Жыццё — у магчымасці жыцця, чалавек — у магчымасці чалавека: ён ёсць настолькі, наколькі становіцца тым, кім можа стаць.
*
Самасвядомасць не тое, што я ўсведамляю сябе сабой, а тое, што ўсведамляе мяне мной.
*
Чалавек упісаны сваім абліччам — унутраным і вонкавым — у ісціну, і ад таго, як ён упісаны, якое ў яго аблічча, залежыць, што ён скажа пра ісціну, што яна сама скажа пра сябе.
Іншым чынам яна не можа ні праявіцца, ні ўвідавочніцца.
*
Калі Хрыста цягнуць, як коўдру, на сябе, даказваючы, што іхняя вера самая правільная, ён — мінулы; калі цягнуцца да яго — ён будучы, і, такім чынам, вернікі і веравызнанні самі апынаюцца альбо мінулымі, альбо будучымі.
*
Рэчы — спадчына, што перадаецца ад чалавека да чалавека, і адначасова спадкаемцы, што наследуюць людзей.
*
Чалавечыя цывілізацыі — не дарога, якая ведае, куды вядзе, і якая не пакідае нікога ў мінулым, а сляды самотнага падарожніка: між імі адлегласць, і з'ядноўваюц-ца яны між сабой не нацянькі, не суцэльнай лініяй, а праз таго, хто ідзе і не пакідае аб сабе іншых сведчанняў, апроч слядоў.
*
Мастак глядзіць у мастацтва, як у люстэрка, і распазнае ў ім свае сутнасныя рысы. Гэтае распазнаванне адбываецца як удзел у тым, што само ўдзяляе мастаку сваю ўвагу. Тое, што здольна распазнаваць, выяўляючыся, становіцца тым, што, у сваю чаргу, здольна быць распазнаным.
*
Пакуль чалавек ёсць тым, кім ён ёсць, ён пытаецца і адказвае, кім ён ёсць. Ён мусіць пытацца і адказваць, каб мець сябе ў часе і з'яўляць у свеце. Гэтыя пытанні і адказы ніколі не канчатковыя: яны пастаянна ўзнаўляюцца, і ўчора яны не менш істотныя, чым заўтра, як, нягледзячы на тое, кім ён мае і з'яўляе сябе, «учорашні» чалавек для сябе не менш істотны, чым «заўтрашні»; і разам з тым заўсёды канчатковыя — як канстанты яго знаходжання ў часе і ў свеце.
*
Эвалюцыя адбываецца ў кірунку, у якім я магу ўсё больш і — наадварот — усё больш не магу. За абсягамі акрэсленай рэчаіснасці настойліва вымалёўваецца абсяг, дзе ўсё і нішто азначаюць адно і тое ж.
*
Структура часу, як і структура ДНК, уяўляе двайную спіраль: адна вядзе ў будучыню, другая - у мінулае, адна - уверх, другая - уніз. Гэтая двайная спіраль відаць і на старажытных сімвалах: кадуцэй Гермеса абвіваецца дзвюма вужакамі.
*
Вада і агонь, якія пярэчаць адно аднаму, мірацца на чалавеку: і вада ачышчае яго, і агонь таксама.
*
Вечнасць — не доўгі час, інакш яе насельнікамі былі б адно камяні і бронза, а новая якасць жыцця і часу, і творыцца яна жывымі людзьмі.
*
Калі палітыка — мастацтва магчымага, то само мастацтва — мастацтва немагчымага.
*
Як сляды на снезе не падобныя на таго, хто іх пакідае, так і той, хто іх пакідае, не падобны на таго, чыім следам ён з'яўляецца сам,- на сваю сутнасць.
*
Вобраз, як шыбіна ў акне: калі празрыстая – не заўважаецца, калі заўважаецца — не празрыстая. У мастацтве асноўнае не сам вобраз, а яго здольнасць быць празрыстым, прапускаць праз сябе тое, чым ён сам не з'яўляецца, быць «праз-вобразам».
*
Чалавек мысліць тою сваёй іпастассю, якая і сама яшчэ творыцца. Таму і магчыма, таму і мае сэнс творчасць, што разам з задуманым творам дзейсніцца яшчэ адзін твор — творца.
*
Адна немагчымасць — гэта толькі немагчымасць.
Але сума немагчымасцяў дазваляе ўзнікнуць новаму стану рэчаў — магчымасці.
*
У вершы, што кажацца,- здзяйсняецца. Паэзія — здзейсненая мова.
*
Рассыпаны на паперы жмені слоў.
I я нічым не магу ім дапамагчы.
І яны, і я чакаем хвалі, якая б прыйшла і зрушыла іх, і надала ім змест і мэту.
Без хвалі, што настае, няма ні твора, ні творцы.
*
Здзяйсненні загадзя ведаюць нас, і пры сустрэчы з самым здзейсненым творам, з шэдэўрам, узнікае ўражанне, што сустракаешся з нечым даўно знаёмым.
*
Чалавек шукае сваё месца ў свеце і мае каардынату, якой не мае свет.
«Добраму чалавечку добра і ў запечку, а благой благаце кепска і на куце»,— кажа прыказка.
Добра не там, дзе нас няма, а там, дзе мы ё с ц ь.
*
Калі Бог надзяліў чалавека жыццём, чалавеку захацелася ўведаць і мэту жыцця, і тады Бог надзяліў яго гэтаксама і смерцю.
*
Скласці правільна словы — скласці ўзор самой рэчаіснасці, і якраз з узорамі рэчаіснасці мае справу паэзія.
*
Чалавек — вечны пярэдадзень таго, кім ён становіцца.
Апошняга чалавека няма, ён заўсёды перадапошні.