Выбрать главу

— Алкаголь! Я адчуваю алкаголь! Аляўціна, ты п'яная!

І ціха заплакала.

Аля адчыніла шафу — гэта не яе рэчы! Вось паркалёвая спадніца, нейкія вычварэнскія леапардавыя легінсы і нешта падобнае да баа.

— Ай-яй, дачушачка, што ты з сабой нарабіла! Такая заўжды прыгожанькая, а зараз як са сметніка апранутая, п'яная.

Таўстуха раптоўна скончыла енчыць, паднялася і сказала строга:

— Аляўціна, хадзем у кухню. Табе трэба заесці. Добра, што я сёння прыгатавала боршч. Пагаворым пра твой учынак ранкам. Зараз ты не ў сабе.

Аля зрабіла выгляд, што ідзе ў кухню, а сама выскачыла ў калідор і пабегла па лесвіцы. Прыслухалася — яе не праследавалі — і прыхінулася лбом да шурпатай сценкі, заплюшчыла вочы:

— Я не ў сабе, я не ў сабе, я не ў сабе.

І тут мільгнула здагадка — піва. Ёй нешта падмяшалі ў піва! Цяпер зразумела, хто вінаваты.

Жэня стаяла ў дзвярах, чакала:

— І навошта было так хутка ўцякаць?

— Што ты мне насыпала ў піва?

— Ціха-ціха, гэта не піва. Заходзь, я растлумачу.

— Нікуды я не пайду.

— Ну, добра, давай я буду тлумачыць усяму двару. Гэта закляты вагончык, а на цябе пачала дзейнічаць яго магія. Хочаш, адкацім твае галюцынацыі? Зайдзі і пераапраніся, як была.

Жэня ўсміхнулася і сышла з ганка, даючы дарогу. Аля замкнула за сабой дзверы, хутка нацягнула родны блакітны швэдар, памаранчавы кінула на канапу.

Моўчкі прайшла паўз Жэню, набрала код пад'езда і паднялася да сябе. Націснула на званок. З-за дзвярэй пачулася матчына:

— Хто там?

— Гэта я. Забыла ключы.

Ёй адчыніла сумная маці. Яе маці. Аля не ведала, што сказаць, а таму толькі моўчкі абняла яе. І адчула, як яе абдымаюць у адказ. Так яны і стаялі некалькі хвілін.

— Ты прабач мне.

— І ты мне.

Забрала ключы і тэлефон і зноў абняла, ужо на развітанне:

— Мне там трэба яшчэ схадзіць.

— Я без цябе не буду класціся, ведай. Таму вяртайся няпозна.

***

Жэня стаяла на тым самым месцы.

— І?

— Афігенна!

— Тады пайшлі, раскажу далей, піва яшчэ ёсць. Калі не баішся.

Зноў занялі свае месцы (Жэня — у фатэлі, Аля — на канапе):

— Як я і казала, гэта незвычайная крама. Дакладней, і крама, і не крама — калі яна вырашыць адкрыць табе сваю сутнасць. Я тут магу паспрыяць, але канчатковае рашэнне за ёй. Таму віншую — ты прайшла гэты ўзровень!

— І што гэта — тэлепорт? Партал? Пляцоўка для трансгрэсіі?

— Ты можаш нацягаць якіх хочаш слоў з фантастыкі, але я не ведаю, які тут тэрмін падыдзе. Расказваю, як працуе, а ты называй, як хочаш.

— І як працуе?

— Я ж расказваю. Ты апранаеш чужое адзенне — і быццам бы апранаеш на сябе чужое жыццё.

— Навошта гэта?

Жэня зрабіла глыток:

— Тут і я не да канца ведаю. Для разнастайнасці?

— Якая там разнастайнасць! Той жа пакой, толькі памаранчавы.

— Гэта таму, што ты выбрала адзенне, падобнае да таго, што сама носіш. І вось таму кватэра падобная да тваёй, але ты жывеш не адна, а з маці, я здагадалася? Ды і жыццё ў цябе такое, троху больш памаранчавае. Давай абмяняем швэдар хіба што на гэту панкаўскую цішотку — і ты пабачыш, як усё зменіцца.

— А мяне там ў гэтай цішотцы не заб'юць звар'яцелыя панкі? — Аля ўціснулася ў нешта чорна-чырвонае і падрапанае.

— Хіба толькі ты каго заб'еш! Калі пажадаеш, канечне. З майго ўласнага вопыту і ў каго з нашых пытала — заўсёды трапляеш у асяроддзе, дзе да цябе добра ставяцца. Смярцей у нас яшчэ не было — наадварот, некаторым жыццё так падабалася, што яны ў ім і заставаліся. Таму наперад, каралева панкаў!

Аля знікла ў прыцемках: на двары стала змрочна. У вокнах шматпавярховак загараліся люстры і лямпачкі, таму побач з імі маленькі вагончык здаваўся асабліва нежылым. Чорны бязлюдны востраў, які акружылі вясёлыя гмахі круізных лайнераў: там п'юць, ядуць, гамоняць, танчаць, грае музыка. Чорны востраў — маўчыць.

Жэня правяла рукою па пластыкавай сцяне — нібы пагладзіла яе — ласкава, развітальна. А пасля стук­нула кулаком — руку працяў боль. Час запальваць святло: глядзіце, на востраве — маяк, тут таксама ёсць жывыя душы, хутчэй, хутчэй сюды!

Прыбегла Аля:

— Нічога сабе! Ніколі не магла б уявіць, што з маёй кватэры можна такое зрабіць: шпалер няма, з мэблі — толькі гірлянды пад столлю. Ну і дыван, ці матрас, ці што там на падлозе. Цёмна, мала што разгледзіш. Вечарына чалавек на дваццаць, я нікога не ведаю — але мяне, здаецца, усе ведаюць. Я сказала, што пайду ім яшчэ гарэлкі куплю, вось так і збегла.

Аля расчырванелася і цяжка дыхала. Жэня паднялася і працягнула ёй новую бутэльку піва:

— Ці мо табе гарэлкі?