*
Мастацтва ў заўсёдных пошуках: гэта пошукі такой сваёй канстэляцыі, дзе яно выяўляе тое, што выяўляе яго.
Праўда, не сказаная своечасова, мінае разам з тым, каму яна павінна была сказацца, а калі некалі і кажацца, то ўжо не таму, і таму што не таму, яна ўжо не тая.
*
Бог — выведзеная ў наступнасць уласцівасць чалавека, яго о р г а н, з якім ён яшчэ не атаясаміўся.
*
Нядобрае ад н е д а: дзе я не дастаткова добры, там не дастаткова разумны.
*
Мовай валодаюць па-рознаму.
Але і не валодаюць па-рознаму.
Беларус, што не валодае сваёй мовай, не валодае ёю інакш, чым украінскай, польскай, літоўскай, нямецкай альбо, напрыклад, санскрытам.
*
Усякай творчай з'яве ўласцівы модусы: х т о (аўтар), што (твор) і куды (рэчаіснасць).
Яно, гэтае куд ы, раўнаістотнае з астатнімі модусамі і ад таго, якое яно, залежыць, ці ўвасобіцца твор, а калі ўвасобіцца — якой постаццю.
*
Быць — гэта быць н е к і м. Але быць некім — гэта ўжо не зусім тое, што б ы ц ь.
*
Жывём пад знакам дваістасці, у правай-левай рэчаіснасці, распадобненыя на мужчын і жанчын, здатныя да зла і дабра, уведзеныя ў святло і ў цемру, узважаныя стратаю і здабыткам, і ў з'яве росту маем сябе.
Рост — парадокс, але ім тлумачыцца жыццё.
*
Верш, які хоча напісацца, уводзіць паэта ў сітуацыю, у якой ён можа і мусіць паводзіцца «па-сапраўднаму».
Не споведзь і не пропаведзь, а «сапраўдныя паводзіны» пільнуюць верш.
*
Творчыя біяграфіі акалічнасныя: яны чытаюць сляды таго, хто іх пакінуў.
Найбольш біяграфічныя самі творы: таго, хто іх пакінуў, яны ведаюць напамяць.
*
Твор пішацца і чытаецца тэкстам, але ведае больш, чым тэкст, і нават больш, чым творца. Ён прадыснуе загадзя — як першаўзор, і, каб выявіцца і ўрэчаісніцца, знаходзіць таго, хто здольны знайсці яго.
У творы мы асягаем і распазнаём сябе, і калі ён здзяйсняецца, разам з ім нешта здзяйсняецца і радуецца ў самой рэчаіснасці.
Таму «рукапісы не гараць», і таму «напісанае застаецца».
*
Усё, што чалавек асвойвае і бярэ ва ўласнасць, становіцца звычайным.
Звычайнае — стан, у якім рэчы, а мо і сама рэчаіснасць, давяраюць сябе чалавеку.
Звычайнае як бы не падупадае зменам, яно заўсёднае, і таму выпадае з поля ўвагі.
Бог — нешта настолькі незвычайна звычайнае, што яго немагчыма распазнаць і запомніць.
*
Дарогі доўжацца — і чалавек ніколі не можа напэўна сказаць, кім ён ёсць і кім становіцца.
Але менавіта таму, што яны доўжацца, ён заўсёды ёсць тым, кім становіцца.
*
З «траякага» хлеба, пра які гаворыць айчынная прыказка,— з чорнага, белага і ніякага, мастак выбірае той, што выпадае з ужытку,— ніякі.
Ніякі — хлеб для душы, і ім значнае мастацтва.
*
Прароцтва абвяшчае тое, што ўжо нейкім чынам недзе ё с ц ь, і верш таксама складаецца таму, што нейкім чынам ён ужо недзе ё с ц ь.
Ёсціна — ісціна, і верш — падобны на стралу працяжнік між імі.
*
Крыза — творчая сітуацыя: яна вызваляе ад таго, ад чаго ты сам вызваліцца не ўмееш,— ад набыткаў.
*
Шкамуты паперы і на іх нататкі — неразборлівыя, у некалькі слоў, нібыта для некага, хто зможа аднойчы іх прачытаць і дадумаць, а можа, нават разгарнуць у твор.
Чытаю, дадумваю, разгортваю, але і сам твор, урэшце, заўсёды таксама нататка, і, напісаны для чытача, ён, урэшце, таксама напісаны нібы для некага, для таго, хто здолее яго дадумаць да дна і да краю, а яшчэ лепш да бездані і бяскраю, бо ў падтэксце любога твора — яны.
*
Лішні клопат апраўдваць свае хібы і віны, і нават апраўдвацца за іх — лішні.
Пакідай, наставай, змяняйся — і ўсё не ўласцівае табе адпадзе, і ўсё заблытанае развяжацца.
*
Задума — вестка: яна пабыла ў канцы і вярнулася ў пачатак, каб зараз весці з сабою твор па адно ёй вядомых сцежках.
*
Твор вынікае з галавы аўтара тады, калі вынікае са збегу — відавочных і невідавочных — акалічнасцяў.
Ён імі абумоўлены, і тое, што не спраўдзілася тады, калі задума вабіла і падступалася, але адкладалася на потым, потым ужо не спраўдзіц-ца, а калі спраўдзіцца, дык па-іншаму.
*
Пытанне ладкуе і парадкуе размытае і размаітае, і тое, што аб'яўляецца як адказ, у выніку яно самое.
Нібы магічнае люстэрка, адказ можа ўбачыць усё на свеце, калі пытанне скажа яму — што.
*
Свет — палатно, на якім чалавек малюе сваё аблічча.