Выбрать главу

— Раз ты такі самакрытычны, то будзь гатовы да ўсяго: да лаўраў і да церніяў. І ведай, што, як сказаў адзін мудрэц, лаўровы вянок асабліва моцна трымаецца на падкладцы з цярноўніку,— глыбакамысна зазначыў Ярошка.

— Як буслінае гняздо на баране,— уставіў Малец.— Гавары прасцей, а то да нас не даходзіць.

— Пачуццё гумару ўласціва толькі высокаарганізаванай асобе,— адбрыў яго Ярошка.

— Гледзячы на цябе, гэтага не скажаш,— не заставаўся ў даўгу Малец.

На возеры

Спатканне было прызначана на дзве гадзіны дня, у прывакзальным скверыку. Адсюль яны трамваем паедуць на возера. Лета... Такое гарачае лета...

Русіновіч прыйшоў на ўмоўленае месца раней — ён ніколі не любіў пазніцца.

Прывакзальны сквер у любы час дня — што вулей. Усе лаўкі забіты людзьмі з клункамі і чамаданамі, тут поўна неспакойных і мітуслівых пасажыраў. Проста на зямлі, на траве размясцілася група інвалідаў. Адны дрэмлюць на клунках, другія нешта спрачаюцца. Ёсць сярод іх і некалькі жанчын. Усе разагрэтыя сонцам, загарэлыя да чарнаты, відаць, падпіўшы, бо жэсты рэзкія, парывістыя, а гутарка вясёлая, крыклівая. Побач ляжаць мыліцы, адшпіленыя пратэзы.

Жанчына з мыліцамі, без нагі... О божа! Можна змірыцца з лёсам мужчыны — ён часта вяртаўся з войнаў то без нагі, то без рукі, то зусім знявечаны, але жанчына!.. Маці! Гэта ніяк не ўкладвалася ў галаве. Вось яна, гэтая тонкая, далікатная, звышчулая істота — жанчына, якая створана прыродай для самай высокай, самай святой і пачэснай місіі — радзіць і гадаваць дзяцей, працягваць на зямлі жыццё,— яна сёння інвалід... Хто за гэта адкажа? Хто?..

— Грыша! Ачніся! — чуецца голас. Гэта Галя. Яна стаіць ля лаўкі.

Русіновіч нейкі момант няўцямна глядзіць на яе, потым нехаця ўстае і бярэ яе пад руку. Яна вызваляе руку.

— Не трэба, прашу цябе. Тут гэтулькі народу...

— Яшчэ хто ўбачыць... Праўда? — падколвае яе Русіновіч.— Будуць смяяцца, данясуць рэктару, што яго студэнты дазваляюць сабе такія вольнасці...

— Ты не дасціпны, гэта ты сам ведаеш. Таму з табою мне часам сумна...

— Дзякую за шчырасць... Што я магу зрабіць? Курсаў, такіх пакуль што няма, і я не ведаю, як будзе далей.

— Курсы не памогуць, дасціпным трэба радзіцца.

— Пэўна ж, спярша радзіцца, а пасля вучыцца. Аднак жывуць на зямлі і маўчуны. І апошніх болей. Куды ім падзецца?

— Куды хочуць. Але я іх не люблю. Мне падабаюцца такія, як артыст Алейнікаў... Ну, яшчэ як Марк Бернэс ці хоць бы Кручкоў.

Русіновіч памаўчаў, пасля сказаў праз зубы:

— Мяне якраз цікавіць адваротнае смеху.

— Што?

— Плач.

— Вось як?..

Яны селі ў трамвай. Народу было многа, яны ледзь уціснуліся. Потым плынь занесла іх наперад, яны сталі ля пярэдніх дзвярэй адно пры адным, трымаючыся за парэнчы. Рукі іх датыкаліся, і Галя ўвесь час адсоўвала сваю руку ад яго, а ён знарок пасоўваў сваю. Галя тады сярдзіта зіркала на яго вачыма, моршчыла носік і нямоцна біла яго па руцэ.

Урэшце яны выходзяць з трамвая і моўчкі ідуць праз старыя запушчаныя могілкі да возера.

— Ты бачыла інвалідаў у скверыку пры вакзале? — пытае Русіновіч і асцярожна бярэ Галю за локаць.

— Ай, лепш не трэба аб гэтым...

— Чаму?

— Страчаныя людзі!

Русіновіч не мог пагадзіцца з ёю, але не хацеў і спрачацца, трохі памаўчаў. Аднак думкі не пераключаліся на другое.

— Дарэмна ты так лічыш,— нібы спрачаючыся ўжо не з Галяй, а з самім сабою, загаварыў Русіновіч.— Ты ведаеш, што на нашым факультэце вучыцца хлопец, у якога няма нагі і абедзвюх рук? Ён журналіст, піша сам, усё робіць сам. А каб ты бачыла, які ён чысты, паголены, акуратны — не паверыш, што ён калека. І заўсёды вясёлы.

— Не веру я ў такі цуд,— стаяла на сваім Галя.

— Які ж гэта цуд, калі гэта рэальнасць?

— Усё роўна. Ты мяне не пераканаеш.

Яны перайшлі плаціну, кіруючы на лодачную станцыю. Давялося выстаяць доўгую чаргу — у пагодлівыя дні лодкі былі нарасхват. Галя пачынала нервавацца.

Сонца паліла, і клікала да сябе вада халадком, а тут трэба было стаяць. Урэшце Русіновіч аддаў свой пашпарт, атрымаў квіток, пайшоў браць лодку.