Выбрать главу

Малец працягваў:

— Праўда, тут нельга выносіць канчатковы прысуд, бо гэта яшчэ фрагменты. Ды і ў іх ёсць да чаго прычапіцца. Заганы ёсць, але агульнае ўражанне такое, што паэт знайшоў сваё «я», што ў яго ёсць свой голас, «асядлаў» сваю тэму—менавіта заходнебеларускую. Гэтыя словы:

Край мой родны, дзе я рос!

На шляху сваім юначым

Тут я ўбачыў мора слёз,

Покі шчасце тое ўбачыў,—

ідуць з душы чыстай і шчырай. У іх відна гісторыя нашага краю. Я скончыў.

Ярошка пачакаў, пакуль Малец усядзецца і перастане скрыпець крэслам, і спытаў:

— Хто наступны? Я? Даю сам сабе слова... Гм... Цяжка гаварыць пасля такога златавуста, але што ж? Не дамо сябе на асмяянне... Мы прысутнічалі на нараджэнні... Не, што я кажу — пры хрышчэнні сапраўднага паэта. Гэта яго першае баявое хрышчэнне, і дай бог, каб заўсёды яго прымалі чытачы і крытыкі, як сёння прымаем мы. Шкода, што ўжо зачынены магазіны і што мы апаражнілі каструлю з супам. Але прабачце, я не туды гну... Паэма ўвогуле неблагая, мо толькі надта ў духу нашых традыцый... А вось што да галоўнага героя, то тут я павінен зрабіць аўтару сур’ёзны папрок. Мне гэты герой уяўляецца інтэлектуальна высокім, хоць і верным свайму старому класу — сялянству, якое некаторыя лічылі якраз інтэлектуальна бедным, забітым, прыніжаным і г. д. Я сам, аднак, з’яўляюся праціўнікам такога погляду — каб усе ведалі. У паэта гэты герой трохі, каб не сказаць больш рэзка, прыземлены, нейкі трохі сутулы, ледзь не гарбаты, нібы толькі ад сахі і касы, а гераіня такая ўжо Афелія, што бог ты мой! Рафінаванае дзіця горада, узнёсласць думак і пачуццяў! Натуральна, што яна не можа пусціць у сваю душу гэтага, з дазволу сказаць, мужлана Дзівіна і кажа яму — каціся... Вось такая мая галоўная прэтэнзія. Хто наступны? Стары? Прашу!

Слухаючы Ярошку, Русіновіч увесь час усміхаўся. Ён ведаў, што Ярошка гаварыў тое, што думаў, толькі знарок афарбоўваў усё ў гумарыстычны тон.

Русіновіч спачатку блытаўся, пераскокваючы з думкі на думку, пасля паступова выбраўся на роўную дарогу.

— Ужо сам факт, што напісана паэма,— радасны... Але галоўнае — што і як? Малец хваліў тэму... Правільна, тэма вартая ўвагі. Нас, «заходнікаў», яшчэ не ведаюць — хай даруюць мне... усходнія нашы браты. Нас паказвалі аднабока: або нейкімі ўпартымі фанатыкамі, або нікчэмнымі... Мне падабаецца свой погляд на гісторыю краю, імкненне стварыць самабытны характар маладога беларуса Дзівіна, які хоча быць падобны да ўсіх, хто яго акружае, але ўсё ж выдзяляецца, бо не страціў яшчэ адбітку часу і асяроддзя, з якога выйшаў. Не скажу, каб ён выглядаў белаю варонай, але нечым да яе падобен. Ды якраз у тым, што ён не падобен да іншых, і яго вартасць. Што мне спадабалася асабліва — гэта аптымізм, сапраўдны народны аптымізм паэмы, хоць сітуацыя тут даволі драматычная... Многа гумару, лірычных, задушэўных мясцін і радкоў, якія хочацца цытаваць. Хачу папярэдзіць толькі нашага паэта ад адной небяспекі, якая можа яго спаткаць. Я ўжо ўпамінаў пра яго аптымізм. Гэта добра, гэта вельмі добра... Але аптымізм можа вырадзіцца ў бяздумнасць, зубаскальства, няўвагу да сацыяльнага боку жыцця...

— Ну, Стары, завёў, канца не відаць.— Ярошка дэманстратыўна пазяхнуў на ўвесь рот і пацягнуўся.

— Замаўчы, Пяхота, дай чалавеку сказаць. Цябе слухалі,— супакоіў яго Малец.

— Маўчу.

Русіновічу была дарэчы гэтая паўза, бо ён якраз страціў на момант асноўную думку — з ім гэта нярэдка здаралася. Хлопцы сціхлі. Русіновіч працягваў:

— Чалавека трэба паказваць усебакова, а не маляваць яго такім бесклапотным весельчаком, які толькі пяе частушкі і ніколі не сутыкаецца з бядою, з няшчасцем, з несправядлівасцю ці здрадай. Паказаць чалавека такім — гэта паказаць яго аднабакова, збеднена, гэта значыць, адысці ад праўды, сфальшывіць. Вось як я гэта разумею...

Русіновіч змоўк, зноў сагнуўся над сталом, выцер далонню спацелы лоб.

— Ты, Стары, усё сказаў ці яшчэ што выціснеш? — спытаў Ярошка.— Я хацеў бы паспрачацца з табою, але, можа, мы лепш дамо слова аўтару, як гэта звычайна бывае. Ці ён не павінен разжоўваць таго, што сказаў у сваім творы, і класці ў рот чытачам? Здаецца, усё зразумела?

Тут зноў умяшаўся Малец.

— Усё не ўсё, а ён павінен сказаць сваё слова, хоць бы нават адказаць на твае закіды. Не заціскай дэмакратыі. Гавары, Ігар!

Антановіч прайшоўся пальцамі па сваёй густой чарнявай чупрыне.

— Я слухаў ды думаў сам сабе: што мы тут елі — суп ці якую хмельную брагу? Надта ж ужо ружовыя ў вас фарбы, паважаныя мае крытыкі. Дзякую, што слухалі... Крытыку я ўлічу... Цяпер я хачу сказаць, што я думаю аб напісаным. Гэта толькі эскіз, толькі варыянт, а колькі іх будзе — не ведаю, але адчуваю, што многага не хапае. Нешта ўлавіў, мо сотую долю, але галоўнага, як мне здаецца, няма. Тут адно апісальніцтва, я сказаў бы, плакатнасць, канфлікт дробны, не сацыяльны, а нейкі нават сентыментальны,— маўляў, пашкадуйце беднага Дзівіна, яго не пакахала дзяўчына. У нашым сённяшнім жыцці ёсць паўнакроўныя канфлікты, аб якіх і трэба пісаць. Але для гэтага, відаць, патрэбна грамадзянская смеласць, якой у нашага брата мала... Вы занадта перахвалілі мой першы опус. Другія крытыкі могуць загнуць зусім у іншы бок.