Выбрать главу

— Слухай, Коля, давай лепш вып’ем шампанскага за Новы год,— прапанаваў Русіновіч і ўзяў сябра за локаць.

Ярошка нібы ачнуўся ад задумлівасці і, махнуўшы рукою, сказаў:

— Давай! Чым чорт не араў, тым сеяць не стаў.

Яны пайшлі ў буфет, сталі ў хвост чаргі. Чарга пасоўвалася хутка: ніхто не таргаваўся, выбар быў небагаты.

— Ты стой, а я пайду паклічу Раю,— сказаў Коля і неяк стушаваўся.— Бяры грошы!

— Што ты? — заўпарціўся Русіновіч.

— Перастань, я ведаю, які ты багаты.

— Добра... Скажы там хлопцам, хай ідуць, а то спозняцца,— наўздагон сказаў Русіновіч.

Але хлопцы ўжо самі тут. Міхась Ярошка становіцца ў Русіновіча спераду, пытае, што браць. Побач спрачаюцца Малец, Антановіч, Рамашка. Рак маўчыць. І тут ён надзьмуты. Няўжо не мог пакінуць дома сваю маску — хоць адзін раз у год?

— Займайце там стол,— камандуе Міхась.— І крэслы.

Хлопцы адвальваюцца ад чаргі, грукаюць крэсламі, у кутку адваёўваюць сабе стол.

Урэшце даходзіць чарга, Ярошка па-змоўніцку шэпча буфетчыцы некалькі слоў, яна дастае з-пад прылаўка закручаную ў паперу бутэльку, пасля дадае яшчэ некалькі бутэлек піва, віна, важыць кілбасу. Русіновіч бярэ дзве бутэлькі шампанскага.

Яны ўжо расселіся за сталом, Міхась налівае ўсім шампанскага і нецярпліва паглядвае то на гадзіннік, то на дзверы. Застаецца дзесяць хвілін. З рэпрадуктара пачулася навагодняе віншаванне.

Урэшце паказаўся Коля Ярошка з Раяй — бялявай, тонкай, як сцяблінка, дзяўчынай. Яна сарамліва павіталася з хлопцамі і села на адно крэсла з Колем.

— А дзе дзяўчаты? — спытаўся Русіновіч у Міхася Ярошкі.

— Не пайшлі. Бог з імі...

— Цішэй! — зашыкалі на іх.

Усе маўчалі і слухалі. Стаяла нязвыклая для такой масы людзей цішыня, толькі ўрачыста і чынна гучаў голас з рэпрадуктара.

— З Новым годам, сябры! З новым шчасцем!

Усе стаялі, чокаліся, віншавалі адзін аднаго і ўсіх разам, жадалі добрае долі і шчасця ў новым годзе.

Звонка і неяк па-новаму ўрачыста білі крамлёўскія куранты. Стралялі ў столь коркі ад шампанскага. Шумелі за сталамі вясёлыя хлопцы і дзяўчаты.

Маладосць прагне новага. Яна з нецярпеннем адчыняе дзверы Новага года і хоча ведаць, што наперадзе. Але там пакуль што туман, загадкавы, невыразны туман, і невядома, што ён у сабе тоіць. Усе сёння вясёлыя, трохі п’яныя, узбуджаныя — усе хочуць бачыць наперадзе толькі добрае. А каму ж будзе кепскае? Жыццё шчодрае на тое і на гэта...

Гаварылі тосты — зноў за Новы год, за шчасце ў новым годзе, за канец вучобы і за пачатак самастойнага жыцця. «За свой хлеб»,— сказаў нехта, і ўсе дружна паднялі чаркі. «За новыя, непратаптаныя дарогі»,— падтрымаў яго другі. «І за гэта варта»,— падхапілі навокал.

...Русіновічу здавалася, што плафоны ў калідоры падміргваюць яму, што падлога трохі падаецца пад нагамі, як дно лодкі на вадзе, што ў вушах у яго нібы па камяку ваты — гукі пранікалі да яго свядомасці як праз нябачны фільтр, трацілі рэзкасць, рабіліся мяккія і глухаватыя.

Раптам ён аслупянеў на момант. Што такое? Няўжо яму здалося? Галя гэта ці не? Яна... Але з кім? Лётчык. Лейтэнант! Ух, які хлапчына! Ён павёў яе пад руку з калідора ў спортзалу. Зайграў аркестр, і моладзь з калідораў і пляцоўкі хлынула ў залу — танцаваць.

Русіновіч павярнуў назад, пастаяў ля акна, але нічога не чуў і не бачыў. Ён быў заняты толькі адной думкай: сур’ёзна гэта ці яе новы выбрык?.. Урэшце, што яму да таго? Ён жа хацеў скончыць усю гэтую гісторыю. Дык чаго ён цяпер ускіпеў? Яму стала так горача, што ён зайшоў у туалет, адкруціў кран над мыцельнікам і падставіў галаву пад халодны пякучы струмень, з асалодай абдаў твар. Адразу стала лягчэй. Русіновіч дастаў расчоску, перад люстэркам зачасаў мокрыя чорныя, бліскучыя, як ад брыльянціну, валасы, хвіліну ўглядаўся ў нахмураны, нібы чужы, твар.

Але вось нечакана побач з яго тварам вырас другі — чорны вожык, круглая, як футбольны мяч, галава, шырокія плечы грузчыка. На твары — крывая, ненатуральная ўсмешка.

— А-а-а, Русіны... Станцыя ля Баранавіч.

Русіновіч рэзка павярнуўся.

— Адкуль вам вядомы Русіны? — спытаў ён суха.

— Мне ўсё вядома,— самаўпэўнена сказаў «вожык».— Мне нават вядома, што ты, Русіновіч, зараз будзеш ляжаць тут пластом...— Яго трохі вадзіла ў бакі.

— Ага, наёмнік! — здагадаўся Русіновіч, успомніўшы Краскаву кампанію.— Гэта мы пабачым...

Ён напяўся, як сталёвая спружына, гатовы ў кожную хвіліну адбіць удар. Злосць, якая бушавала ў ім, як толькі ён убачыў Галю з лётчыкам, перакінулася цяпер на гэтага вось найміта, які за чарку гарэлкі ці мо за грошы стане зараз выбіваць яму зубы і ламаць рэбры. Не, так гэта яму не абыдзецца. «Не трэба толькі падпускаць блізка, у яго, відаць, мёртвая хватка»,— прамільгнула ў галаве...