Выбрать главу

Праз нейкі час пачалі балець плечы, лёгкая драўляная лапата рабілася ўсё цяжэйшай і цяжэйшай, а ў прыёмнік транспарцёра ішоў ужо не такі густы струмень. Хлопцы часцей сталі адпачываць, выбягалі на двор падыхаць чыстым паветрам і прачысціць насы ад пылу. Праз некалькі гадзін мы недалічыліся двух чалавек.

У гадзін пяць прыйшоў наш вярбоўшчык праверыць, як ідзе работа. Паглядзеў у вагон, пасля зайшоў на склад.

Да гэтага часу мы ўжо добра прагаладаліся, бо выехалі сюды перад абедам, ды і грошы з сабою былі не ва ўсіх. Што рабіць? Ён сказаў, што калі так, то выдасць аванс па чырвонцу, тут недалёка ёсць буфет, дзе можна перакусіць. Мы з радасцю згадзіліся і праз некалькі хвілін ужо дружна, забыўшыся пра стомленасць, накіраваліся ў буфет. На жаль, у ім нічога добрага не было — толькі грыбная салянка, сыркі, чорны хлеб і ліманад. Прагаладаліся мы такі здорава, і ўсё гэта падалося нам лепш за ўсякія прысмакі.

Пасля яды і адпачынку работа пайшла дружней, але толькі сшарэла — і мы з жалем заўважылі, што наша брыгада зменшылася яшчэ на двух чалавек, у тым ліку прапаў і Рак. Амаль тое ж самае было і ў другой групе. З такой жа лёгкасцю, як і згаджаліся, кідалі хлопцы гэтую работу, не шкадуючы ні страчанага часу, ні тых грошай, якія ім абяцалі.

Перш чым пачынаць другі вагон, доўга спрачаліся. Два незнаёмыя хлопцы схільны былі кідаць работу. Рамашка, Антановіч і я даказвалі, што трэба трымаць слова. Хлопцы згадзіліся, але хутка іх след прастыў. Засталіся мы, апошнія магікане. А работы яшчэ было многа, на тры чалавекі хопіць да поўначы. Але мы не думалі кідаць. Не з-за тых грошай, а проста з-за прынцыпу : няўжо мы такія слабакі?

Мне запомніцца той вечар на ўсё жыццё. Гэта была выключная па ўпартасці барацьба мускулаў і нерваў з часам і стомленасцю. Мы працавалі як апантаныя. Нашы рукі, як механічныя граблі, не перастаючы, кідалі і кідалі на бясконцую стужку транспарцёра цяжкія, як свінцовыя, зярняты. Я пазіраў на Рамашку, на Антановіча, бачыў іх стомленасць, адчуваў і сам, што слабею з кожнай хвілінай, але мы не здаваліся. У той вечар я зразумеў, што значыць сказаць сабе: трэба! Тады сіла бярэцца невядома адкуль. Здаецца, яе ўжо няма, але ты ведаеш, што табе яшчэ няможна расслабляцца, бо ўперадзе яшчэ многа работы,— і трываеш.

Апошнія сілы... Здаецца, вось-вось упадзеш. Не адчуваеш нічога — усё чужое, усё не слухае цябе: суставы рук і ног нібы заржавелі, нібы высахла ў іх уся «змазка», і ты, здаецца, адчуваеш, як яны рыпяць. У галаве пустата, толькі нейкі нясцерпны шум і звон — ад стомленасці ці ад нуднага выцця матора. Шорхае, скрыгіча на катках чорная бясконцая стужка транспарцёра, шалёна імчыць угору тую бедную жменю зярнят, якую ты непаслухмянымі рукамі падсунуў у прыёмнік. К чорту! Даволі! Навошта сябе мардаваць? Хто нам скажа за гэта дзякуй? Яшчэ будуць смяяцца, як з апошніх дурняў...

Думаю, што такое жаданне было не толькі ў мяне аднаго. Але ўголас мы не сказалі ніводнага слова, якое выдала б нашу часовую слабасць. Мы выстаялі да канца!

Стомленыя да мяжы магчымага, але шчаслівыя, позна ноччу мы вярталіся дадому, у інтэрнат, несучы ў сэрцах радасць нялёгкай перамогі.

25.09.1952

Ой, які я кепскі псіхолаг — проста смех! Учора мы пагаварылі па-чалавечы, нарэшце зразумелі адно аднаго.

Аказваецца, ёсць людзі, якім не да спадобы наша дружба. Такім чалавекам аказаўся наш агульны знаёмы — Краска, трохі паэт, а ўвогуле аматар плётак і брудных жартаў, зямляк тае самае дзяўчыны, што гуляла з Галяй Абушэнка па праспекце другога мая. Я яго і не ведаў бы, ды здарылася так, што Краска неяк у пачатку верасня зайшоў у наш пакой спытаць, калі збіраецца літаратурны гурток. Сяды-тады ён прыходзіў да нас на філфак, хоць сам быў географ, і прыносіў свае вершы. Пасля канікул ніхто яшчэ нічога не ведаў. Антановіч, стараста гуртка, не паспеў дамовіцца з кіраўніком.

З першага дня Краска не спадабаўся мне сваім бойкім языком, жаданнем залезці ў чужую душу.

Цяпер мяне ён лічыў амаль што сваім сябрам, мы часта сустракаліся ў хімкорпусе: ён прыходзіў да свае зямлячкі, я да Галі — дзяўчаты жылі ў адным пакоі.

Ён падаваў мне сваю вялікую руку з доўгімі пальцамі і, задраўшы ўгору нос, пытаў у мяне заўсёды адно і тое ж: «Ну, як поспехі?» — укладваючы ў гэтыя словы аднаму яму вядомы сэнс. А я, па сваёй наіўнасці, адказваў як пад настрой: калі — «няважныя», калі — «можаш пазайздросціць», а калі проста пасылаў яго да д’ябла.

У той вечар у пакоі ён таксама, як у старога прыяцеля, спытаў: «Ну, як поспехі?» —і паказаў свае не надта прыгожыя зубы.