Выбрать главу

Хлопцы задумаліся. Ярошка гладзіў свае валасы, моршчыў лоб. Малец дастаў папяросы, пачаў закурваць і раптам узняў голас:

— Я пытаю вас — а чаму я павінен ехаць у вёску? Застаецца тут такі Рак, які для навукі прынясе мала карысці, застаецца паэт Антановіч, якому нічуць не шкодзіць падыхаць хоць гадкоў пяць вясковым паветрам, адвыкнуць ад гэтага асфальту і бруку... Ён жа малады, у яго гэтулькі сіл, якія так патрэбны там, а навуку будзе каму развіваць... Няўжо да вас не даходзіць? Ці застаюцца ў аспірантуры па мове, якія ніколі на ёй не гаварылі?..

Антановіча пакрыўдзілі Мальцавы словы. Ён адразу ўскочыў:

— Дык што, я заняў тваё месца? Мо мне пайсці і сказаць: адмаўляюся, хай на яго ідзе Малец?

Малец паглядзеў на яго як на блазна.

— Адмаўляйся, хто табе не дае? Я думаю, Раку такая думка ў галаву не прыходзіла. Не кіпяціся! Я не кажу, што ты не на месцы. Ты і ў аспірантуры будзеш на месцы. Мяне здзіўляе сам падыход да размеркавання кадраў.

— І ўсё таму, што глядзяць не на чалавека, а на анкету,— падвёў вынік Ярошка.

— Можа, і так.— Малец задумаўся.— А цяпер пра цябе, Антановіч... Я гэта сказаў, каб зачапіць цябе за жывое. Ці не прыходзіла часам табе ў галаву, што ў цябе ўсё ў жыцці ідзе вельмі гладка? Радзіўся не ў беднай сям’і, рос у доглядзе, вучыўся ў школе, пасля стаў студэнтам, цяпер будзеш вучоным. Усё як па масле...

Здаецца, добра, здаецца, зайздросная біяграфія — суцэльны ўзлёт. А я табе скажу, што для паэта — а ты перш за ўсё паэт — такая біяграфія шкодная... Мо нават больш шкодная, чым цяжкая, крывая, з пад’ёмамі і падзеннямі, з няўдачамі, як у мяне ці ў Куліка або нават у Старога.

— Хіба я вінават, што так у мяне ўсё ідзе? — Выгляд у Антановіча быў, і праўда, нейкі вінаваты.— Парай, што мне рабіць...

— Тут ніякіх рэцэптаў няма. І нічога я табе не параю. Ты проста шчасліўчык, Антановіч. Хай табе і далей так шанцуе.

Малец узяў з тумбачкі Русіновічаў кішэнны гадзіннік, прыклаў да вуха.

— Цікае... Хутка гадзіна. Дай яго мне, Стары. Адчуваю, што сёння мяне будзе мучыць бяссонніца.

Малец часта браў Русіновічаў гадзіннік, клаў ля сябе на тумбачку, ляжаў і слухаў ціканне. Гэта памагала яму засынаць. Або ўключаў рэпрадуктар, а гучнасць змяншаў амаль да шэпту.

Малец паклаў на тумбачку гадзіннік, пачаў распранацца. Пасля падышоў да календара, адарваў лісток і сказаў сам сабе:

— Чацвёртага сакавіка... Ну, што ты прынясеш нам, наступны дзень?

...Русіновічу сніўся сон: ён едзе з бацькам па размытай, калдобістай дарозе. Воз скрыпіць і перавальваецца з боку на бок, гнеды конік ледзь выцягвае — калёсы зарэзвае па самыя калодкі. Куды і чаго яны едуць — невядома, толькі ў Русіновіча падсвядомае адчуванне, што гэтая праклятая дарога яму надакучыла, хочацца выбрацца на роўнае месца і ехаць хутчэй, бо шлях перад імі ляжыць незнаёмы і доўгі. Уперадзе паказаўся мост, нечым падобны на той, што быў калісьці цераз Шчару недалёка ад Ляхавіч. Калі яны праязджалі праз яго, малы Русіновіч заўсёды заплюшчваў вочы і туліўся да бацькі, бо праз крывыя, пабітыя жалезнымі шыпамі і капытамі круглякі далёка ўнізе свіцілася халодная і страшная вада.

Толькі гэты мост быў яшчэ страшнейшы. Насціл зеўрыў дзіркамі, пасярэдзіне былі нейкія парэнчы, між якімі цяжка было выкіраваць, каб не зачапіцца воссю і не наляцець уніз разам з драбінамі. Конь кідаўся ўлева-ўправа, віляючы між правалаў, бацька кінуў сыну лейцы і сам учапіўся ў аглабіну. Русіновіч, як некалі ў маленстве, заплюшчыў вочы, аддаўшыся на волю лёсу і каню, які нейкім цудам нёс іх па гэтым дзіравым насціле і не правальваўся, не чапляўся за недарэчныя парэнчы, што стаялі нават пасярод моста і рабілі нечаканыя зігзагі і павароты.