«Цябе гэта вельмі цікавіць?»—не дужа ветліва спытаў я. Ён хітра абышоў пытанне, стаў выкручвацца і ўрэшце, перайшоўшы на павучальны тон, сказаў, што з ёю, гэта значыць, Галяй Абушэнка, трэба дзейнічаць смялей, яна не любіць сантыментаў, уздыханняў і г. д. «Гэта я добра ведаю»,— самаўпэўнена закончыў ён.
Я сядзеў на ложку, але пры апошніх словах Краскі мяне нібы падкінула: я ўскочыў і схапіў яго загрудкі. Спачатку хацеў даць у морду, але пашкадаваў: ён быў тонкі, кволы, што яго біць? Толькі страсянуў трохі і сказаў, што калі ён яшчэ раз заікнецца дзе-небудзь пра Галю, то дастану з яго душу. Ён вінавата захіхікаў, затараторыў, як п’яная кума, сто разоў папрасіў прабачэння і стаў развітвацца, узяўшы з мяне слова, што гэтая гутарка застанецца між намі.
Цяпер аказалася, што ён сам расказаў аб гэтым здарэнні, хоць не Галі, а сваёй зямлячцы, а тая ўжо — Галі. Заўсёды так: хто першы, той лепшы. Ён выставіў сябе абаронцам яе гонару, а мяне — пашляком і цынікам. І апраўдвацца трэба было мне! Вось калі я пашкадаваў, што не набіў яму морды.
Аказваецца, Краска ў іх часты госць, і Галя лічыць, што ходзіць ён не для таго, каб праведаць зямлячку, а мець прычэпку бачыць яе, Галю. Мне нават здалося, што Галя ведае больш, чым гаворыць...
Цяпер я зразумеў, навошта ён чарніў мяне ў яе вачах, а мне нагаворваў на яе. Гэта стары, як свет, спосаб пасварыць людзей, зрабіць іх ворагамі.
О, вужака! Цярпець не магу такіх людзей, якія б’юць ззаду, з-за вугла, а то яшчэ і чужымі рукамі.
2.12.1952
Збоку, зусім спакойна і стрымана хочацца глянуць на гэтую гісторыю.
Два тыдні назад было звычайна, як бывае паміж маладымі людзьмі. Ён хадзіў да яе ў інтэрнат, чакаў на лесвіцы. На людзях быў хмурны, маўклівы, без «сведак» — пяшчотны і шчыры. Развітваючыся, пытаўся: «Калі ўбачымся?» ці «Прыйду ў суботу, у восем?» Яна адказвала: «Не ведаю», «Будзе відаць», «Як хочаш». На гэтым яны разыходзіліся. Ён з нецярпеннем чакаў суботы, а калі яна прыходзіла, не радаваўся, што яму трэба ісці на спатканне.
Чаму? Каб адказаць на гэтае «чаму», трэба трохі вярнуцца назад.
Было гэта ў маі, адразу пасля знаёмства. Яны сядзелі вечарам у скверыку. Гутарка выпадкова зайшла пра замуства. Яна, нібы гаворачы не пра сябе, даказвала, што ніколі не зможа закахацца. Ён не прымаў гэта за чыстую праўду, а хутчэй за жарт, таму гэтак жа лёгка, як яна сказала, падвёў вынік, што ёй пагражае адзінота і незайздросны лёс старое дзеўкі. Толькі ён паспеў прамовіць апошняе слова, як яна рэзка павярнулася, скінула з пляча яго руку, вочы яе бліснулі злосцю.
— Вось як! Ты палохаеш, што я не выйду замуж?
І яна замоўкла, нібы набрала вады ў рот.
Яго гэта адразу ашаламіла, ён разгубіўся і не ведаў, што рабіць. Калі яна так раззлавалася, значыць, ён сказаў нешта сапраўды вельмі кепскае, грубае, абразіў яе. Але што ён такое сказаў? Не лепшае і не горшае, чым тое, што сказала яна сама...
Яна сядзела насупіўшыся, адвярнуўшыся ад яго і пазірала некуды ў неба, на якім ледзь мігцелі рэдкія зоркі, а ён доўга ўгаворваў яе не злаваць, ламаў галаву і гадаў, што ж тут такое, чаму чалавек можа гэтак раптоўна перамяніцца?
А ноччу, лежачы ўжо ў пасцелі, ён доўга думаў над гэтай падзеяй. І праўда, для яго гэта была падзея — мо таму, што кепска яшчэ ведаў, якія могуць быць людзі, а такую «дзяўчыну з характарам» сустракаў упершыню. Ён думаў: «А мо гэта выпадковасць?»
Ды не! Пасля ён заўважыў, што моманты гневу і нястрыманасці ў яе характары — звычайная рэч. Яна ўспыхвала, як порах, ад адной іскры, з-за любога глупства, і нельга было адгадаць і прадбачыць, дзе гэта будзе і калі. Такія яе выбрыкі не ўкладваліся ў яго ў галаве. Сапраўды, разрывацца ад злосці таму, што ён моцна сціснуў яе далонь на развітанне? Ці пацалаваў тады, калі яна сказала «досыць»?
Рэдка які вечар праходзіць без такой «вясёлай» сцэны, рэдка ў яго сэрца на месцы. Патрохі збіраецца гнеў. І не за гарамі час, калі ён разнясе абручы цярпення.
Ён ідзе да яе і думае: як сустрэне яна яго сёння? Можа, не выйдзе зусім? Ці будзе вясёлая і добрая? Не, хутчэй за ўсё капрызная і сярдзітая...
Дык дакуль гэта будзе і навошта яно ўсё?
«Колькі чалавеку трэба для шчасця»
Вось і Новы год грукае ў дзверы. Які ён будзе? Што абяцае? Што новае падаруе людзям?
Кожны Новы год чалавек сустракае з надзеяй на тое, што бліжэй стала да яго запаветнае мэты, а тое, што не спраўдзілася ў тым годзе, павінна спраўдзіцца ў гэтым. Новы год — гэта нейкая вяха, надзея на новае.
Хлопцы з 77-га пакоя чакалі ад Новага года перш-наперш дыпломаў. Але дыплом што? Яго пакладзеш на дно чамадана, і там ён будзе гадамі ляжаць. Галоўнае тое, што яны канчаюць вучобу і выходзяць у людзі, становяцца на свае ногі. Расчыняюцца дзверы ў шырокі свет. І страшна, і шкода разлучацца з тым парадкам, з тым ладам жыцця, да якога прызвычаіўся за пяць год. А цяпер? Цябе кіне ў бурлівую паводку, памчыць, закружыць, панясе невядома куды.