Ён бачыць, які ён, і бесперастанку ўдакладняе — удасканальвае — намаляванае.
А дасканалым яно стане тады, калі палатно стане чыстым.
*
Паэт мысліць тым, што вымаўляецца; філосаф вымаўляецца тым, што мысліць.
*
Мясціны, дзе некалі быў, паглыбіліся ў мінулае і ахінуліся ў немату. Яны сталі выспамі і час ад часу настойліва клічуць мяне — што я там пакінуў?
Нічога, апроч сваёй прысутнасці, а яна хоча перажывацца наноў, і ніякіх гадоў не хопіць, каб яе перажыць дарэшты.
*
Па сутнасці, верш пішацца з «канца».
Да таго, як ён выявіцца і замацуецца ў радках, у полі інтуіцыі ён ужо існуе як нешта цэласнае і завершанае.
Кіруючыся да гэтай цэласнасці і завершанасці, якраз і творыцца верш — нібы ўспамінае сябе самога.
*
Чалавек жыве знікаючы і ўзнікаючы, і шлях яго перарывісты.
Вось ён хваля: у ёй ён сябе аддае, і вось ён карпускула: у ёй ён сябе збірае.
*
У кожнай паразе чалавек пакідае частку самога сябе, частку, з якой ён з'яднаны сваёю істотай і ад якой проста так адасобіцца не можа.
Але параза, у якой ён здолее пакінуць усяго сябе,— перамога.
*
Тое, што ёсць т у т, укладаецца ў словы, якія ўкладаюцца ў слоўнікі.
Для таго, што ёсць т а м, слоў няма, але ў слоў, што нейкім чынам дакрануліся да таго, што ёсць т а м,— асаблівая дастатковасць.
*
Зайграй,зайграй, хлопча малы,
I ў скрыпачку і цымбалы,
А я зайграю ў дуду...— гэта Паўлюк Багрым.
Сваім адзіна ўцалелым вершам ён выявіў сам дух беларушчыны, і як, паводле Дастаеўскага, з Гогалеўскага «Шыняля» выйшла руская літаратура, так з гэтага Багрымавага верша дзіўным чынам выйшлі і адгукнуліся яму Багушэвічава «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», Купалава «Жалейка», Цётчына «Скрыпка беларуская», Коласавы «Песні-жальбы».
А калі згадаць той, другі, адваротны бок чалавечага існавання, што мае справу з «адваротнымі», сле ўсё роўна сваімі і нават больш чым сваімі істотамі — каршунамі, кажанамі ды ваўкалакамі, то Багрым паўстае папярэднікам і містычнага Купалы, і міфалагічнага Багдановіча, і няўцешнага Гаруна, і апанаванага пан-лесам Сыса...
Невытлумачальным папярэднікам.
I яшчэ адно — вектар: «Пайду ў свет, у бездарожжа...» Айчынная паэзія, каб выказаць невыказнае, увесь час будзе шукаць шляхі ў «бездарожжа».
*
Паводле хрысціянскай, ды і не толькі, тэалогіі Бог трохадзіны, і якраз праз іпастась Бога-Сына у гэтую мадэль уваходзіць ці, прынамсі, здольны ўвайсці, дзейснячы свой шлях, чалавек.
*
Набыткі — з імі чалавек набывае сябе і з імі вызваляецца ад сябе.
*
Задумы, якія не спраўджваюцца, становяцца перашкодамі, і чалавек сам сабе — таксама.
*
«Май розум, май сорам»,— знаёмы мне чалавек звяртаецца да знаёмага мне чалавека, апелюючы ў ім да таго пачатку, які ў ім адказвае за нешта, што вызначае яго як чалавека.
Сорам — розум, што памятае боскую праўду: чалавек можа яго забываць, траціць, а то і наогул абыходзіцца без яго і тлумачыць сябе акалічнасцямі, але без яго ён нешта заўсёды не тое.
*
Для кожнага творцы тое, што ён здзяйсняе,— з'ява, а тое, што здзейснілася і здзяйсняецца другімі,— топас і тапаніміка.
*
Чытаю вершы, якімі некалі захапляўся. Не, яны не зрабіліся горшымі, але ўжо не маюць у сабе нечага безумоўнага.
Сціраюцца крылы, але разам з імі сціраецца і неба.
Ці, можа, да слыху ўжо дакрануўся і н ш ы гук, і сэрца адгукнулася на і н ш у ю вестку?
*
Як бы чалавеку ні даводзілі, што ён грэшнік, яго сутнасць не хоча з гэтым згаджацца: яна не мае граху.
*
Духудакладняецца целам, цела —духам, яны амаль супадаюць адно з адным і амаль адно адно адмаўляюць, але з гэтага а м а л ь вынікае наступнасць.
«Мяне няма» — звёў і кароткім замыканнем замкнуў краі айчынны філосаф (Валянцін Акудовіч).
«Мяне амаль няма» — выснавала і ўратавала свет для слова паэтка (Надзея Артымовіч).
*
Мінулае занятае: у ім нічога нельга змяніць і перайначыць;
цяперашнасць займаецца і акрэсліваецца: у ёй усё ў зменах, у руху, у барацьбе за лепшае месца пад сонцам;
і адно будучыня заўсёды свабодная — і ад нязменлівасці, і ад зменаў.
*
Чалавек вызначае сябе па тым, што ён думае, чым займаецца, чым валодае, але тое, што застаецца ўрэшце свабодным ад таго, што ён думае, чым займаецца і чым валодае, вызначае яго самога.
*
Самая вялікая ўзнагарода — самаўзнагарода.