Ён няўпэўнена, раз-пораз азіраючыся, пайшоў назад, напэўна, несучы ў сэрцы крыўду на чалавека, які не зразумеў яго і не схацеў прыняць яго вернай дружбы.
Доўга ўсё гэта сядзела ў маёй галаве...
Цяпер я ў Стоўбцах на вакзале — сяджу адзін, чакаю, пакуль прыгарадны пойдзе на Мінск. Нехта вельмі разумны пісаў расклад руху прыгарадных цягнікоў. У Стоўбцах трэба праседзець больш пяці гадзін, едзеш ты з Баранавіч у Мінск ці з Мінска ў Баранавічы — усё роўна. Іншыя не сумуюць — іграюць у карты, заводзяць дарожныя раманы...
Думкі розныя, і перш за ўсё аб доме. Ехаў і баяўся, што бацькі скажуць кідаць вучобу — няма чым памагаць. Ажно не — неяк яшчэ мацуюцца. Бацька дык крывіцца, бо яму цяжэй, а маці гатова апошняе аддаць, залезці ў даўгі, каб толькі яе дзеці не галадалі.
Цяпер пасылкі трэба слаць у два канцы — мне і сястры. І яны шлюць — адрываюць ад свайго рота і шлюць...
Думаю аб Галі. Думкі то сумныя, то вясёлыя. Цікава, як яна сустрэне мяне? За ўсе канікулы прыслала толькі адзін ліст, у той час як я закідваў яе сваімі «пасланнямі». Але што гадаць? Хутка ўсё высветліцца. Засталося ўсяго некалькі дзён...
Паслязаўтра — першы дзень заняткаў. Апошні курс! Ці прыехалі ўжо хлопцы? Малец у студкоме — павінен ужо быць там, цяпер якраз здаюць новы інтэрнат. Апошні курс...
31.08.1952. 24.00.
Можаш павіншаваць мяне, Галка: я ў новым пакоі, у новым інтэрнаце. Ты не ўяўляеш сабе, якая гэта для нас радасць! Пяты курс, новы інтэрнат. Чаго больш хацець! У мяне аж кружыцца галава — ад радасці і ад таго, што сёння адзначалі сустрэчу — гэтулькі часу не бачыліся! Нават выпілі трохі: за сустрэчу, за новыя поспехі, за ўсё добрае, што чакае нас наперадзе.
Вось усе — амаль што ўсе — трохі прыціхлі, а я прысеў ля тумбачкі і пішу гэтыя радкі табе, хоць ты, магчыма, іх ніколі не прачытаеш, бо гэта я пішу для сябе.
Дык вось, мы будзем жыць у новым інтэрнаце па Свярдлова, на трэцім паверсе, пакой 77. Усе хлопцы застаюцца тыя ж, што і на Нямізе.
Наогул у нас усе хлопцы ў пакоі сабраліся неблагія. Дай бог пабольш такіх! Не ведаю толькі, ці датычыцца гэта і мяне: аб сабе цяжка меркаваць.
Але ці не занадта я разышоўся? Я ж думаю пра цябе. Дзе ты будзеш жыць? Я, дурань, не паглядзеў спісаў. А ўвогуле ў мяне нейкае нядобрае прадчуванне, што ты ўжо зусім сюды не прыедзеш! У галаву лезуць розныя неадчэпныя думкі, не даюць спакою. Можа, што здарылася? Ці ты проста хочаш павадзіць мяне за нос, пажартаваць, як жартуе кот з мышшу, ці пасмяяцца з мяне?
Хачу бачыць цябе, хачу пачуць твой голас, пасядзець побач з табой, абняць цябе, цалаваць твае вусны — цёплыя, свежыя, салёныя ад ветру і нарачанскай вады. Як добра быць удваіх і на момант забыць аб усіх клопатах, бачыць і адчуваць толькі цябе адну, толькі цябе!
3.09.1952
Учора днём і вечарам я быў сам не свой. Мне сумна, цяжка. Чаму? Я ж бачыў цябе, гаварыў. Але чамусьці не стала лягчэй. У мяне расце жаданне сказаць табе: «Або-або». Нешта ты тоіш, нечага не дагаворваеш. Не кахаеш? Дык чаго таіцца? Скажы проста, не саромейся і не бойся. Скажы самае страшнае для мяне — і яно будзе лепш, чым тая няўпэўненасць, якая скапілася ва мне цяпер.
Я цяпер заўважыў тое, чаго раней не заўважаў. Ты не хочаш быць са мною на людзях: табе тады непрыемна, ты адчуваеш сябе скавана. Можа, таму, што апрануты не так добра, як другія, што прыехаў у тым жа кіцелі — стыпендыя пайшла на другое,— што на нагах брызянтовыя туфлі — самыя танныя ў магазіне? Ты ніколі не спытала ў мяне, як я жыву, ці памагаюць мне бацькі. Відаць, для цябе гэта нікчэмныя пытанні.
Але ўсё гэта не тое, не!
10.09.1952
Сёння ноччу кепска спаў. Баліць галава. Учора цэлы дзень жыў сустрэчамі. У шэсць вечара засядалі ў прафкоме, гаварылі пра падрыхтоўку да юбілейнай канферэнцыі студэнцкага навуковага таварыства. Праз акно бачыў цябе, ты сядзела на падаконніку ў хімкорпусе і чытала кнігу. Шкло было няроўнае, яно касабочыла, крывіла цябе, нібы знарок робячы непрывабнай. Але я ўсё роўна бачыў цябе такою, як ты бываеш заўсёды.
У дзевяць гадзін я ўжо быў вольны і зайшоў у ваш інтэрнат. Дзяўчаты сказалі, што ў вас вечар сустрэчы з першакурснікамі, што яны ідуць зараз туды, у наш клуб, а ты ўжо там. Я пайшоў разам. Праз адчыненыя дзверы я ўбачыў цябе, ты мяне. Мы толькі кіўнулі галовамі. Ты надта ўжо ўважліва слухала пяцікурсніка, які даваў «настаўленні» тым, што нядаўна сталі студэнтамі.
Я не захацеў цябе турбаваць і пайшоў у кіно.
Да пачатку сеанса, на шчасце, заставалася ўсяго дзесяць хвілін, але і яны мне падаліся вечнасцю. Я круціўся на крэсле, усё ніяк не мог выбраць зручнае позы.