Выбрать главу

— Тое, што можна купіць, усё будзе. А ёсць рэчы, якія не купляюцца...

— Чаго ж, па-твойму, мне не хапае з таго, што не купляецца? — У Русіновіча раптам з’явілася жаданне спрачацца або нават пасварыцца з ёю.

— Чаму ты думаеш, што я пра цябе? І чаму ў цябе вочы сталі такія халодныя? Засмейся, Грыша! Мне страшна!

— Дзіва, што страшна... Дзіва!.. Вось ты ўмееш...— Ён змоўк, бо на язык прасілася: «Ты ўмееш іграць, надзяваць маску не толькі на твар».

...Было ўжо за дванаццаць, калі Русіновіч прыйшоў у свой інтэрнат. Антановіч і Рак спалі, а Ярошка і Малец недзе загуляліся — іх ложкі пуставалі.

Русіновіч зрабіў абажур з газеты, уключыў святло, дастаў з тумбачкі тоўсты сшытак і пачаў пісаць.

Старонкі з дзённіка

4.06.1952

Даўно збіраўся пачаць дзённік, але ўсё неяк не даходзілі рукі. Мала часу. Ды і няма ўмоў: увесь час сярод людзей. Пісаць дзённік найлепш аднаму, без сведак. Пачынаюць смяяцца, глядзець як на дзівака: робіш не тое, што ўсе. Не хапае характару быць непадобным да ўсіх. А ёсць жа такія людзі! Вось хоць бы Галя... Праўда, вяроўкі віць і з мяне таксама не лёгка... Дарэчы, Галя. Якраз я і хачу пісаць пра яе. З ёю знаёмы ўжо цэлы месяц і, здаецца, закахаўся не на жарты. Лаю сябе за гэта бязбожна, бо ці да кахання мне? А іншы раз падумаеш: а чаму не? Урэшце, можна здурэць ад усялякіх думак, якія апаноўваюць. Але з ёю, Галяй, я не магу гаварыць аб усім, што мяне турбуе. Гэта кепска, але што зробіш? Таму ўсе свае сакрэтныя думкі я хачу даверыць гэтаму сшытку...

Толькі што вярнуўся ад яе. Праводзіў да самага інтэрната. Яна сёння за дзень і вечар мянялася разоў дзесяць. Цікавая асоба! Дагэтуль такіх дзяўчат я не сустракаў. З ёю нельга гаварыць аб нечым адным, яна пераскоквае з аднаго на другое, як вавёрка з дрэва на дрэва. А я просты, як лапаць, і, бы той чмель, гатоў гусці на адной ноце ўвесь вечар. Яна так мне і сказала: «Ты не дасціпны». Што праўда, то праўда. Але што рабіць такім, як я? Не пойдзеш з-за гэтага тапіцца?..

Спачатку я быў як сляпы: свет сышоўся на Галі, і болей нічога я не бачыў. Яна ўразіла мяне тым, што была зусім непадобнай на тых, каго я ведаў раней. Гэта цікавіць, інтрыгуе, ты пачынаеш адкрываць у сабе новы характар, новага чалавека.

Я занадта захапіўся гэтай навізной і прагледзеў другое: што яна на мяне глядзіць зусім іншымі вачыма, чым я на яе. У той час як я гатоў шчыра раскрыць душу, гатоў падзяліцца з ёю ўсім, што думаю і што перажываю, яна ўсё тоіць у сабе.

Мне цяпер брыдка за гэтую сваю вясковую шчырасць, за сваю прастату, якая так і прэ з мяне і якая псуе нашы адносіны! Так, псуе, у гэтым я пераканаўся і паверыў урэшце ў банальную для многіх ісціну, што «чем меньше женщину мы любим, тем больше нравимся мы ей». Яна нібы ўзяла на ўзбраенне гэты пушкінскі афарызм, скарыстаўшы яго супроць мяне. А яно так! Ён падыходзіць у роўнай меры да жанчын і да мужчын...

Яна не хоча гаварыць пра нашы адносіны, праўдзівей, пра яе адносіны да мяне. Атрымліваецца, як у боксе, калі ідзеш на збліжэнне з праціўнікам, а ўвесь час натыкаешся на моцны сустрэчны ўдар. Я шукаю і ніяк не магу знайсці дарогі да яе сэрца, абудзіць у ёй шчырасць. Мне здаецца, што яна мяне не разумее або яшчэ горш — не хоча разумець. А я хачу яе зразумець. Мо таму яна так інтрыгуе мяне, так цягне да сябе, гэта дзяўчына-загадка.

10.06.1952

Калі я не ведаю пра чалавека, хто ён і што, ён мне чужы. І калі ўжо з кім пазнаёмлюся, то хачу ведаць, хто ён, адкуль, з якой сям’і,— прагну як бы прачытаць яго анкету, пачуць яго біяграфію,— толькі тады я магу сказаць, што гэта за чалавек, чаго ад яго можна чакаць.

І хоць не заўсёды чалавек раскрываецца ў сваёй біяграфіі, асноўнае ўсё ж відаць.

Я не таіў ад Галі, хто я,— гэта непатрэбна, ды гэтага і не ўтоіш, бо відаць адразу. «Заходнік», калгаснік, нарадзіўся пры панах, быў пад акупацыяй, у партызаны не трапіў — жыў далёка ад лесу, ды і ўзрост не такі...

Брат, сястра... Дзе сястра — не сказаў. Не асмеліўся.

А з Галі ўсё трэба выцягваць абцугамі, як цвік з дубовага шула: скрыпіць і не вылазіць. Родам яна з Гомеля, бацькі настаўнікі. У яе два старэйшыя браты, абодва лётчыкі-афіцэры, жывуць тут, у Мінску...

19.06.1952

Здаў усе экзамены! Ура! Перайшоў на апошні, пяты курс! Проста не магу паверыць! Хаджу і ўсё думаю: няўжо гэта праўда? Няўжо праўда?

Атрымаў стыпендыю за лета. Трэба будзе купіць які-небудзь касцюм. Праз пару дзён еду дадому...

Бачыўся з Галяй. Яна едзе на Нарач. У іх там практыка. Проста зайздрошчу біёлагам. А ў нас на філфаку была запланавана паездка ў Маскву і Ленінград, але, як на бяду, адмянілі. Як стыпендыю за тройкі... Аднак не гэта асноўнае. Асноўнае — што мы студэнты апошняга курса. Яшчэ годзік — і мы вольныя птахі. Паляцім хто куды...