Выбрать главу

— Ён што — паляцеў? — з намёкам спытаў Русіновіч.

— Хай ляціць... Ён мне надакучыў. Я не магла ад яго адчапіцца.

— Хадзем у буфет,— прапанаваў Русіновіч.

— Хадзем. Я хачу піць.

У буфеце была страшэнная чарга, ды тут яго выручыла сама Галя:

— Доўга чакаць...

Яны зноў выйшлі на калідор.

— Хадзем да нас.

Русіновіч здзіўлена глянуў на яе — нібы ўбачыў у ёй нешта новае.

— Чаго так падазрона глядзіш?

— Не разумею...

Яна толькі хмыкнула.

Яны падышлі да дзвярэй у цёмную палову левага крыла, яна дастала ключ з сумачкі і падала яму. Толькі цяпер ён зразумеў, што ў іх інтэрнат можна пранікнуць праз гэтыя дзверы, якія звычайна бываюць увесь час замкнёныя, бо адгароджваюць вучэбнае крыло ад жылога.

Ён ціха павярнуў ключ у замку, з нейкім не знаёмым дагэтуль страхам прапусціў яе наперад, пасля зайшоў сам і замкнуў дзверы. Тут, за перагародкай, было ціха, нават змрочна, галасы з пляцоўкі ледзь пранікалі. Асцярожна ступаючы, яны пайшлі ў канец калідора.

— Ты пастой хвіліну, а я пагляджу, ці хто ёсць.

Яна адамкнула дзверы, увайшла ў сярэдзіну. У верхнюю шыбу над дзвярыма ўдарыла святло.

Русіновіч з хваляваннем чакаў. Урэшце Галя прачыніла дзверы, высунула галаву і шапнула:

— Заходзь.

Русіновіч нясмела пераступіў парог, ціха зачыніў за сабою дзверы. У вочы кінулася нязвыклая белізна ў пакоі — ад падушак да капаў і дарожак усё было белае, як у бальніцы. Гэта не тое, што ў мужчынскім інтэрнаце.

Толькі з аднаго ложка была садрана капа, і на ім сядзела Галя. Яна паспела змяніць сукенку на яркі, у кветкі, халат.

— Патушы святло.

Русіновіч паслухмяна пстрыкнуў выключальнікам.

— Замкні дзверы.

Русіновіч замкнуў.

— Што яшчэ? — спытаў Русіновіч і не пазнаў свайго голасу.

— Які ты дурненькі... Ідзі сюды...— Галя працягвала да яго рукі.

Хатнія клопаты

У другім паўгоддзі пяцікурснікі ўжо не хадзілі на лекцыі, заняткаў больш не было. Увесь вольны час ішоў на дыпломныя работы. Хто аблюбаваў сабе тэму даўно, а хто выбіраў лягчэйшую, каб было больш матэрыялаў, з якіх можна «садраць», каб менш думаць самому.

У пакоі № 77 адзін Рак сядзеў над тэмай па мове — тэмай, якую ён «распрацоўваў» кожны год у курсавых работах: «Родны склон». Малец і Ярошка не давалі яму жыцця з гэтым склонам, нават парадыравалі пачатак «Новай зямлі», прыстасаваўшы да новых умоў: «Мой родны склон, як ты мне мілы...».

Ярошка і Антановіч пісалі пра паэзію, Малец і Русіновіч — аб прозе. Русіновіч узяў тэму: «Андрэй Лабановіч — прадстаўнік новай беларускай інтэлігенцыі».

У Русіновіча быў свой «стыль» працы. Перш чым узяцца за якую-небудзь тэму, ён чытаў пабочны матэрыял, шукаў тое, што больш-менш блізка падыходзіла да яго тэмы, усё гэта «пераварваў», не робячы ніякіх выпісак і цытат, каб не трапіць у палон чужое схемы, і толькі тады ўжо браўся за работу.

Цяпер ён не вылазіў з бібліятэкі, перачытваў класікаў, штудзіраваў тэму, шукаў падобныя праблемы ў літаратурах другіх народаў. Бракавала толькі часу, а матэрыялу хапала — цэлыя горы.

Русіновіч ужо збіраўся засесці пісаць, як раптам атрымаў пісьмо, што захварэў бацька і яго паклалі ў бальніцу. Прыхапіўшы з сабою кніжку «На ростанях» і тоўсты сшытак, Русіновіч паехаў дадому.

Выязджаў раніцай, яшчэ поначы, і дадому дабраўся — таксама ўжо была ноч. Памясіць снегу давялося нямала, ды яшчэ вецер у вочы.

Але вось і хутар, адзінокі, занесены снегам, з голым невялікім садам, з высокім яварам перад вокнамі хаты.

Першы пачуў яго сабака. Ён спачатку забрахаў як на чужога, а пасля пачаў скавытаць ад радасці і кідацца на ланцугу.

Як толькі Русіновіч падышоў да яго, сабака стаў на заднія лапы, лізнуў яму языком у шчаку. Хлопец выняў з шыняля кавалак хлеба, спецыяльна прыпасенага для гэтай сустрэчы.

Дзверы ў сенях былі адамкнёныя: гэта азначала, што людзі яшчэ не збіраюцца спаць. У цемры ён адразу знайшоў клямку.

Па гэтым можна было пазнаць, што ідзе свой чалавек. Брат і маці стаялі ля парога, чакаючы госця.

— А Грышка мой, а сыночак! — І маці кінулася сыну на шыю.— А я ж думала, што гэта наша Зося. Чуем, сабака забрахаў, пасля сціх, заскавытаў, а тут у сенях чалавек не збіваецца, як у сваіх... Ажно ж ты... Ну, хвала богу, што прыехаў.

Маці пачала завіхацца каля печы, нарэзала на скавараду сала, падпаліла трэскі ў ямцы і паставіла скавараду над агнём.

— От куры не нясуцца,— бедавала яна,— ды і карова яшчэ не ацялілася, дык гаруем патрохі. Бяром малако ў суседзяў. Я яго не ем, хіба во яму, ці як бацька быў дома.