Жабрак (з печы). Э-э, Аўдзей, ніхто не ведае, як еты свет устроены. Памятаеш Крывога Якіма, што дзецям за золата зямлю купіў? А зямля стала нічэйная праз год, га? Напярод дня не ведаеш, усе мы ў гасцях, а гняздо наша на пагорку. Туды з сабою нічога не возьмеш.
Аўдзей. Каб усе пра той пагорак думалі — пляцень бы спінамі падпіралі, пальцам бы не варухнулі, з кійка ды торбы жылі.
Жабрак. А як збоку глянеш, Аўдзей, дык што чалавеку трэба — акрайчык хлеба, ды каб пагрэцца, ды каб не гналі. Госпадзі, як падумаеш, ну што чалавеку трэба!
Аўдзей. Кожная варона за сваё каркае. Чалавеку многа трэба! (Разводзіць рукі, быццам хоча абхапіць стол.) А мне б яшчэ млын! А малатарня трапілася, ах, добрая малатарня, вось выпадак. Мне б з маім падвор’ем ды малатарняю, ды маімі сынамі — мне б млын! Вот ета быў бы я гаспадар! А, Мікола? Ха-ха-ха…
Карціна другая
Хата Зуйка. Стол, ссунуты ў кут, лавы стаяць літарай «П». Печ і ікона завешаны. Вечарынка ў Зуйковай хаце. Хлопцы, дзяўчаты, гарманіст. Толькі што скончылася полька, збіраюцца скакаць кадрылі. Верка і яе сяброўка Танька сядзяць убаку, ля акна.
Танька (супакойвае). Мо прыйдзе яшчэ.
Верка (пакрыўджана). Ага, прыйдзе. Ужо расходзіцца час.
Да іх падыходзіць хлопец, запрашае Верку.
Xлопец. Пойдзем на кадрылі.
Верка. Не хачу.
Хлопец. Ах, ах, Андрэя чакаеш?
Верка. Каго хачу, таго і чакаю.
Хлопец. Бач, якая каралеўна. Твой Андрэй, можа, дзе бліжэй знайшоў, чым за дзесяць вёрст цягацца.
Танька. А ты чаго чапляешся? Як Андрэй прыйдзе, дык баішся, а цяпер смелы?
Хлопец. Ха, напалохаліся мы твайго Андрэя. Прыходзілі адзін раз з суседняй вёскі, усыпалі ім так, што доўга памятаць будуць. Можам і Андрэю, калі захочам, не паглядзім, што з хутароў.
Танька. Ах, які смелы. Ды толькі на язык.
Хлопец. Падумаеш!
Хлопец падыходзіць да дзяўчат, запрашае адну з іх. Пачынаюць танцаваць. Хлопец і дзяўчына, якую ён запрасіў, смяюцца і пяюць прыпеўкі. Пачынае дзяўчына.
Хлопец працягвае:
Танька (хлопцу). Дурань!
Усе танцуюць, уваходзіць бацька Веркі, вечарынка ў яго хаце.
Зуёк. Усё, усё, хопіць. Пара дахаты.
Дзяўчаты (у адзін голас). Дзядзечка Пятрок, рана яшчэ, ну зусім жа рана.
Зуёк. Усё. Ні-ні. Вы б ноч скакалі, як козы.
Дзяўчаты. От яшчэ крышачку…
Зуёк. Пагулялі, хопіць. Спаць даўно пара, заўтра працаваць. Добрыя людзі ўжо малаціць пачалі.
Хлопцы. Багатым, дзядзька Пятрок, будзеш, як малаціць да Пакравоў збіраешся.
Зуёк. От каб ты гэтак у полі, як языком.
Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…
Зуёк. Ні-ні!
Хлопцы. Дзядзьку Петраку кавалеры ды жаніхі больш не патрэбны, ён на хутаранскіх спадзяецца.
Усе смяюцца.
Зуёк. А хутаранскія не такія лайдакі, як ты. Вось сустрэну бацьку, ён табе пасмяецца, лейцамі.
Дзяўчаты. Дзядзечка Пятрок…
Зуёк. Усё, сказаў усё, дык усё! А то другі раз не пушчу. Бач, разыграліся.
Усе разыходзяцца і пяюць прыпеўкі.
Адзін з хлопцаў працягвае:
Зуёк (нязлосна). От чэмера табе ў бок, зубаскал. От каб цябе…
Застаюцца сем дачок Зуйка і Танька.
(Дочкам). Кладзіцеся спаць. Верка, прыбярыце тут. От каб да работы гэтак, як да гэтых скокаў.
Зуёк выходзіць разам з дочкамі за шырму. Верка і Танька мятуць падлогу.