Выбрать главу

— Я люблю сваю працу, як бачыш. І мне падабаецца прыгожа апранаць нашых жанчын. А для некаторых толькі і магчымасці апрануцца, што ў сэкандзе. Таму я вельмі ўважліва выбіраю вопратку для сваёй крамы, шмат чаго вяртаю, адкуль прыйшло. І адразу бачу, што каму патрэбна. Вось цябе я б пераапранула ў штосьці больш «жаноцкае». Не, я не супраць нагавіц, калі толькі гэта не джынсы, але вось табе б я параіла...

— Дык што там Ніца?

— Ніца? Ніца неверагодная! Я ўжо люблю і той дом, і тую працу. Пытаешся, як я ўсё ажыццяўлю? Сказала, што я таксама калекцыянер і таму прадаць не прадам, але памяняюся на пінжак, апрануты на ёй у мінулы мой візіт, маўляў, яго мне не хапае ў маёй калекцыі. Яна там звар'яцела ад шчасця, але я зрабіла выгляд, што перадумала, каб памацней зачапіць, і вось узяла тыдзень на развагу. Насамрэч, на развітанне з Радзімай.

Надзя выключыла святло і зачыніла дзверы.

— Як жа ты памяняешся? Як яна тут зможа?

— А я як змагла? — Надзіны вочы прыжмурыліся, зрабіліся жорсткімі. — Я нічога не парушаю! І не трэ­ба яе шкадаваць: тут усе былі супраць, калі пра мой план даведаліся, бо таксама «як адаптацыя, як мова». Як-як. Як-небудзь. Няхай хутчэй выпрабавальны тэрмін заканчваюць, няхай яна забывае ўсё хутчэй — за дзень, а не за месяц.

— І што, забываеш усё? І не памятаеш ні мясцін, ні сяброў, ні бацькоў? — вельмі ціха спытала Аля.

— Нічога, — жорсткасць знікла. — Мне сказалі пра лінгвістычны, бо высветліла: разумею некалькі моў. Больш нічога не засталося. Ведаю толькі, што маю звычку ўвечары выпіць кубак добрай кавы і люб­лю духі, якія пахнуць ландышамі. Але не ведаю, чаму люблю: ці мае яны, ці імі, напрыклад, карысталася маці. — І зноў усмешка: — Вось гляджу на цябе і думаю, не паспееш ты з майго досведу скарыстацца, пераробяць яны правілы, перакрыюць шлях на захад. Галоўнае, каб мне паспець. Не буду, пэўна, чакаць выход­ных. Бывай!

І пацалавала ў шчаку.

— Ты не чула, каб каму-небудзь вярталі яго жыццё?

— Ніколі. Я ж казала, тут ўсё па правілах. Іншая справа, калі абставіны добра складуцца. Вось як у мяне. Ды не, я свае абставіны сама па кавалачках, па шматочках складала. Але калі ты хочаш пажаліцца, ідзі да кіраўніцтва.

— І дзе мне яго знайсці?

— Там, дзе можна знайсці ўсё. На Жданах.

***

Назаўтра Аля паехала ў Ждановічы: добра, што будны дзень, таму аўтобус познім ранкам быў напаўпусты, не тое што ў суботу ці нядзелю — не ўціснуцца. Праязджала Надзін сэканд — зачынены: цалкам верагодна, што Надзя ўжо гойсае ў цёплых хвалях, а тут думаюць, як падрыхтаваць новенькую.

На рынку людзей было таксама няшмат: маленькі натоўп з аўтобуса расцёкся па тэрыторыі — адны накіраваліся за прадуктамі, другія — за шпалерамі. Аля і некалькі жанчын пайшлі ў напрамку адзення. Перад будынкам, дзе прадавалася звычайная, новая вопратка, раскінуліся рады сэканд-хэндаў: рэчы віселі ў палатках і ляжалі вялізнымі кучамі пад адкрытым небам. Пакупнікі, нахіліўшыся, корпаліся ў рознакаляровых пагорках, нібы выбіралі з зямлі бульбу. Дапамагала ім вясёлая немаладая жанчына з загарэлым тварам.

— Бярыце-бярыце, ладны кажух! Нямецкі, толькі прывезлі. Зараз не апранеш — не сезон, затое зімою як знойдзеш!

Мужчына яшчэ круціўся перад люстэркам, але па твары ўжо было відаць — пойдзе дамоў з набыткам.

Аля глядзела, як шукае рэчы старая пара: у мужа ўжо было некалькі маек і кашуль, карычневыя нагавіцы, і цяпер ён угаворваў жонку ўзяць спадніцу — ружовую, з белымі кветкамі і зялёнымі лістамі. Яна аднеквалася і казала, што няхай грошы лепей будуць дзецям.

— Калі возьмеце шэсць рэчаў, сёмая пойдзе бясплатна! — жанчына раптам апынулася зусім побач з Аляй. І звярнулася ўжо да яе:

— Ну, то будзем знаёмыя! Мяне клічуць Стэфай, а цябе — Аляй, і за табою замацавана крама нумар 44, — Стэфа развінціла тэрмас і наліла ў кубак мятнай гарбаты. — Трымай і бяры тут у мяшэчку цукеркі, зараз я да цябе далучуся.

Яна забрала грошы за кажух, запакавала рэчы для мужа з жонкай: спадніца пайшла «ў падарунак». Вярнулася да Алі з двума раскладнымі зэдлікамі, крыкнула: «Маша, падмяні мяне», — і, наліўшы сабе гарбаты, села насупраць.

— Ну што, родненькая, сумуеш?

— Сумую.

— Нічога, пабаліць і перастане. Такое жыццё. У мяне кожны раз, калі да мяне хто новенькі прыходзіць, сэрца крывёю абліваецца. Але нічога я зрабіць не магу, хаця б тут і галоўная. Таму нават не пытай: не, нічога вярнуць не магу.

— Вы тут галоўная?

— Што, не падобная да кіраўніцтва? — Стэфа ўсміхнулася, адкусіла кавалачак шакаладнай цукеркі, запіла гарбатай. — Але ж гэта я. З мяне тут ўсё пачалося. У 90-я шмат хто па рэчы ў іншыя краіны катаўся, толькі я ўсё на захад, а не на ўсход. І вось вярнулася аднойчы з партыяй сэканда: ён разышоўся хутка, хут­чэй за новае адзенне. Год гандлявала, а пасля яны на мяне і выйшлі. Сказалі, што справу трэба пашыраць, ну і пра іншыя інструкцыі таксама.