Выбрать главу

Ярошка, Антановіч, Малец, Рак, Рамашка і ўсе астатнія — былі як на падбор: прыгожыя, вясёлыя, дасціпныя, хоць сярод астатняй публікі крыху вылучаліся прастатой вопраткі. Сталі шукаць дзяўчат са свайго курса, але іх не было, а калі і былі, то ўжо з хлопцамі. Неяк так выходзіла, што свае дзяўчаты мелі хлопцаў з другіх курсаў або зусім з чужых інстытутаў. І ў гэтым нельга было вінаваціць дзяўчат, а хутчэй за ўсё хлопцаў, бо яны, як закон, ніколі не выбіралі сабе дзяўчат на сваім курсе. Гэта нават цяжка было вытлумачыць. Мо таму, што адны другіх ведалі навылёт.

Зала была высозная, вялізная, прасторная, як стадола, ля сцен сціпла туліліся спартыўныя прылады — сёння было не да іх. У кутку стаялі коні, казлы, брусы і перакладзіны, а высока пад столлю віселі кольцы. Яшчэ гады два назад сюды часта прыходзілі Антановіч з Русіновічам, займаліся ў гімнастычнай секцыі, потым кінулі яе і перайшлі ў літаратурны гурток.

У другім кутку залы на лаўках размясціўся студэнцкі духавы аркестр. Моладзь стаяла пераважна парамі або купкамі па некалькі чалавек, усе былі вясёлыя, узбуджаныя, смяяліся і азіраліся навокал, нібы яшчэ кагосьці чакалі.

Хлопцы, зірнуўшы сюды-туды, пачалі шукаць каго хоць з другіх факультэтаў, а самы знаёмы ім быў пяты геафак, дзе быў студэнтам Коля Ярошка, зямляк і далёкі сваяк Міхася Ярошкі. Пяты геафак быў бедны на хлопцаў — усяго чалавек пяць і то ў большасці інваліды вайны, сямейныя людзі. Затое дзяўчаты там былі як на падбор, і ўсе нібы сёстры — русавалосыя, сінявокія, па-сялянску здаровыя. Каб не Коля Ярошка, хлопцы з 77-га пакоя, мусіць, ніколі не асмеліліся б падысці да такіх красунь, ды за чатыры гады вучобы даводзілася сяды-тады сустракацца з імі — у бібліятэцы, а то і на танцах, на вечарах.

Дзяўчаты з пятага геафака стаялі ля самай ёлкі. Хлопцы акружылі іх, утварыўшы вакол другое кола.

— З Новым годам, дзяўчаты! — павіншаваў іх Антановіч.— Нас да вас прыслаў Дзед Мароз. Не прагоніце?

— Калі ласка, калі ласка,— засмяяліся дзяўчаты.

Русіновіч увесь час неўпрыкмет азіраўся, шарыў вачыма па зале, цьмяна спадзеючыся знайсці Галю. Неяк так выйшла, што ён не ведаў нават, дзе яна будзе сустракаць Новы год. Можа, у брата — аднаго ці другога, а можа, і тут...

Грымнуў аркестр, пачаліся танцы. Хлопцы і дзяўчаты, што стаялі побач, як расталі, Русіновіч застаўся адзін. Каб не замінаць танцорам, ён паволі прабіраўся да выхада.

Выйшаў на пляцоўку, схадзіў у другі канец калідора, дзе размяшчаўся буфет. Тут таксама было людна: каму танцы, а каму што другое. Гарэлкі не прадавалі, толькі віно і піва. Аднак Русіновіч памыліўся, бо тут жа, глянуўшы на сталы, заўважыў, што Краска з нейкімі хлопцамі паміж піўных бутэлек маюць пляшку «Маскоўскай». Краска глянуў на Русіновіча, зрабіў выгляд, што не пазнаў, і тут жа, напусціўшы на твар вясёлую міну, нешта зашаптаў на вуха свайму суседу, здароваму смугламу хлопцу з кароткай шыяй. Той правёў Русіновіча вачыма і заківаў круглай, як футбольны мяч, галавою.

Да канца старога года заставалася менш гадзіны, Русіновіч накіраваўся зноў у залу, каб знайсці хлопцаў.

Зала гула, варушылася, як растрывожаны вулей, шорганне ног і гукі аркестра зліваліся ў адну невыразную мелодыю, праз якую прабіваліся, як першая вясенняя трава праз зляжалае лісце, асобныя галасы і смех. Моладзь весялілася, смяялася, жартавала, яна была бесклапотная, як вецер, перапоўненая да краёў шчасцем адчування вось гэтай вясёлай хвіліны,— і больш нічога не хацела прызнаваць. Гледзячы збоку на ўсіх, ніхто не падумаў бы, што тут, у гэтай масе, ёсць хто-небудзь няшчасны.

А чаму не смяяцца ў такі вечар? Грэх не смяяцца і быць такім посным, як ён, Русіновіч...

— Што задумаўся, Стары? Чаму не танцуеш?

Русіновіч азірнуўся: Ярошка з геафака. Усміхаецца, бліскаючы пярэднімі залатымі зубамі.

— Ты ж ведаеш, які я танцор,— сумна адказаў Русіновіч.

— Вучыцца ніколі не позна, гаворыць старая ісціна. Ты некалі зразумееш, як многа страціў, што не навучыўся танцаваць. Гэта сур’ёзна! — Ён усміхнуўся, а вочы ўсё роўна заставаліся сумныя.

— Ці гэтулькі мы трацім? Каб тое бяды, што не танцуем — і гора не было б.

Танцы танцамі,— яны ведалі, што гавораць не тое.

Коля Ярошка быў на рэдкасць чулы і добры хлопец, спакойны, пакладзісты, з ім прыемна і весела гаварыць, у яго заўсёды ёсць для чалавека цёплае слова спагады, а вось самога яго нельга суцешыць: у яго туберкулёз. Хлопец сохне на вачах. У яго ёсць дзяўчына, якую ён шчыра кахае, а яна яго,— і невядома, які лёс чакае іх наперадзе.