Выбрать главу

...Рак пасля снедання клаўся на свой ложак і чытаў, пакуль яго не зморваў сон. Хлопцы, прыходзячы з бібліятэкі, звычайна заставалі яго ў такой позе: апрануты, у доўгіх, як лыжы, туфлях, ён ляжаў на ложку, бы нябожчык, скрыжаваўшы на грудзях рукі і прыкрыўшы твар кнігай ці канспектам. Але амаль усе экзамены ён здаваў на «выдатна» — памяць у яго была, як казалі студэнты, конская. Тое, што ён прачытаў раз, засядала ў яго мазгах надоўга. А кнігі ён чытаў, што машына,— за адзін дзень мог адолець некалькі тоўстых раманаў. Праўда, ён прызнаваўся, што чытаў «па дыяганалі», сочачы толькі за сюжэтнай лініяй. Рак губляўся толькі тады, калі трэба было самому нешта прааналізаваць, даць не гатовую, а сваю ўласную ацэнку факту ці з’явішчу. Ён любіў хавацца за цытаты, якіх ведаў безліч.

Малец з Ярошкам ад цямна да цямна сядзелі ў бібліятэцы — у Ленінскай ці ў сваёй, універсітэцкай. Малец зубрыў да страты прытомнасці, да атупення — так баяўся за стыпендыю, хоць атрымліваў яшчэ і пенсію. Ён памагаў матцы і малодшай сястры. Ярошка таксама стараўся, але пры яго цягавітасці і дужасці такая нагрузка нічога не значыла — ён мог вынесці і не гэта. Ён таксама быў выдатнік.

Антановіч з Русіновічам і тут адрозніваліся. Антановічу ўсё давалася лёгка: на экзаменах яму ставілі адны пяцёркі. Здавалася, ён не вучыць, а ведае ўсё даўно, і цяпер толькі паўтарае.

Русіновічу і тут шкодзіла яго маруднасць і павольнасць думкі, але ўсё, што ён гаварыў ці даказваў, было яго ўласным, выказаным па-свойму, хоць часам і карава. І ацэнку таму ці іншаму факту ён стараўся даваць сваю, за што адным выкладчыкам падабаўся, другія, хто любіў гладкія адказы і завучаныя фармуліроўкі, зніжалі яму адзнаку.

Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку.

Пастаялі ў чарзе, бо ў сесію ў бібліятэцы было народу — не размінуцца. Узялі кніжкі і пайшлі выбіраць «шчаслівае» месца — каб не трапілася па суседству шумная кампанія, каб менш хадзілі і не даставала сонца.

За суседнім сталом цераз праход сядзелі дзяўчаты з іх курса. Яны паглядвалі на хлопцаў і пасмейваліся. У іх быў дзіўны сусед, якога Русіновіч ужо ведаў даўно, бо часта сустракаў у бібліятэцы. Ён заўсёды чытаў нешта такое старое-старое: кніга, што ляжала перад ім, мела сама меней гадоў сто. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Сёння на стале перад ім ляжаў яшчэ і батон у сетачцы.

Хлопцы зачыталіся, не падымаючы галоў. Палуднаваць схадзілі ў буфет, узялі халодных катлет, кампоту. З паўгадзіны пасядзелі на бібліятэчным ганку, на сходах. Прыемна прыгравала сонца.

Пасля абеду працаваць стала горш, цяжэй. Русіновіч усё часцей узнімаў галаву, часцей кідаў позірк на суседак, праводзіў вачыма студэнтаў, якія толькі прыйшлі і доўга шукалі свабоднага месца, ціха ходзячы між радамі сталоў і шэптам пытаючы: «Тут занята?», «Тут свабодна?».

Урэшце Антановіч не вытрымаў, штурхнуў яго пад локаць і зашаптаў:

— Чаго круцішся?

— Нешта галава шуміць.

— На пачытай, мо адпачнеш.— І ён даў Русіновічу спісаны яго почыркам даволі тоўсты сшытак.

Русіновіч толькі акругліў вочы і ўзяўся чытаць.

«Студэнцкая паэма» — стаяла на першай старонцы.

«Прысвячаю Ярошку, Мальцу, Русіновічу, Раку».

І пайшло, панясло Русіновіча, быццам на лагодных хвалях, пачало пагойдваць, закалыхваць, песціць, а пасля — падкідваць, уздымаць уверх, кідаць уніз, аж сэрца замірала ад радасці і страху.

Паволі, радок за радком, вырысоўваўся, няхай і не надта дасканалы, спелы, але ўсё-такі ёмкі малюнак іх студэнцкага жыцця. І асноўнае: відаць было, што нараджаўся паэт. Няхай не кожнае слова стаяла на месцы, не кожны радок нёс вялікую думку, гучаў цвёрда,— такую рэч мог напісаць толькі паэт.

— А ведаеш, у цябе добра выходзіць,— сказаў Русіновіч.

— Калі ты не смяешся, то я рад чуць гэта.

— Я заўсёды сур’ёзны...

— Часам аж занадта...

— Калі гэта?

На іх зашыкалі: бач, знайшлі месца для гутаркі!

Ішлі на Нямігу стомленыя, з пустымі жыватамі і «поўнымі», аж занадта, галовамі. У пакоі засталі аднаго Рака. Ён ляжаў, накрыўшы твар канспектам, і цяжка было сказаць, спіць ён ці не.

Хлопцы не сталі яго турбаваць, а адразу ўзяліся за справу — пайшлі на кухню, наабіралі бульбы, Антановіч распаліў прымус. Каструля была вялікая, на пяць літраў, і налілі ў яе амаль што даверху — на выпадак, калі хто папросіць дабаўкі.