галлё. Цёмна-шызы дым узняўся ўгору, ухутаўшы дрэва густым воблакам. I адразу загуло ў кроне, быццам у віхуру,— гэта вылятаў з дупла растрывожаны рой.

Крыху пачакаўшы, па яліне, чапляючыся за старчакі, палез маладзейшы i рызыкоўнейшы з мужчын. Ен быў захутаны ажно да вачэй закуродымленай вопраткай i трымаў пад пахай скураны мех. Задыхаючыся ад дыму, мужчына выцягнуў з дупла гранкі i склаў у мех. Затым хуценька пачаў спускацца, бо, калі дым радзеў, пчолы смялелі i раз'юшана накідваліся на чалавека. Даставалася i тым, хто стаяў пад дрэвам.

Радасна ўзбуджаныя — гэта была вясёлая забава — вярталіся мужчыны са здабычай у паселішча. Час ад часу пазіралі адзін на другога, бачылі апухлыя ад укусаў насы i вочы-шчылінкі i рагаталі.

...У плыткай азёрнай затоцы, зарослай рознымі вадзянымі раслінамі, ходзяць амаль па пояс у вадзе жанчыны i падлеткі. Раз-пораз нагінаюцца, нешта выцягваюць з глею i кладуць у торбы. Малюскі? Не, хоць ix таксама збіралі i елі першабытныя людзі. Жанчыны i падлеткі выкопваюць плады вадзяных арэхаў, рагатыя, як галоўкі чорцікаў. Плады потым абсмажаць на вогнішчы i дастануць з ix смачныя зярняты.