— А вы раскажаце, хто «яны»?
— «Яны» — значыць, «не мы», і ўсё на гэтым. Адмаўляцца і не думала: калі б не мяне, ды знайшлі б іншую. А тое, што вось так з жыцця выдзіраюць — ну, чаго не бывае на свеце. Затое справу карысную робім. І старых апранаем, і малых. І не толькі апранаем.
— Вы пра характар?
— І пра яго. Не я адна вырашаю, што нам патрэбна. Абмяркоўваем, раімся, сочым за падзеямі. Я вось за тое, каб навучыцца жыццю радавацца, таму, што маем, а не сумаваць па таму, чаго няма. І вось замаўляю, а ты праз месяц выстаўляеш на акенца шыльдачку: «Італія, новы завоз!»
— Але ж у нас не Італія, ім там радавацца лёгка.
— Так, не Італія. Ды з чагосьці трэба пачынаць інтэгравацца ў сусвет, як тое кажуць. Ты ведаеш, колькі разоў я вяла такую размову? — Стэфа дастала з-пад кашуль і маек стары агульны сшытак у цыратавай вокладцы. — У мяне ўсё запісана, усе, хто працуе ў крамах па ўсёй краіне. Дык вось, калі толькі пачыналі, была адна крама і адна краіна, цяпер — зусім іншая. Змены ёсць, ды ты і сама гэтага не можаш не заўважыць. А тое, што дзеля гэтага табе неабходна ахвяраваць чымсьці сваім...
— Маім, — паправіла Аля, ды Стэфа гэтага не заўважыла.
— То гэта, родненькая, у жыцці без ахвяр ніяк. Пакінь мне свой тэлефон, каб калі што былі на сувязі.
Стэфа акуратна запісала нумар і зноў схавала сшытак.
— А тое, што ные, хутка супакоіцца. Вось пі гарбату з мятай, дапамагае ад нерваў. Ці ты маеш што яшчэ запытаць?
***
Аля падлічыла, што гэта будуць апошнія выходныя выпрабавальнага тэрміну — ён заканчваўся ў наступную сераду. Ёй хацелася вярнуцца ў Астэндэ, паразмаўляць з Антонам, але тую кашулю яна пасушыла і павесіла да астатніх — і нават не заўважыла, як яе купілі. Таму пашукала падобную, з Нідэрландаў. Згадала сваё абяцанне трапіць у вінную краіну — і знайшла прыгожыю чырвоную сукенку з Францыі.
У Астэндэ трапіць не атрымалася — кашуля прывяла ў Гаагу. Паўночнае мора там здавалася бэжавым, бэжавым быў і пляж, і нават неба. Аля зняла кеды і адчула паміж пальцамі халодны пясок — у пятку ўтыркнулася ракавінка. Накіравалася да гмаху палаца, які высіўся над узбярэжжам: акурат перад ім было некалькі кавярняў — з драўлянымі тапчанамі і мяккімі падушкамі. Падавалі каву і кактэйлі. Доўга не магла патлумачыць, што замаўляе латэ (афіцыянт даводзіў, што ў іх «латэ» значыць «малако»). Пасля, лежачы ў адзіноце на падушках, глядзела на мора і думала, што ўсё не так ужо і дрэнна: яна дапамагае глабальнаму працэсу яднання, а на выходных можа рабіць тое, аб чым мараць тут усе, — падарожнічаць. Да яе падбеглі два сабакі — канечне ж, бэжавыя — і адзінота знікла зусім.
Перад тым, як трапіць у Францыю, хацелася стаць вельмі прыгожай — гэтага жадання не было ўжо даўно, таму першую палову дня Аля правяла ў цырульні — зрабіла прычоску і манікюр. Пафарбавалася дома пакінутай касметыкай.
«Ну што, віно, я іду да цябе! Святкуем разам развітальны вечар! Хутка я забуду сваё мінулае. І нічога не будзе мяне турбаваць — застанецца толькі асалода ад адкрыцця новых мясцін. Таму спачатку закрыем старое».
І — не, гэта быў не Парыж, дзе заўжды хацелася пабываць. Гэта былі Каны — горад, дзе пабываць хацелася невыносна. Аля ішла да Палаца фестываляў на бульвары Круазет, нехта крыкнуў ёй: «Magnifique!» (Цудоўная!). Яна згадвала, як, калі паступіла на тэатральны, расказвала маці, што абавязкова трапіць у Каны — на чырвоную дарожку.
У той раз яны з маці хадзілі па крамах і намералі для Алі вельмі прыгожую і вельмі дарагую сукенку — зялёную, з залатымі блішчынкамі, што вельмі пасавала да яе рудых валасоў.
— Мама, калі я гляджуся ў люстэрка, то гляджу не на сукенку. Я бачу тое, што навокал: памятаеш магічнае люстэрка ў «Гары Потары»? Толькі тут магічная сукенка — і я. Вось я на сцэне, мой першы спектакль — поспех, мама! Я апранаю гэтую сукенку пасля для прэзентацыі — і да мяне падыходзіць знакаміты рэжысёр: калі мы з табой захапляліся яго фільмамі, то і не думалі, што давядзецца пазнаёміцца з ім. І вось ён прапаноўвае мне галоўную ролю! І мой фільм трапляе на Канскі фестываль. А калі мяне запросяць на прэм'еру, то я змагу выбіраць з тысяч сукенак — але апрану гэтую, няхай зноў, і ў ёй апынуся на чырвонай дарожцы. Вось што я бачу перад сабой. Купім?
Яны купілі гэтую прыгожую і дарагую сукенку. Пасля Аля яе так ні разу і не апранула — не было куды. І зразумела ўсю дарэмнасць сваіх мар. З тых часоў, калі глядзелася ў люстэрка, бачыла толькі сябе — і нічога больш.