У думках я бачыў цябе на лаўцы ў клубе. Ты ўважліва слухаеш даклад... Чаму нам не сядзець побач тут ці там? Я пачынаў спрачацца з табою, думкі абрываліся, я зноў бачыў белы пусты экран, і адчуванне, як марудна цягнецца час, пякло мяне агнём. Нарэшце такі святло патухла, ажыў экран. Амерыканскі фільм «Уцёкі з катаргі»... Здаецца, я ніколі так не разумеў героя фільма, як сёння, не дрыжаў за яго лёс, не радаваўся за яго поспехі... Вось табе хвалёны «амерыканскі лад жыцця»! Беспрацоўны чалавек вымушан стаць хаўруснікам злачынцы, яго адпраўляюць на катаргу. Пахавальны звон ланцугоў. Якая жудасная музыка! Ад яе проста стыне кроў!
Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень. Думкі аб Галі, кіно...
І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Здаецца, я збіраюся жаніцца з Галяй. Засталося толькі схадзіць у загс. Але мяне арыштоўваюць, груба, бесцырымонна — нібы я хацеў забіць старшыню студкома за тое, што хоча ўсяліць у пакой чужога чалавека. Я не прызнаю сябе вінаватым, але дарэмна — мяне адпраўляюць на катаргу. Абставіны — з амерыканскага фільма. Як пахавальная мелодыя — звон ланцугоў. Здзекі, пабоі... Гэта ў мяне з плячэй ашмоццем злазіць скура пасля катавання, але маўчу, як камень... Пасля спрабую ўцякаць. Негр-гігант згінае на рэйках бранзалеты нажных кайданоў, я вызваляюся з жалезных путаў. Пагоня... Абвалы, завалы, жыццё на валаску. Урэшце адрываюся ад пагоні. Я ў Мінску, хачу схавацца ў каго-небудзь, але ў каго? У Галі, толькі ў яе! Я бягу ў інтэрнат. На шчасце, яна адна ў пакоі — сядзіць на падаконніку і чытае кніжку. Здаецца, «Затерянный мир» Конан-Дойля... Галя рада, што я вярнуўся, яна абдымае мяне і цалуе, пытае, адкуль я ўзяўся. «Галка, я ўцёк. Мяне шукаюць. Схавай мяне». Яна паказвае мне пад ложак. Я чую шум на калідоры, грукат цяжкіх ботаў, задыханыя галасы людзей: «Сюды, сюды!» Кідаюся пад ложак, прыпадаю да самай сцяны, не дыхаю... Бразгаюць дзверы, цяжкія крокі набліжаюцца да нас. «Лэдзі, тысячу прабачэнняў за турботы,— гучыць басавіты, як з бочкі, голас, і ў такт словам бразгаюць пагрозліва сталёвыя наручнікі.— Праваліцца мне з трэцяга паверха вашага катэджа, калі вы не бачылі ў сваім пакоі толькі што маладога хлопца — сярэдняга росту, чарнявага, худога з твару, апранутага дрэнна, са слядамі на нагах ад такой вось штучкі». Металічны звон кайданоў зліўся з яго халодным раскацістым смехам... Я чакаю, як збавення, яе голасу, ён павінен быць рэзкі, сухі, як пісталетны стрэл ці ўдар плёткі: «Вон адгэтуль, тут нікога няма!» Але што я чую? У мяне заварушыліся валасы на галаве, і ўвесь я пакрыўся ледзяным потам. «Ён тут. Вазьміце яго...» Голас ціхі, пакорлівы. «Ах ты!!!» — Я дзіка крыкнуў і прачнуўся. Страх паволі пакідаў маё змардаванае цела...
Той увесь дзень я праляжаў у пасцелі. Гарэла галава, слабасць скоўвала цела. Хлопцы хацелі паклікаць доктара, але я папрасіў пачакаць да заўтра.
21.09.1952
Я не пайшоў на спатканне. Ты мо будзеш лаяць і даказваць, што я вінаваты. Тады я пакажу табе сведак. Во яны, сведкі,— мазалі на маіх руках.
...Гадзін у дванаццаць у наш пакой нехта пастукаў. Ярошка, які якраз галіўся і збіраўся некуды ісці, бо ў нядзелю кожны скарыстоўваў свой час, як яму хацелася, крыкнуў у дзверы, што лепш галавою. Гэта быў яго любімы наказ усім, хто строіў з сябе інтэлігента і стукаў у дзверы. На здзіўленне, парог пераступіў ужо даволі ў гадах чалавек, худы і стомлены, апрануты ў палінялую салдацкую форму без пагонаў, у кірзавых ботах, з такой жа кірзавай сержанцкай сумкай у руках. Без усялякіх «уверцюр» ён спытаў прастуджаным голасам, ці хочам мы зарабіць сёння па паўсотні рублёў. Пакуль мы моўчкі глядзелі на яго, як на дзівака, ён растлумачыў, што прыехаў са станцыі Козырава, хоча завербаваць хлопцаў на пагрузку збожжа ў вагоны. Работа лёгкая, падавай толькі шуфлем зерне на транспарцёр.
Ярошка адмовіўся, сказаў, што заняты. Адразу згадзіўся я,— трэба было аддаваць даўгі, грошы патрэбны; за мной — Антановіч. Малец ужо недзе пайшоў. Крыху падумаўшы, згадзіўся і Рак — паўсотні рублёў на дарозе не валяюцца, да таго ж гэта было перад самай стыпендыяй.
Праз колькі хвілін, пераапрануўшыся, мы выйшлі з інтэрната. На вуліцы чакала грузавая машына. Сабралася ўсіх чалавек пад дваццаць. Паехалі...
Даўжэзныя дашчаныя склады ў Козыраве былі завалены збожжам.
У нашай групе з дзевяці чалавек быў Рамашка з фізмата і яшчэ некалькі незнаёмых хлопцаў з малодшых курсаў. Трэба было насыпаць два вагоны жыта. Здавалася, гэта не так ужо і многа.
Узяліся мы дружна, стужка транспарцёра аж прагіналася, несучы ў вагон бясконцую плынь жытніх зярнят. На дне склада яны ўжо рабіліся гарачыя, і пералапачваць збожжа трэба было абавязкова, інакш згарыць.