Аўдзей. Даўней усё талкавей было. Бацькі выбіралі. Ну дык раскажы, каго нагледзеў.
Андрэй. Я ўжо казаў вам.
Аўдзей. А ты не палохайся, яшчэ скажы. Тута за етым сталом усе свае сядзяць.
Андрэй (апусціўшы галаву). Верку Зуйкову.
Аўдзей. Бач ты, няблізка выгледзеў. А добра выглядаў?
Андрэй. Добра.
Аўдзей. Дзеўку выгледзець таксама трэба ўмець. Галава тут таксама не лішняя ў гэтай справе. Я як задумаў жаніцца, пайду, думаю, прыгледжуся, каторая як на сенакосе ды з сярпом каб не апошняя. А то ж ведаў — хутар купляць будзем. На хутары ета не на вечарынцы скакаць.
Варвара. Зуйковы працавітыя. Хоць і не досыта, але і не галадаюць, людзі ведаюць.
Аўдзей. Зуйка дзеўкі разарылі. Мужык ён сабе так, быццам нічога, а восем дзевак — не паскачаш. А вось таксама глядзець трэба. А як прывядзе табе трынаццаць дзевак у хату, га?
Андрэй. Не прывядзе. Старэйшая іх, што за Пачапёнкам, — двух сыноў вунь нарадзіла.
Аўдзей (задаволена). Бачыш — прыглядаецца. (Усміхаецца.) А пойдзе за цябе?
Андрэй хоча адказаць, але заўважае, што бацька жартуе, апускае галаву. Усе смяюцца, асабліва гучна Аўдзей — ха-ха-ха. Потым усе змаўкаюць і чуцен смех пяцігадовай дзяўчынкі, што запознілася засмяяцца. Ад гэтага ўсе смяюцца яшчэ раз.
Аўдзей. Ха-ха-ха — яна-то пойдзе. (Ён задаволена азірае ўсё наўкола сябе, стол, сям’ю.) Ну дык што, маці, можа, паедзем, паглядзім дзеўку?
Варвара. Як скажаш.
Аўдзей. Ну дык вось, запражэш пасля абеду Сівога. (Да жонкі.) Нясіце там бульбу ды сала, а то шляхецкі абед, што тая вячэра ў посную пятніцу.
Жонка і дочкі прыносяць бульбу і сала, патэльні. Жабрак падымаецца з-за стала.
Жабрак. Дзякуй, дзякуй, благаславі вас Гасподзь.
Аўдзей. Заставайся, хопіць і на цябе.
Жабрак. Дзякуй. (Залазіць на печ.) Мне многа есці нельга, не прывыкшы. Як чаго варанага пасёрбаю з хлебцам, дык на дзень і сыты.
Аўдзей. От, бачу, ты і да яды, як да працы.
Жабрак. А яно ж і сапраўды, не парабіўшы і не паясі, так яно і ёсць.
Усе працягваюць есці. Уваходзіць мужык, за плячыма ў яго паўмеха зерня. Ставіць мяшок на падлогу.
Мужык. Дзень добры вам у хату. Аўдзей!
Аўдзей. Чаго табе?
Мужык. Доўг за мною. Перасып, я са сваім мехам прыходзіў.
Аўдзей выходзіць з-за стала, падыходзіць да мужыка, глядзіць у мех.
Аўдзей. Ты палову меха браў?!
Мужык. Палову і аддаю.
Аўдзей. Мы дамаўляліся, што за палову меха ты вернеш мех, так ці не так? Дамаўляліся?
Мужык. З майго, Аўдзей, табе цяпер прыбытку не будзе. Мінуў той час. Палову браў, палову аддаю.
Мужык хоча выйсці, Аўдзей затрымлівае яго, хапае за руку.
Аўдзей. Чакай! Палова меха ўвесну, як ты браў, каштуе столькі, колькі цяпер, па восені, тры мяхі. Ты што, за лета сумленне прапіў?
Мужык. Ета ўжо не твая справа, хто што прапіў.
Аўдзей. А дамаўляўся хто?
Мужык. Даваў палову, хочаш цэлы? З чужога хочаш нажыцца? Цяпер не той час, хопіць!
Аўдзей. Што? Я з чужога?
Аўдзей хапае мужыка за грудкі. Паміж імі стаіць мех, ён падае, зерне высыпаецца. Сям’я Аўдзея працягвае абедаць, быццам нічога не бачыць і не чуе. Жабрак падымаецца на печы.
Мужык. Ну-ну-ну! Чаго хапаеш! Нахапаліся, хопіць! З мяне не возьмеш, не…
Аўдзей. Ды я цябе…
Аўдзей прыцягвае мужыка да сябе, але той не даецца. Сям’я моўчкі есць за сталом.
Мужык. Прывыклі хапаць, абдзіралы, нацярпеліся, як вы душыце, сокі з мужыка цягнеце, цяпер не тое, цяпер за беднату, цяпер вам костка папярок горла, кулаччо, куркулі, нарабавалі, награбілі, цяпер мужыку воля, цяпер мужык паверху, каб вы паўдушыліся, зажраліся, гадаўё, на етых хутарах!
Аўдзей. Сокі з цябе — хто — я? Ета ты — мужык?! Які з цябе мужык, калі ты па вясне з торбай ходзіш, насенне просіш, жабрак ты, а не мужык! Мужык тады мужык, калі ён гаспадар, калі не прапіў, не прагуляў, не адляжаў бакі. Мужык тады, калі ў яго ёсць! Я зажраўся на хутары — а і ты зажрыся! Зямлю ж па едаках, усім пароўну раздзялілі — чаго ж ты не зажраўся? Едакоў многа, работнікаў мала, не на едаках свет трымаецца, на работніках! Ета я зажраўся, калі рук ад працы не чую? Ты б цяпер зажраўся б у мяне ў склепе, ды ў кладоўцы — там цяпер усё ёсць, а дзе ты быў, як я пуп ірваў, горб гарбаціў, кішкі вузлом завязваў, каб усё ета мець! Цяпер ты рады на нажытае, ты б аб’еўся, апрогся чужым, а я са свайго мазаля зажраўся, сваім мазалём нагроб. Так, як ты грабеш, і ўтрох не награбеш, а я адзін цягнуў, як вол, як конь, як дзікі мядзведзь: і ета ты мне гаворыш — з чужога?! Ах ты гад, сам век з чужога жывеш, век у доўг, падохнеш, адны даўгі застануцца, у аднаго па вясне бярэш, у другога — па восені. За палову мех па вясне — ета па-божаску, у мястэчку з цябе б тры шкуры спусцілі, дык ты прыбег да мяне за пяць вёрст: Аўдзей Усцінавіч, дапамажы, а цяпер аддаваць не хочаш, як дамаўляліся, сволач, яшчэ й зяпу раскрыў, задушу!