Выбрать главу

«Цяпер ты тут трохі паляжы пластом»,— зларадна падумаў Русіновіч і выйшаў на калідор. Моцна біла сэрца ды балела правая рука ў плячы — вывіхнутая, ці што? Але што рука? Развязка магла быць зусім іншая. Яму проста пашанцавала.

Што ж цяпер? Яго пацягнула да людзей — у залу, дзе танцавала моладзь.

Але ранейшая ўзнёсласць прапала, усё страціла той арэол, які быў некалькі хвілін назад. Усё набывала рэальныя фарбы, і ён пачынаў шкадаваць аб гэтым. Няўжо толькі таму, што вылецеў хмель з галавы? Можа... Ён ужо хацеў накіравацца ў буфет, але раптам нехта пацягнуў яго за руку. Ён падумаў, што гэта хто са сваіх хлопцаў, бо ўвесь вечар ён іх калі і бачыў, то не болей, чым на хвіліну. Але, азірнуўшыся, ён заўважыў Галю. Яна падміргнула яму і шапнула на вуха:

— Запрасі мяне на наступны танец. Мы будзем ля дзвярэй.— І знікла, растварылася ў натоўпе.

Што за дзіўны вечар? Рой думак праляцеў у яго галаве, пакуль ён стаяў ля дзвярэй і ўжо з нецярпеннем чакаў, калі зноў паявіцца Галя з лейтэнантам. Ён безуважліва аглядаў усіх, спыняючы позірк на дзяўчатах, якія хоць нечым былі падобны да Галі. Як умела яна перавярнуць у яго душы ўсё ўверх нагамі! Ён гатоў быў дараваць усе яе выбрыкі за гэтыя цёплыя, па-змоўніцку сказаныя словы. Але... Колькі было такіх момантаў! Колькі разоў ён верыў, што ўсё будзе лепш!..

Ды вось і яны. Лётчык вядзе яе пад руку, нешта шэпча на вуха, ён расчырванелы, на лоб падаюць светла-русыя хвалістыя валасы. Лётчык, відаць, хоча развесяліць яе, але гэта яму не ўдаецца, ён адчувае сябе нібы вінаваты перад ёю.

Які ж знаёмы да драбніц малюнак!

Стала шкода гэтага хлопца, бо сам Русіновіч надта ўжо добра і не адзін раз перажываў нешта падобнае.

Яны спыніліся недалёка ад дзвярэй. Русіновіч сачыў, ці не пойдуць яны ў другое месца. Увесь час туды-сюды снавалі людзі, засланяючы сабой тых, хто цікавіў Русіновіча больш за ўсё. Недзе падзеліся ўсе свае хлопцы. Няўжо стаяць з дзяўчатамі па цёмных кутках на калідоры? Ці мо зноў заселі ў буфеце?

Зайграў аркестр, моладзь хлынула з калідора ў залу, да дзяўчат падыходзілі хлопцы, кланяліся і ішлі ў танец. Русіновіч захваляваўся: а што, калі хто запросіць Галю? А што, калі яна пойдзе танцаваць са сваім лейтэнантам? Але раз яна абяцала, то нешта прыдумае, у яе гэта выходзіць надта проста і нават забаўна.

Вось каб яму хоць крыху мець такіх здольнасцей! Наступаючы людзям на ногі і штурхаючыся, Русіновіч прабраўся да месца, дзе стаяла Галя, няўмела пакланіўся, звярнуўшыся да лётчыка з просьбай адпусціць на танец яго даму. Лётчык з нейкай затоенай злосцю ці адчаем сказаў «пажалуйста», па складах вымавіўшы гэтае слова, сціснуў вусны і пабялеў. Ці мо Русіновічу толькі так здалося?

А Галя хітравата ўсміхнулася, узяла Русіновіча пад руку і сама павяла яго праз натоўп у цэнтр залы, да ёлкі, дзе ўжо, як у віры, кружыліся пары.

Ігралі хуткі і меладычны факстрот «Рыа-Рыта», ногі самі паняслі Русіновіча па кругу, ён далікатна абдымаў Галю за талію, злёгку тулячы дзяўчыну да сябе. Яна нібы не адчувала гэтага, і Русіновіч чамусьці падумаў, што сёння ён патрэбен ёй. Яны кружыліся доўга, у яго ўсё мільгала перад вачыма — маладыя твары з усмешкамі на вуснах, голыя дзявочыя рукі, тонкія таліі, пышныя грудзі, ёлка з бліскучымі цацкамі таксама пачала кружыцца ў карагодзе, нешта казачна-рамантычнае было ў гэтым палёце, у святочных радасных гуках «Рыа-Рыты», у зладжаным рытме дзесяткаў ног. Хацелася, каб не было канца гэтаму лёгкаму хуткаму танцу, каб свет быў запоўнен толькі ім адным; здавалася, што навокал цябе такія цудоўныя, мілыя людзі, што сэрцы іх перапоўнены толькі пачуццём любасці да бліжняга, што няма больш ні здрады, ні злосці, ні пакут. Сапраўды, як многа траціць той, хто не навучыўся танцаваць!

Галя маўчала, толькі добрая ціхая ўсмешка не сыходзіла з яе вуснаў, а калі Русіновіч зазіраў дзяўчыне ў вочы, усмешка рабілася смялейшай, ажыўляла яе твар. Даўно Русіновіч не бачыў яе такою...

— Ты пад гальштукам,— шапнула яна ціха.

Русіновіч толькі ўсміхнуўся.

— Ён табе да твару. Асабліва да тваіх вусоў...

— Не веру.— Ён мацней прытуліў яе да сябе.— Чаго ты прыйшла на нашу ёлку? — Ён знарок зрабіў націск на слове «нашу».

— Мне захацелася ўбачыць цябе...

— Не веру.— Русіновіч пакруціў галавою.

— Павер.

Аркестр перайшоў на шалёны тэмп, усе танцоры, як заведзеныя, таксама заспяшаліся,— гэта азначала, што танец канчаецца. Сапраўды, музыка абарвалася, наступіла нязвыклая цішыня. Русіновіч і Галя спыніліся ля дзвярэй, абое міжвольна глянулі на тое месца, дзе нядаўна стаяў лётчык. Яго не было.