Так здарылася, што ў гліняны гаршчок, дзе захоўвалася зерне дзікарослай пшаніцы, панадзіліся мышы. У гаршку збоку была выбіта дзірка, вось туды яны i пачалі лазіць. Праўда, пшаніцы там заставалася на дне, але ж была яшчэ вясна, новая пшаніца вырасце i паспее ў Каменным яры толькі ўлетку. А гэта зерне можна было перавеяць, выкінуць смецце, якое нацяглі мышы, i перацерці на муку. На тыдзень які хапіла б на праснакі або зацірку. Але гаспадыня вельмі гідзілася мышамі. Можа таму, што яшчэ маленькую яе ўкусіў пацук. З таго часу яна не магла бачыць гэтых дробных звяркоў, што шнарылі ў хаце i вакол яе.
Жанчына пабедавала i загадала дачцэ — дзяўчынцы гадоў дванаццаці, высыпаць папсаванае зерне. Дзяўчынка вынесла гаршчок, перавярнула ўверх дном ды яшчэ пастукала па баках. Пыл i шалупінне вецер панёс убок, а цэлыя зярняты высыпаліся на зямлю. I трэба было такому стацца, што зерне ўпала якраз на тое месца, дзе бацька палкай перакапаў дзірван, шукаючы ядомых каранёў.
A назаўтра прайшоў цёплы вясновы дождж. Потым наступілі сонечныя дні. Зямля ўгрэлася, i буйна ўзнялася зеляніна.
Міналі тыдні, i аднойчы бацька запытаў:
— Ці бачылі, што за нашай хацінай нейкая дзіўная трава вырасла?
Зірнуць пайшлі маці, бабуля, дзяўчынка i іншыя дзеці.
— Гэта ж пшаніца расце! — здзівілася бабуля.
— Адкуль ёй тут брацца? — не паверыў бацька.
— А я ведаю, а я ведаю! — запляскала ў далоні дзяўчынка.— Я сюды зерне з гаршка высыпала, якое мышы папсавалі.
— Але ж усе расліны вырастаюць з пяску.
— Чаму ж тады пшаніца не расце абы-дзе, a толькі ў Каменным яры? Пясок жа на кожным крону,— уступіла ў спрэчку маці.
— А можа i праўда з зярнят? — засумняваўся бацька.
Якім бы чынам ні вырасла тая пшаніца, але яе абгарадзілі жэрдачкамі, каб дзеці, гуляючы, не вытапталі. Праз які час на сцяблінах з'явіліся каласкі, а затым выспелі i зярняты.
Наступіў час збору пшаніцы ў Каменным яры, дзе яна расла самасевам з даўніх часоў. Людзям толькі i заставалася, што прыходзіць туды ўлетку i крамянёвымі выгнутымі нажамі зразаць каласкі, з якіх, калі перацерці ў далонях, высыпалася зерне. Але іншы раз людзей апярэджвалі мядзведзі, якія таксама любілі паласавацца спелымі зярнятамі. Не праміналі гэту мясціну i дзікі, ды i іншыя лясныя жыхары былі ахвочыя да пшаніцы. Так што часам людзям заставаліся толькі абскубеныя сцябліны.
Дзяўчынка не пайшла ў Каменны яр. Сказала, што будзе жаць сваю пшаніцу за хацінаю. Зрэзала каласкі, перацерла ў далонях. Пасыпалася ў гліняную пасудзіну жаўтаватае зерне. Набралася яго з добрую жменю.
Вечарам дзяўчынка сказала бацькам:
— Няхай гэта будуць мае зярняты. Вясной я ix зноў высыплю ў зямлю. Можа яшчэ вырасце пшаніца.
Налета вырасла i паспела цэлая градка пшаніцы. Суседзі прыходзілі i дзівіліся на гэты цуд. I хутка ва ўсім наваколлі сталі казаць, што дзяўчынка пасябравала з добрымі духамі i тыя далі ёй уладу над раслінамі. Бо дзе ж гэта бачна, каб пшаніца прыжылася побач з хацінай, ды яшчэ вырастала з саміх зярнят!
У наступную вясну такія градкі з пшаніцаю зазелянелі ўжо каля многіх хацін. Затым з'явіліся невялікія палі.
Прыкмецілі, што збажына лепей вырастав, калі глебу ўзрыхліць, а зерне крыху прыкрыць зямлёю. Калі ж зямлю ў дадатак пасыпаць попелам, зерне буйнела. А чаму б не паспрабаваць сеяць на лясных выгарах? Паспрабавалі — i сапраўды ўраджаі пабольшалі. Тады пачалі наўмысна выпальваць участкі лесу пад палі. Але на ўсе гэтыя адкрыцці пайшло не адно стагоддзе...
ЗІМОВЫМ ДНЁМ КАЛЯ АГНІШЧА
Больш як пяць тысячагоддзяў назад. На Гродзеншчыне
Разгулялася, закруціла завіруха, засыпала снегам пушчу, азёрны бераг ды i само даўно скаванае лёдам возера. Вялізныя гурбы намяло i каля хацін прыбярэжнай вёскі. Але сёння вецер пацішэў i не так натужна гудуць верхавіны хвой. Ды ўсё ж жыхары не спяшаюцца выбірацца ca свайго жылля. Чакаюць, пакуль снег улежыцца i пацвярдзее.
Над хацінамі падымаецца дымок. Гэта людзі паляць у агнішчах, каб сагрэцца ці згатаваць сабе ежу.
У крайняй хаціне, што на самым беразе, хоць i дымна, але цёпла. На агнішчы, складзеным з невялікіх палявых камянёў, палаюць сухія дровы i грэецца ў гліняным гаршку вада. Закураны i гаршчок, i нават плеценыя з лазовых дубцоў сцены, уцепленыя на зіму трыснягом i мохам. Дым, што падымаецца ад агнішча, выходзіць праз круглую адтуліну ў страсе. Але трапляе туды не ўвесь. Частка яго закручваецца пад страхою i скочваецца ўздоўж сцен уніз да земляной падлогі, густа высланай сушаным аерам.