Выбрать главу

— Не, не ведаў,— шчыра прызнаўся Русіновіч. Яго ўразіла навіна, якую ён пачуў ад Мальца. Але чаму ён павінен чуць яе ад Мальца? Чаму не ад самой Галі?

У дзверы пакоя пастукалі. Зайшоў Рамашка. Павітаўся, сеў ля стала. Быў ён святочна апрануты, паголены, свежы.

— Што скажаш? — спытаў Малец.

— Нічога, зайшоў паслухаць, мо вы што разумнае скажаце.

— Якраз трапіў у час. Тут проста раскідаюцца розумам.

— Рана пачалі... Каб пасля не трэба было падбіраць.

Ён усміхнуўся, паглядзеў на Русіновіча, падміргнуў яму і падсеў да яго на ложак, бо Русіновіч ляжаў ужо на коўдры і чытаў патрапаную і пажоўклую, без першых і апошніх старонак, кніжку.

— Што за дапатопная літаратура? — спытаў Рамашка.

— А ты амаль што ўгадаў. Быў такі цікавы пісьменнік і крытык Максім Гарэцкі. Чуў?

— Не, не чуў. Але ці мала іх было?

Хлопцы натапырылі вушы, кожны адарваўся ад свайго занятку, нават Рак падняў галаву ад падушкі.

— Што ты там вярзеш? — спытаўся Ярошка.— Гавары, каб усе чулі.

— Чаго захацеў, дзівак... Я кажу, што наламалі тады дроў...

— Адкуль ты ведаеш?

— Людзі... Ды і я сёе-тое памятаю...

Хлопцы акружылі Рамашку.

— Хіба табе давялося?..

Рамашка памаўчаў.

— Мой бацька быў настаўнікам фізікі, любіў радыётэхніку... Майстраваў сам прыёмнікі... Ну, яго ўзялі... Першы раз пусцілі, а другі — як у ваду кануў...

— А як жа ты пралез праз іголчына вушка з такім вузлом на хвасце? — першы парушыў цішу Ярошка.

— Якое вушка? — ускінуў густыя бровы Рамашка.

— Ну, мандатную камісію...

— Прынялі... Не адзін я такі. Ды, урэшце, у мяне быў срэбны медаль.

— Эх ты, а ніколі раней нават не заікаўся,— пакрыўдзіўся Антановіч.— Збоку здаецца — шчаслівей за цябе няма чалавека.

— А што скардзіцца ці плакаць? Гісторыя няўмольная, як лёс... Я да Старога прыйшоў, ды не пра тое пачаў. Хачу табе нешта сказаць,— зашаптаў ён Русіновічу на вуха.

— Кажы смела! Хіба ёсць яшчэ большы сакрэт за той, што ты нам расказаў? — у звычайных умовах намёк Рамашкі на нешта патаемнае ўсхваляваў бы Русіновіча, а цяпер ён быў зусім абыякавы. Усе яго вялікія і малыя клопаты памерклі раптам перад цяжкім лёсам іх блізкага таварыша, пра якога яны, здавалася, ведалі ўсё да кроплі.

— Добра...— Рамашка перайшоў да стала, сеў.— Мне Коля Ярошка з геафака сказаў, ён пачуў недзе на курсе, што той паэт, як яго? Краска... пускае пра цябе, Стары, розныя плёткі. За што гэта? Што вы не падзялілі?

Русіновіча нібы аблілі кіпятком. Ён усхапіўся з ложка.

— Недазволеныя прыёмы — гэта яго прафесія. Інакш ён не можа, сабака! — Але хутка супакоіўся і больш лагодна сказаў: — Хай вярзе што хоча. Што мне да таго?

— Дык гэта мо з-за той дзяўчынкі?

Русіновіч нібы не пачуў пытання.

— З-за яе свет гарыць! — адказаў за Русіновіча Малец.— І каб было з-за чаго. Бывае ж так! Дзяўчат поўна, і прыгожых, і ўсякіх, а тут раптам свет клінам сышоўся на Галцы Абушэнка.

— Табе жарты,— паспачуваў Рамашка,— а хлопцу лішнія непрыемнасці... Але, як я бачу, нешта ён інертны. Я думаў, што для яго гэта будзе зарадкай на... Ну, хоць на месяц.

— А, глупства,— махнуў рукою Русіновіч.— Не варта нават гаварыць.

Рамашка пайшоў. Хлопцы ўлягліся спаць. Запанавала цішыня, але Малец чамусьці ўспомніў перарваную ўжо каторы раз размову, спытаўся ў Ярошкі:

— Слухай, прарок, а чаму ты мне не пагадаў наконт грошай?

Ярошка заварушыўся, заскрыпеў спружынамі.

— Магу, пяхота, нават бясплатна. Вось як у цябе будзе: будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы.

— А каб табе язык адсох, бацю, за такое прароцтва,— вылаяўся Малец і заціх.

Сюрпрызы навагодняга вечара

Да Новага года заставалася дзве гадзіны. Хлопцы сабраліся ў сваім пакоі, было тут яшчэ некалькі студэнтаў з іх курса — Дзмітэрка, Касцюковіч і, як свой чалавек,— Рамашка. Выпілі толькі па чарцы, каб трохі было весялей, ды і павячэралі — апошні раз у старым годзе.

Святочны вечар быў у хімкорпусе, у вялізнай спартыўнай зале. Пасярэдзіне стаяла высокая, амаль да столі, ёлка, пераліваючыся агнямі ўбранства. Народу было многа: і сваіх, і чужых, мільгалі афіцэрскія пагоны і гальштукі, дзяўчат зусім нельга было пазнаць — так змянілі іх святочныя ўборы.

Хлопцы таксама апранулі ўсё, што было лепшага, адпрасавалі гарнітуры, начысцілі чаравікі.

Русіновіч сёння скінуў кіцель і фарсіў у Ярошкавым падношаным касцюме, гальштук і белую рубашку ўзяў у Рамашкі. Хлопца было не пазнаць. Выглядаў ён ледзь не гарадскім франтам.