Выбрать главу

21.06.1952

Учора з Баранавіч дабіраўся дадому на машыне. Ехаў адзін, адправіў Антановіча на аўтобусную станцыю (яму на Слонім), а сам пайшоў на Нясвіжскую вуліцу, каб знайсці спадарожную машыну, бо прыгараднага цягніка трэба чакаць да самага вечара.

Каля кантрольнай будкі, у якой звычайна сядзяць рэвізоры, чакаў тры гадзіны. Нейкі шафёр ехаў у Начу цераз Ляхавічы, узяў і мяне. Грузавік-пяцітонка імчаў ваўсю. Перада мной на пустых скрынках падскокваў стары дзед з рэдзенькай сівай барадою і чырвоным носам. Шыя яго, худая і доўгая, была голая, каўняра ў старамодным бурносе, падпяразаным путам, ён чамусьці не настаўляў, а торбу, якую трымаў за плячыма, таксама ўсю дарогу не зняў, хоць там ляжала, можа, з пуд хлеба. Я добра прагаладаўся, і гэты смачны хлебны пах не даваў мне спакою ўсю дарогу — аж да Ляхавіч, дзе стары злез.

З Ляхавіч выехалі на не знаёмую мне дарогу, пачалі загінаць на поўдзень, і мне ўвесь час рупіла думка, што шафёр мог памыліцца — і замест трох кіламетраў мне давядзецца тупаць да Жарабковіч больш дзесяці.

Але пасля дарога звярнула ўлева, мы праехалі праз лес, і я ўбачыў вёску Перахрэсце, ад якой не так ужо далёка да станцыі.

Шафёр спыніў грузавік.

Я пайшоў поплавам і хутка выбраўся на чыгунку. Прайшоў па шпалах кіламетры са два, а пасля супроць Яцкаўшчыны забраўся ў выемку ля насыпу і, стомлены дарогаю, адразу заснуў. Разбудзіла маторная дрызіна. У тры гадзіны я ўжо быў дома.

Дома застаў усіх: бацьку, маці, малодшага брата. Не хапала толькі Зосі, сястры. Калі яна вернецца? Па закону — праз тры гады. Два ўжо адбыла. Маці ўвесь час чакае. Расказвае мне: сніла сон, што Зося білася з усімі дамашнімі. Чакай, што скора прыб’ецца.

Маці гаворыць: тры гады ёй прыйдзецца гараваць. Пабачым. Перад гэтым я напісаў заяву ў Вярхоўны суд БССР, але адказ расчараваў мяне. Таму пісьмо ў Маскву пасылаў ужо без той веры, якая была раней. Але верыць трэба, інакш нельга... Горш за ўсё, што Зося хворая, увесь час у яе трымаецца нізкая, «гнілая» тэмпература. Можа, якраз гэта самае важнае, за што трэба ўхапіцца? Неяк трэба яе ратаваць. Але як?

30.08.1952

Мне часта даводзіцца быць у дарозе аднаму, адзіноту трудна пераносіць заўсёды, але сёння чамусьці мне асабліва цяжка.

Раніцай Коля праводзіў мяне на станцыю. Ісці кіламетраў пяць. Ён нёс мой чамаданчык, гэты раз даволі цяжкі: пазычанае сала, усмажаны гусак, яблыкі, кавалак дамашняга хлеба, які вельмі люблю.

Я адбіраў у Колі чамаданчык, а ён не даваў, хоць ужо добра змарыўся. Нас праводзіў наш верны вартавы Мурза, пярэсты здаровы сабака, які мяне памятае яшчэ са школы. Ён не ішоў за намі, а гойсаў пры дарозе, па кустах, па ржышчы, усё нешта вынюхваў, ганяўся за птушкамі, пасля падбягаў да мяне, цёрся аб ногі, пазіраў на мяне сваімі разумнымі вачыма, нібы хацеў нешта сказаць, і зноў, высалапіўшы язык, пускаўся наперад.

Мінуўшы Яцкаўшчыну — палавіну дарогі,— я ўгаварыў брата вярнуцца. Ён быў сумны, на развітанне сказаў, што мне зайздросціць. Я супакоіў яго, як мог, пажадаў поспехаў у вучобе.

Узышоўшы на насып, я пакрочыў адзін. Праз колькі часу азірнуўся — за мною па шпалах трухаў сабака. Дзіўна, што ён не апярэджваў мяне: відаць, не хацеў трапляць на вочы, бо ведаў, што я буду крычаць на яго. Заўважыўшы, што я азірнуўся, ён вінавата апусціў галаву, падцяў хвост і неяк сарамяжліва-асцярожна падбег да мяне, пачаў лашчыцца ля ног, нібы прасіў дараваць свавольства. У мяне зашчымела сэрца, горкі камяк падступіў да горла. Я не закрычаў на яго, а адчыніў чамаданчык і аддаў яму свой сняданак, які маці падрыхтавала мне на дарогу. Ён з’еў, здавалася, толькі для таго, каб не пакрыўдзіць мяне, нясмела пазіраў мне ў вочы і чакаў.

Я паляпаў сабе па калене, ён усё зразумеў, ускочыў мне лапамі на грудзі, лізнуў цёплым языком шчаку, завіляў пушыстым чорным хвастом, а лапамі, як рукамі, стараўся абхапіць мяне за шыю.

У блішчастых глыбокіх вачах яго свяцілася нявыказаная радасць. Сабака лашчыўся да мяне, ціха скавытаў, нібы прасіў мяне вярнуцца.

Я патрапаў яго за вушы, ён яшчэ раз лізнуў мяне ў твар, заскакаў, прыпадаючы аж на жывот, радуючыся, як малое, што я зразумеў яго і вярнуўся дадому, да іх.

— Ідзі дадому, Мурза! Ідзі! — I я паказаў яму на дарогу.— Марш!

Ён спахмурнеў адразу, зноў стаў вінаваты і прыніжаны, прыгнуў галаву і нехаця адышоўся на некалькі крокаў ад мяне, але азірнуўся і стаў, нібы чакаў, што я адумаюся і паклічу яго зноў.

— Ідзі! — крыкнуў я мацней, хоць мне балела сэрца крычаць на яго.— Я вярнуся, ідзі!