Зачыніўшы краму, Аля пайшла гуляць па мінскіх вуліцах: і гэтак жа, як упершыню паглядзела на пакупнікоў, падняла вочы на свой горад. Мінск больш не здаваўся стэрыльным, нудным, афіцыйна-дзелавым. Ён мяняўся: то там, то тут з'яўляліся месцы «не ад гэтага свету»: пра такія казалі, «як у Еўропе», бо калі апынаўся там, адчуваў сябе ў іншай, лепшай, рэальнасці. Але штосьці было ў іх мясцовае, сваё — і гэта лаялі, ды Алі гэтая «мясцовасць» падабалася. Узнікалі новыя прафесіі, цэлыя працоўныя класы найноўшых тэхналогій. І гэта не была падказка з «таго» боку: так прыдумалі свае. І было шмат людзей, апранутых па-новаму. Але хто можа з упэўненасцю сказаць, што яны пераймалі, а не стваралі свой стыль? Прастора навокал змянялася і рабілася прыдатнай для жыцця. Не, не змянялася — яе змянялі.
Узяць сэканды: з імі змянілася стаўленне да вопраткі ва ўсёй краіне, цяпер яны на кожным кроку. На кожным кроку. Аля згадала, што ёсць яшчэ невялічкі сэканд зусім побач, каля аўтобуснага прыпынку. Вось куды трэба было ісці ў першую чаргу — шукаць дапамогі, парады. Ці хаця б спачування.
Сэканд адчынены, але ў ім — нікога: працоўны дзень, амаль дзевяць гадзін вечара. Пах — той самы, што і ў яе краме, але да яго прымешваўся моцны пах добрай кавы і салодкай кветкавай парфумы. Ландышы?
— А вось і яна! Я ўжо думала, што не дачакаюся! То ты вельмі занята, каб праведаць суседку? Жартую-жартую, каву будзеш? — з-за вешалкі выйшла высокая белавалосая жанчына ў чорнай спадніцы і каралавай блузцы.
— Дзякуй, не трэба. А як ты мяне пазнала?
— А я не пазнала. Мне Жэнька твой здымак паказала, калі забегла на развітанне, — жанчына ўзяла кубак і цыгарэту і махнула рукой, запрашаючы з сабой на ганак. — Так спяшалася на «сваю дачу», усё паўтарала: «Надзя, калі Аля прыйдзе да цябе (дарэчы, я — Надзя), то ты ж дапамажы ёй па першым часе, слёзкі абатры, маршруцік парэкамендуй». А то ж Аля і не плача, і сама ўва ўсім разабралася. Дзе ўжо была?
— У Амстэрдаме, Празе, яшчэ ў Бельгіі.
— Нармалёва. Для пачатку, — Надзя зацягнулася. — Але толькі для пачатку. Запамінай: Францыя — але джынсы не бяры, а то занясе ў нейкі працоўны квартал Ліёна (там не файна, скажу я табе), выбірай сукенкі, як мага даражэйшыя, але тут ты не дура, разумееш, чаму. Цудоўна, калі завязуць Швейцарыю. Папярэджваю: гэта бывае вельмі рэдка, таму не вывешвай усе рэчы адразу на продаж, прытрымай што на ўсялякі выпадак, там краіна добрая. Ісландыю — ну, не ведаю, чакала я, чакала, так ні разу і не было. А як табе Ніца?
— Яшчэ не атрымалася трапіць.
— Ну, то будзеце ў нас на Калыме. — Надзя штурхнула яе локцем у бок і засмяялася, — запрашаю ў госці. Добра, што ты зайшла. Яшчэ б некалькі дзён і ўсё, прапаў бы мой шматгадовы досвед. Я, ведаеш, пераязджаю. Хопіць мне тут мыкацца, а правілы гэтага не забараняюць, я так Антону і сказала. Між іншым, вы ўжо бачыліся? І як табе Антон? — яна шматзначна падняла брові. — Паразумеліся? Ці ты чырванееш? — і зноў штурханула.
— Расказваў, як жыць далей.
— Ат, шмат ён ведае, як жыць. Жэнька дурненькая. Яна мяне не слухала, ты паслухай: калі захочаш мяняцца, то мяняцца можна і на той бок. Канечне, гэта зашмат працы: горад падыходзячы адшукай, паматайся там, каб знайсці чалавека, якога можна будзе... Ну, з якім можна будзе памяняцца. Падрыхтуй там усё. А пасля, калі ўсё сарвецца, пачні зноўку. Ты мовы ведаеш? Я лінгвістычны скончыла, мне з гэтым прасцей.
— І ты зараз у Ніцу?
— На поўдзень Францыі, да Міжземнага морачка, — выкінула цыгарэту. — Аля, ведала б ты, колькі гадоў я над гэтым працавала! А цяпер — глядзі ты, расказваю і не баюся сурочыць. Бо там верная справа. Колькі мяхоў з вопраткай я перакапала-перацягала, каб знайсці гэту аднюткую рэч! Пінжак Шанель, канечне, пацяганы, але там гэта завецца «вінтаж». І вось у Ніцы ў кавярні да мяне падбягае жанчына: «Няўжо гэта тая самая мадэль? І у такім добрым стане? Прадайце за любыя грошы, я калекцыянер, мне жыцця не будзе без гэтага пінжака». Ага, думаю, а сама: «Не магу я прадаць, ведаеце, гэта тая самая мадэль, вінтаж, між іншым». Так мы і пазнаёміліся. Запрасіла да сябе: вялізны будынак, вокнамі да мора. Не замужам. Іду я па той хаце і думаю: «Божачка, і як мне так шчасціць, што і мужа сабе змагу выбраць, а не як тут, некаторыя, абы за каго, толькі б за мяжу». Некалькі тыдняў на выходныя толькі туды і «ездзіла». Усё даведалася пра яе: закупае вопратку для буцікоў. Амаль тое, што і я раблю. Ты паглядзі, як тут у мяне ўсё ўладкавана.
Яны вярнуліся з ганка ў краму: толькі сукенкі, спадніцы і блузкі, класічныя нагавіцы, строгія кашулі розных колераў. Некалькі з густам падабраных камплектаў з шалікамі і сумачкамі.