*
У рамане Сцівена Кінга «Мёртвая зона» галоўны герой рамана, экстрасенс, трымаючы ў руках пачок ад цыгарэт, намагаецца і нічога не можа сказаць пра яго ўладальніка: пачок маўчыць.
Так і ў пісьменніцтве, так і ва ўсім: мы заўважаем і кажам тое, што адгукаецца нам, што само падае нам свой голас.
*
«Палімпсест» — прыгадаў гэтае слова і гэты верш Уладзіміра Жылкі, калі пабачыў, як рэдагуецца спадчына: наклейка на наклейцы, купюра на купюры... Усё яшчэ недастаткова адкрытая, усё яшчэ недастаткова вывучаная і ацэненая, яна не мае магчымасці выконваць у грамадстве сваю неабходную і адно толькі ёй уласцівую ролю. Неактывізаваная спадчына не проста прысутнічае ў пасіве, але бесперастанна траціцца, вычэрпваецца. Як энергія, якая не ператвараецца ў карыснае дзеянне. Як святло, якое затульваюць каптуры.
*
Чаму паэту, які ўчора пісаў цікавыя, глыбокія вершы, сёння гэта не ўдаецца? Хоць, здавалася б, і вопыту ў яго больш, і жадання не менш...
Зразумела, паэт не валадар над вершамі і не іх вытворца («Паэт не той, хто піша вершы, не...» — паводле Уладзіміра Някляева). Але і не прылада, якой пішуцца вершы. Без яго добраахвотнай волі, без яго свядомай адносіны, без яго асабістага і асабовага ўдзелу (саўдзелу) немагчыма ніякая творчасць.
Паэт не выключэнне сярод людзей, а, хутчэй, правіла, праява універсальнага сусветнага закону, які ён жа сам і фармулюе. I ад таго, як ён яго фармулюе, залежыць яго жыццё, яго творчы лёс.
*
Калі доўга не бачышся з кім-небудзь са знаёмых, пры сустрэчы, бывае, не маеш яму што і паведаміць: мяняецца маштаб, якім вымяраецца твой час.
Мадэль часу нагадвае кола: у ім ёсць акружнасць і ёсць цэнтр, дынаміка і статыка, цэнтраімклівае і цэнтрабеж-нае...
Акружнасць множная, цэнтр цэласны, для акружнасці ўсё здараецца, для цэнтра — адбываецца, акружнасць мысліць лінейна, цэнтр — радыяльна, на акружнасці пануе выпадак, у цэнтры — заканамернасць, на акружнасці — «макра», у цэнтры — «мікра», на кожны мікрон якога прыпа-даюць зорныя кіламетры макраадлегласці.
Чалавек пастаянна супрацоўнічае і з цэнтрам, і з акружнасцю, і, у залежнасці ад таго, у якіх стасунках знаходзіцца ён з імі, мяняецца маштаб — і якасць — яго жыцця і мыслення. Чым больш ён «акружлівы», тым больш ён асобны і асабовы, чым больш «цэнтральны», тым больш усіхні і ўсюдны.
Самая-самая сарцавіна часу як бы іншародная самой прыродзе часу, яна нерухомая, але ў ёй змяшчаюцца ўся зямля і ўсё неба.
*
Літаратура пра вайну, пра вёску, пра настаўнікаў ці інжынераў... Усім «пра» ўласцівы модус мінуласці. I калі твор не пераадолеў тэмы, ён яшчэ нямы, нямоглы.
*
Усе значныя адкрыцці ўзнікалі на мяжы «не можа быць», на мяжы нонсенсу. Нонсенс — неабходны фактар жыцця, неабходны фактар творчасці. Смерць — нонсенс, але жыццё раіцца з ёю.
«Гучныя» паэты падобны да купцоў, якія хваляць свой тавар, «ціхія» — на тавар, які чакае сваіх купцоў.
*
Прастата, якая не прайшла стадыі складанасці,— прымітыў.
*
Мастацтва мае на ўвазе звышзадачу. Вырашаючы проста задачу, яно не можа ў ёй ні праявіцца, ні расцвісці. Яго, як касмічны карабель, жывяць звышадлегласці. Разам са скарачэннем адлегласцяў скарачаецца і яно самое.
*
Рэгламентаваныя пошукі — не пошукі: у іх адсутнічае самае асноўнае — фактар навізны, фактар невядомасці.
*
Запаветнай мэтай мастацтва ва ўсе часы былі не новыя творы, а новы чалавек. Калі гэтая мэта гублялася, мастацтва драбнела, плытчэла, «залітаратурвалася», станавілася ўменнем — сумай прыёмаў і навыкаў.
Мастацтва Адраджэння таму і ўзвышаецца на цэлую галаву над іншымі эпохамі, бо гэтая галава належала новаму чалавеку.
*
Як шмату літаратуры такой літаратуры, якая патурае чалавечым недахопам, слабасцям, заганам, жывіць і актывізуе іх.
Калі б раптам чалавецтва знайшло ў сабе моц вызваліцца ад усіх гэтых немачаў і заганаў і ўзнялося на прыступку вышэй у сваім станаўленні, што засталося б ад літаратуры?!
Літаратура, якая толькі тым і займаецца, што фіксуе, сцвярджае, услаўляе існуючае становішча рэчаў, кепская памочніца чалавеку.
Сцвярджаючы рэчаіснасць, зацвярджаем яе: робім занадта цвёрдай, занадта каменнай — няздатнай да развіцця, непранікальнай для зроку і думкі.
*
Вершы — своеасаблівыя клеткі, у якіх знаходзяцца незлічоныя паэтавы двайнікі. Яны любяць быць навідавоку, яны любяць быць надворнымі — каб іх разглядалі, каб іх слухалі, каб пра іх гаварылі. I свабоду яны апяваюць, не жадаючы пакідаць гэтае сваё жытло.