...Пасля пайшлі дні за днямі. Брат хадзіў у школу, маці тупала ля гаспадаркі; натупаўшыся, лезла на чарэн пагрэцца і задрамаць якую гадзіну, а Русіновіч, забраўшыся ў чыстую палову хаты, пісаў сваю дыпломную.
Было холадна, ён апранаў бацькаў паўшубак, цёплы і лёгкі, хадзіў па хаце з кута ў кут, шукаў якую-небудзь фразу ці думку, пасля, запісаўшы яе стоячы, прыгнуўшыся над сталом, хадзіў зноў. Думка за думкай, сказ за сказам лажыліся на паперу. Калі стамляўся, работа ішла тужэй. Тады ён выходзіў на двор, браў вялізную драўляную лапату, якой некалі садзілі хлеб у печ, і расчышчаў снег ля хлява і ля студні, бо замяло здорава, як і кожны год. А то браўся рэзаць сечку. Сячкарня была яшчэ дзедава, старая, але спраўная. З малых год на махавым вялізным коле ён чытаў пукатыя лацінскія літары: «Роlапd Вrасіа Szаріrо». Калісьці ён разумеў толькі адно слова: браця — браты.
Яшчэ ён любіў калоць дровы. Тут было над чым пагрэцца, размяць адвучаныя ад працы мускулы.
Ухадзіўся з дровамі — папраўляў загарадзь у хляве, паіў карову, раўнаваў гной. Спачатку, як толькі прыехаў, работы, здаецца, не было відаць, а пасля яна нібы сама лезла на вочы: то тое, то гэта, і ўсё патрэбна зрабіць, хоць у хаце і лічыліся два мужчыны. Але што з іх узяць: адзін малы, другі стары, хворы. А свежаму воку лепш відаць. Матцы было лягчэй, брату таксама, ды і часу для работы Русіновічу хапала, бо хадзіць нікуды не хацелася. Паміма волі ён аддаляўся ад тых людзей, сярод якіх некалі рос. Былыя школьныя сябры, цяпер занятыя сваімі справамі, рэдка ўспаміналі пра яго, як і ён пра іх. У кожнага цяпер былі свае клопаты. Часамі, задумаўшыся, ён шкадаваў, што тое, чым жыў нядаўна, гадоў пяць назад, на вачах робіцца мінулым, старыя сцежкі зарастаюць травою, мяняюцца яго інтарэсы, на месца старых, здавалася, да смерці верных сяброў, з’яўляліся другія, бо, як ён пачаў цяпер разумець, сябра той, з кім ты робіш нейкую агульную справу. А хутка, ой як хутка, увесь уладкаваны за пяць гадоў парадак рассыплецца зноў, чакае гэтулькі новага і нязведанага...
Бацька выпісаўся з бальніцы праз тыдні два. У калгасе Русіновіч узяў фурманку і паехаў у Клецак, каб забраць бацьку дадому.
Бацька пастарэў, згорбіўся, пасівелі яго валасы, хоць лысіны не было відаць. У піжаме і тапачках на босую нагу ён выйшаў з палаты, за руку павітаўся з сынам. І калі той памкнуўся пацалаваць бацьку, стары падставіў шчаку. На вачах у яго бліснулі слёзы. У сына таксама заныла сэрца.
Дадому бацька вяртаўся ўсяго на некалькі дзён, а пасля павінен быў ехаць у шпіталь інвалідаў вайны ажно ў Брэст.
Па дарозе разгаварыліся. Бацька не мог нарадавацца, што сын хутка скончыць вучобу і мо ўжо сам стане памагаць бацькам, а на благі канец хоць не будзе цягнуць з гаспадаркі. Засмучала яго толькі дачка, якая недзе цяпер расплачваецца за сваю легкадумнасць і несур’ёзнасць, можа, не раз успамінае бацькоў. Лаяў ён Зосю за яе работу, за тое, што не слухала яго, давярала людзям, якім нельга давяраць на капейку, пускала іх за прылавак; што вадзіла кампанію з ненадзейнымі людзьмі, пазычала ім чужыя грошы; што грызлася ўвесь час са старшынёю сельпо і ў вочы называла яго злодзеем... Усё гэта было справядліва, таму яшчэ цяжэй рабілася на душы ў сына.
І ўсё гэта каменем ляжала ўжо трэці год на бацькавай душы.
Праз тры тыдні Русіновіч павёз бацьку на станцыю ў Жарабковічы.
Усю дарогу бацька і сын гаварылі пра розныя дробязі, і ўжо калі пад’язджалі да раз’езда, бацька адкашляўся і глухім голасам, у якім чулася хваляванне, пачаў:
— Глядзі, сыне... Мо мы болей не ўбачымся... Не перабівай толькі! Мы, мужчыны, павінны смела глядзець праўдзе ў вочы... Я мала вас шкадаваў, мала песціў, многа крычаў і біў, не глядзеў і матку... У бальніцы часу вольнага многа, ляжыш, думаеш. Часам слёзы глытаеш, як паглядзіш на ўсё збоку. Цяжка, без прасвету прайшло маё жыццё. З малых год сірата, пасля мачаха; падрос — пасвіў кароў у чужых людзей, потым пайшоў парабкаваць. А аддзяліўся ад бацькі — два гектары зямлі, адзін пясок і камень. Ажаніўся, жылі ў падсуседзях, пакуль хатку зляпілі. Тут вы паявіліся, клопату пабольшала, зноў біўся як рыба аб лёд. А там вайна ўсё перавярнула, мне здароўе адняла... Цяпер вы падраслі, думаў, усіх выведу ў людзі, ажно бачыш, як вывеў. Турма, прападзі яна пропадам... Адзін ты мая надзея. Глядзі, сынку, не спатыкніся, з людзьмі вельмі не напрыкрайся. Людзей многа зайздросных, могуць утапіць у лыжцы вады. Ужо як нам цяжка ні даводзілася, а ёсць людзі, што кажуць,— бач, Русіновічы лёгкага хлеба шукаюць, у калгас не хочуць хадзіць: дачка падалася ў прадаўцы, хлопцы ў навуку. А чаму другому не ісці ў навуку? Усё ёсць, толькі вучыся. А не хочуць! А ты што меў? Хадзіў галодны-халодны за дзесяць вёрст, а вучыўся. Без гадзінніка, за пеўнем уставаў, а ішоў, бо хацеў вырвацца з балота, нешта лепшае мець... Памятай заўсёды, хто твае бацькі, не забывай, што ты мужык-беларус, хоць і навуку маеш. Памагай усім, хто слабейшы, хто можа прапасці, калі яму не падасі ў час рукі. Не забывай, што цябе выручалі таварышы, памагалі ў цяжкую гадзіну... Яшчэ што? Не выракайся сваіх: маці глядзі, мо ажэнішся, то будзе тваіх дзетак даглядаць. Зосю не кідай... Хлопцу хоць трохі памажы выбіцца ў людзі... А я ўжо скора...