Выбрать главу
* * *

Было нас у Вільні трох салаўчан, гэта значыць людзей, якія былі на салавецкай катарзе і пасьля такім ці іншым чынам вызваліліся зь яе. Др. Ф. П., я і К. С. Апошні ўладзіўся за тэхніка і працаваў 60 кілём. ад Вільні ў мястэчку А. пры пабудове мосту. Першы зь іх адразу, як прыйшлі бальшавікі, прапаў недзе. Як я пасьля даведаўся, уцякаў праз граніцу, там злавілі яго бальшавікі і пасадзілі ў астрог. Апошні з нашай тройкі абяцаў мне, што, як толькі будзе ваканс, уладзіць мяне за вартаўніка пры мосьце... Адзін раз, заглянуўшы ў сваю хату, я даведаўся, што К.С. быў у мяне зь весткай, што ваканс вольны, што сяньня трэба ехаць. Да адыходу цягніка ўжо заставалася мала часу. Я ўсхапіўся і пабег на вакзал. Пасьпеў. Уздыхнуў з палёгкай, седзячы ў вагоне і пакідаючы Вільню, дзе зямля ў мяне пад нагамі гарэла. Там, у мястэчку А., будзе шмат бясьпечней. І я не памыліўся.

СПАКОЙНАЕ МЕСЦА

На беразе рэчкі Мэрэчанкі, два кілёмэтры ад мястэчка А., будавалі мост. Ужо другі год цягнуліся работы, а канца не было відаць. Былі дошкі, дык цьвікоў не хапала, былі цьвікі, дык іншага матар’ялу не было. Адным словам, усё ішло па–бальшавіцку. Вось пры гэтым мосьце я быў назначаны за вартаўніка. Пры мосьце была будка, дзе перахоўваліся інструмэнты: пілы, сякеры ды інш. Тутака, у гэтай будцы жыў, абеды варыў на вогнішчы перад будкай. Нідзе ня трэ было заяўляцца, толькі трэба было запісацца ў прафсаюз. Я пайшоў з гэтай мэтай у мястэчка і там зарэгістраваўся ў прафсаюзе як работнік зь дзеда–прадзеда і атрымаў прафсаюзную кніжку.

Жылося ціха, спакойна, бясклопатна, а галоўная рэч — бясьпечна. Ніхто тут мяне ня ведаў, нікога са знаёмых я тут не спаткаю, ніхто тут не здагадаецца, хто я.

Быў ужо месяц травень. Ужо было цёпла. Можна было ўжо купацца. Блізка быў лес. Пасьля трывожных віленскіх перажываньняў тут я адчуваў сябе, як на летнім адпачынку. Працы не было ніякай. Раніцай трэ было выдаць работнікам інструмэнты, а пасьля — сядзі сабе з папяроскай на сонцы і раскошуйся жыцьцём.

Было нас трох вартаўнікоў на зьмену, кажны меў па восем гадзінаў дыжурства. Яны не цікавіліся шмат маёй асобай, глядзелі на мяне як на свайго таварыша, ні аб чым не распытваючы. Мой вонкавы выгляд зусім адпавядаў майму становішчу. Сядзеў я босы, вопратка на мне была падзёртая, латаная, дый усёй вопраткі на мне ў гэту летнюю гарачыню былі толькі порткі ды кашуля... Калі хто ішоў ці ехаў каля маёй будкі, — не зьвяртаў на мяне ўвагі. Але вось раз затрымаліся каля мяне нейкія два праходзячыя інжынэры, каб прыкурыць папяросу. Пачалі гутарку.

— Вы тут хто гэткі?

— Я вартаўнік.

— Гм... Так... Цяпер усе... “былыя людзі” ў вартаўнікі пайшлі — заўважыў адзін з іх.

Гэтая гутарка вялася пры адным з работнікаў, што сядзеў пры мяне. Той глянуў на мяне падазрона. Пасьля, як пайшлі незнаёмыя, пытаецца:

— Яны вас ведаюць?

— Не. Першы раз бачу.

— А чаму ж яны гэта?...

Больш не сказаў нічога.

І запраўды я гэтых людзей першы раз бачыў. Хто яны: ворагі ці прыяцелі? — я дагэтуль ня ведаю. Але іхная гутарка была неасьцярожная.

ШТО ДАЛЕЙ?

Ня раз у галаву прыходзіла думка: а што рабіць, як мост ужо будзе закончаны? Бо ж нават пры бальшавіцкіх тэмпах працы мост у рэшце рэштаў калісь будзе збудаваны. А тады зноў шукаць з дня ў дзень новага начлегу ў Вільні, хавацца, як загнаны зьвер, і жыць у вечным страху і небясьпецы?

Тэхнік, мой салавецкі камрат, пацяшаў мяне, што ўладзіць мяне на зіму работнікам на дарозе. Але для гэтага патрэбны фізычныя сілы і трэба будзе жыць у вёсцы, значыцца, сярод людзей...

22 ЧЫРВЕНЯ

Быў цёплы сонечны дзень. Я сядзеў перад сваёй будкай і варыў на вогнішчы сьнеданьне. Глянуўшы на дарогу, я ўбачыў аднаго з маіх таварышоў–старажоў, які ішоў да мяне. На зьмену — яшчэ рана. Сяньня нядзеля. Мусіць выйшаў прагуляцца.

— Добры дзень!

— Добры дзень!

— Чулі?

— Што?

— Вайна.

— Ха–ха–ха! Жартачкі. У нас заўсёды гэткія незвычайныя навіны.

— Сяньня Молатаў гаварыў па радыё... Вайна!..

— Вы чулі?

— Не, я ня чуў, але мне сказаў чалавек, які чуў.

— Вось заўсёды гэтак: я ня чуў, але нехта чуў... калі вы самі ня чулі, дык і не кажэце...

— Калі ўсе ў мястэчку кажуць.

— Брахня. Ерунда. Ня веру.

Селі. Закурылі. Да нас падыйшоў работнік з суседняй фабрыкі, якая стаяла за мястэчкам, непадалёк ад майго маста. Ізноў:

— Добры дзень!

— Чулі?