Выбрать главу

— Добрыя жарты! Катку жарты — мышцы смерць. Ты на маім месцы быў бы не лепшы.

— А хіба я карыстаўся прывілеямі?

— Не кажы, цябе яны баяліся. У цябе моцныя кулакі.

— Ну, браце, ты адкрыў Амерыку. Яны мяне — баяліся? Трэба, каб чалавека паважалі, а не баяліся.

— Гэта амаль што ўсё роўна. Каго баяцца, таго і паважаюць.

— Ну, Прафесар, я цябе не пазнаю. Змешваць два такія паняцці...

Спрэчку перарвалі хлопцы. Прыйшоў спачатку Малец, потым Ярошка з Антановічам.

Сталі вячэраць. Адзін Рак не садзіўся за стол.

— Ідзі еш, Прафесар,— запрасіў яго Антановіч.

— Не хачу. Мне трэба зараз на станцыю.

— Прафесар едзе ашчаслівіць сваіх бацькоў,— сур’ёзна сказаў Ярошка.

— Па крайняй меры, адпачну ад тваіх вумных афарызмаў.

— Дай яму, Прафесар, дай! — падахвочваў Малец.

— І табе магу даць, не толькі яму,— абрэзаў яго Рак.

— Яй-богу, такі Прафесар мне больш падабаецца, чым той, посны, кіслы і які хочаш.

— Несалёны, зялёны, нясмачны, няўдачны,— стаў рыфмаваць Малец.— Толькі чаго ён пяць год прыкідваўся такім ягняткам? Такім ужо манахам?

— Не хацеў біць язык аб зубы. З вамі спрачацца — што ваду ў ступе таўчы,— даволі сярдзіта бубніў Рак, корпаючыся ў тумбачцы.

— Няпраўда, Прафесар, спрэчкі карысныя. Яны адточваюць язык, трэніруюць памяць, вучаць вобразна думаць, экспромтам гаварыць вялікія ісціны. Але ўсё гэта табе недаступна, як еўнуху каханне.

Рак, нібы яму стукнулі ў спіну, выпрастаўся. Ён быў белы як сцяна, губы яго крывіліся і ўздрыгвалі. У руках ён сціскаў гранёную шклянку.

— Ну, балбатун! — Ён замахнуўся шклянкай, але не папусціў ёю.— Ты мне за ўсё заплаціш! Больш я не буду цярпець.

Ён круціўся, нечага шукаў, кінуў у тумбачку шклянку, схапіў ручнік і выбег з пакоя.

Ярошка сядзеў і толькі моргаў вачыма. Для яго гэта было громам з яснага неба.

— Прачынаецца патухлы вулкан,— глыбакадумна сказаў ён урэшце.— Вось гэта дзіва!

— Нічога тут дзіўнага. Чалавек адчуў сілу. Вось і ўсё,— зрабіў вывад Малец.— Ты цяпер настаўнік, а ён аспірант. У каго большая перспектыва? У яго. А ты хочаш з ім запанібрата.

— Можа, і не ў гэтым справа,— умяшаўся Русіновіч.— Ён, і праўда, крыўдуе на нас за ўсе гэтыя шпількі... Надта сур’ёзны чалавек, з ім трэба было далікатней...

— Пяхота! Ён проста чалавек без гумару. А гэта прыкмета абмежаванасці...

Скрыпнулі дзверы, увайшоў Рак. Ні на каго не гледзячы, ён кінуў на свой ложак ручнік і стаў апранаць шынель — чорны чыгуначны бацькаў шынель, надзеў шапку з апушчанымі вушамі, узяў у рукі чамадан і, не сказаўшы ні слова, выйшаў з пакоя. З вушакоў пасыпаўся тынк ад удару дзвярэй.

Усе з палёгкай уздыхнулі.

— Прафесар яшчэ пакажа сябе,— першы парушыў цішыню Малец.

— Чаму ты кепска думаеш пра чалавека? — За вочы Антановіч заўсёды абараняў Рака перад хлопцамі, а ў вочы і сам любіў падпусціць шпільку, ды не толькі Раку, а любому з тых, хто быў у пакоі.

— Ты паэт, табе ўласціва бачыць у людзях толькі добрае. Але, на вялікі жаль, не толькі добрым багаты людзі, асабліва такія, як Рак.

— Ты думаеш, Рак благі чалавек? — знарок наіўна спытаў Антановіч.

— Як тая казала: не старайся паказаць, што ты дурнейшы, чым ты ёсць. Спадзяюся, ты не Рак і не пакрыўдзішся на мяне за гэта,— папярэдзіў Антановіча Ярошка.— Я не скажу, што я добра разбіраюся ў людзях, аднак я не хацеў бы сядзець у адным акопе з Прафесарам.

— А ты забыўся, што Прафесар якраз сядзеў у акопе ў той час, як мы, за выключэннем Мальца, сядзелі на печы і грэлі плечы,— напомніў Русіновіч.— Вельмі цяжка сказаць, як паводзіў бы сябе кожны з нас перад

— Той факт, што ён быў у партызанах, яшчэ ні аб чым не гаворыць.— Ярошка прайшоў па пакоі, заклаўшы рукі ў кішэні штаноў.— Проста збег акалічнасцей, а не свядомы крок. У жыцці і не такое бывае. Я гавару пра натуру чалавека, пра тое, што ў ім закладзена.

— А хто на гэта глядзіць? Мо адзін ты? — спытаў Русіновіч.— Бо ў час размеркавання яго не паслалі на Палессе, як цябе, а пакінулі ў аспірантуры. Анкета — большая сіла, чым твая натура.

— Ты, Стары, відаць пакрыўдзіўся на камісію, што цябе не ўзялі ў вучоныя, а таксама паслалі — на радзіму?

— Я? Нічуць. Я для навукі не падыходжу. Каб мне прафесараву галаву, ды яшчэ твае нервы, тады згодзен. Я здзіўляюся толькі, чаму цябе і Мальца не ўзялі. У вас жа таксама анкеты ў парадку, адна толькі акупацыя.

— Я вам растлумачу, як стараста курса,— умяшаўся зноў Антановіч.— Памятаеце, на трэцім курсе было? Вы, Малец і Ярошка, і «шукальнік праўды» Кулік падавалі заяву рэктару універсітэта?

Гэта была даволі шумная і непрыемная гісторыя. Малец, Ярошка і Кулік падалі на імя рэктара заяву, у якой скардзіліся на нізкую якасць выкладання — і называлі прозвішчы выкладчыкаў. Падпісацца пад заявай больш ніхто на курсе не захацеў. Русіновіч не падпісаўся, бо лічыў, што такую заяву павінны падпісаць толькі выдатнікі, а яшчэ таму, што быў увогуле супраць авантуры, якая нічога карыснага не дасць. Як і аказалася, тады гэта расцанілі як спробу дыскрэдытаваць кафедру літаратуры, а ініцыятары ледзь не паплаціліся выключэннем. Кулік, які пераходзіў якраз на завочнае, прыняў на сябе ўсю віну і гэтым самым выратаваў таварышаў. Сам ён уладкаваўся ў школу, але адразу ж зрэзаўся з дырэктарам. У таго была нейкая даведка аб сканчэнні настаўніцкага інстытута і, мусіць, таму ён вельмі не любіў дыпломнікаў. Проста не мог пераварваць... Ну, а Кулік таксама з характарам. Барацьба ішла з пераменным поспехам. Урэшце ўмяшалася «Настаўніцкая газета», дырэктара знялі з трона...