Сказаўшы «прабачце», ён ціха сеў за стол і пачаў даставаць з вялізнага жоўтага партфеля тоўстыя сшыткі — дыпломныя работы, або, праўдзівей, «загатоўкі» дыпломных работ.
Юскавец карыстаўся павагай у большасці студэнтаў, але былі і такія, што яго недалюблівалі. Ён не даваў спакою тым, хто несур’ёзна ставіўся да яго прадмета, з імі ён не цацкаўся. Затое тым, хто любіў літаратуру і хацеў яе ведаць, ён гатоў быў дараваць многае. Яшчэ на першым курсе ён гаварыў студэнтам: «Вы не на курорце, не ў адпачынку, не ў гасцях. За пяць год вы павінны ўзяць столькі, каб хапіла калі не на ўсё жыццё, то надоўга. Майце на ўвазе, што ў вашым жыцці гэта такі момант, які больш не паўторыцца ніколі: ёсць энергія, маладое здароўе, ёсць умовы вучыцца, ёсць многа часу,— умейце ўсё гэта выкарыстаць хоць напалову, і вы будзеце добрымі спецыялістамі».
Прыблізна з гэтага ён пачаў і цяпер. Ён гаварыў павольна, робячы частыя паўзы, нібы жадаючы падкрэсліць пэўнае слова, зрабіць на ім націск. Іншы раз, слухаючы яго, хацелася падказаць яму слова, перад якім і ён рабіў паўзу. Але дзіўна, што «падказка» — вядома, у думках — ніколі не супадала з тым словам, якое знаходзіў выкладчык,— ён не гаварыў трафарэтамі, якія на пісьме трэба браць у двукоссі. У яго заўсёды былі свае думкі, свае словы, хоць і не заўсёды гладка аформленыя. Тым больш ён імпанаваў Русіновічу, які сам нечым нагадваў свайго настаўніка — ці не такой вось сялянскай развагай і пошукамі «свайго» слова.
Пагартаўшы некалькі сшыткаў, Юс Вялікі адклаў іх убок і загаварыў:
— Вы добра спявалі. Я нават пастаяў ля дзвярэй, не хацеў перарываць, але падумаў, што песня можа пачакаць, а вось гэтая справа,— ён паклаў далонь на стос сшыткаў,— не пачакае. Я спадзяваўся, што ўсё будзе лепш, ажно вы мяне трохі расчаравалі. Многае з таго, пра што мы тут вам гаворым, праз адно вуха ўлятае, праз другое вылятае. Іншага і не скажаш, пачытаўшы...— Тут ён назваў некалькі прозвішчаў.— Я вас увесь час вучыў: думайце самастойна, думайце самі, не хавайцеся за цытаты. Казьма Пруткоў ці нехта ў яго духу сказаў: «Цытата — тая ж разынка ў хлебе, але ж нельга пячы хлеб з адных разынак». А ў вас на кожнай старонцы ўсё гэтыя падпоркі, мыліцы, шчыты. І ні адной свае думкі, ні аднаго свайго вываду. Што гэта? Думаеце, вас за сваю думку я пакараю, калі яна нават і няправільная? Не бойцеся свайго слова, будзьце смялейшыя. Не прывучайце сябе змалку да таго, каб за вас думалі,— гэта шкодна. І яшчэ: шкодна, калі думаюць адны, а робяць другія. Думаць карысна ўсім. Далей. Не ў ладах вы са стылем, ён у вас каструбаваты, неачэсаны, часам цяжка дабрацца да сэнсу. Адразу відаць — мала пішаце (ленаваліся пісаць лісты дадому!), мала чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... У тэксце гэта ўсё адзначана, паглядзіце ўважліва...
Тут ён перайшоў да канкрэтнага разбору, браў чый-небудзь сшытак і зачытваў на слых. Студэнты смяяліся, але стрымана — адчувалі сваю віну.
З хлопцаў 77-га пакоя ў Юскаўца былі Малец і Русіновіч. Іх работы ён разбіраў апошнія. Мальца пахваліў: усё ў яго ёсць — самастойнасць думкі, паслядоўнасць, філасофская аснова. Не хапае толькі сцісласці: празмернае разжоўванне таго, што і так разжавана, паглыбленне таго, што і так глыбока.
Русіновічу разам з пахвалой дасталося на арэхі.
Юскавец пачаў дыпламатычна.
— З Русіновіча некалі вырасце неблагі крытык, але пакуль што да гэтага яшчэ далёка. Надта ён ужо вялікі саматужнік, усё сваё. Іншы раз ён вынаходзіць веласіпед, які ўжо даўно-даўно вынайдзены. Гэта другая крайнасць. Не трэба баяцца выкарыстаць таго, што табе перайшло ў спадчыну.
Праўда, у яго складаная тэма, нераспрацаваная, усё трэба браць, як кажуць, на пуп, самому. Мне здаецца, што Русіновіч абмежаваў сябе, разбіраючы толькі праблему мовы. І яшчэ я не згодзен з вашай трактоўкай Лабановіча.
— А што? —Русіновіч устаў з-за стала.— Лабановіч толькі па духу беларускі інтэлігент, а на справе ён царскі чыноўнік.
— Па-першае, ваша «па духу» і «на справе» стаіць на вельмі хісткай аснове. Я не хачу дыскутаваць, што глыбей — «па духу» ці «на справе». Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай.
Русіновіч пачаў уваходзіць у палемічны азарт:
— Тое, што сёння бясспрэчна, заўтра можа аказацца вельмі нават спрэчным...
Юскавец паблажліва ўсміхнуўся:
— Аднак я бачу, што вы ва ўсім шукаеце негатыўны бок і гатовы ўсё пераставіць з ног на галаву. Лішняя работа, я вам скажу. Тое, што зроблена добра, не патрабуе, каб яго перараблялі. І ёсць ісціны, якія не патрабуюць вялікіх доказаў, што гэта сапраўды ісціны. Да такой, бясспрэчна, належыць і тое, што Лабановіч — станоўчы герой у поўным сэнсе гэтага слова, нягледзячы на тое, што ён, як вы кажаце, быў царскім чыноўнікам, «абрусіцелем». Больш бы было тады такіх «абрусіцеляў», як Лабановіч! Мы былі б намнога духоўна багацейшыя, больш свядомыя і культурныя, чым цяпер. Без Лабановіча і да яго падобных не было б нас з вамі. А калі падыходзіць фармальна, то можна лічыць Лабановіча абрусіцелем, царскім чыноўнікам. Але ці будзе гэта справядліва? Няхай ён вучыў дзяцей не на роднай мове, няхай. Але гэта намнога лепш, калі тую ж родную выкладаюць толькі для формы, толькі для ліку, бо гэта будзіць думку, параджае пытанні, у рэшце рэшт прыводзіць да таго, што людзі пачынаюць разумець — іх ашукваюць...