Выбрать главу

Яна дорыць чалавеку скарб, утоены ў ім самім, і для старонніх вачэй, магчыма, нават застаецца незаўважнай.

Узнагарода даецца чалавеку за нешта, што здзейснілася ім, самаўзнагарода ёсць самім гэтым здзейсненым.

*

У вершы словы — дзейныя асобы, кожнае са сваім абліччам і са сваёй роляй, і ўсе яны «рыфмуюцца» са Словам, якім з'яўляецца сам верш.

*

Завея раптам аціхла, хмарнеча расступілася, і сонечная яснота ўпала праз акно ў люстэрка.

Аблічча, якое было там дагэтуль, не хацела падымаць на сябе вачэй, аблічча, якоез'явілася зараз, глядзела на сябе ва ўсе вочы і знаходзіла ў гэтым нейкую, даўно забытую, радасць.

Хмары зноўку згусціліся, люстэрка пагасла, аднак я ўжо бачыў і ў памяці трымаў сваё с а праўднае аблічча.

*

Нястача моцы — цяжар, і лішак моцы — цяжар таксама.

Адно шукае апору, другое — перашкоду, і раўнавагу — сама моц.

*

«Вузка! Цесна! Мала!» — накрэсліла айчынная паэтэса Цётка ў пачатку мінулага стагоддзя сваё рэвалюцыйнае выслоўе.

Такою была беларуская рэчаіснасць для патэнцыялаў, што выяўляліся ў ёй.

Цяпер, пасля вялікіх і малых рэвалюцый, гэтая рэчаіснасць займела адну істотную карэкціву:

вузкае ў ёй звузілася так, што тое, што яно звужала, апынулася па-за часам;

цеснае ў ёй сціснулася настолькі, што выпхнула па-за сябе тое, што ёй пярэчыла;

і малое зменшылася да нечага, што не жадае і аб'яўляцца.

*

Тое, што чалавек пражыў, адкладаецца ў ім самім і становіцца яго неад'емнай а й ч ы н а й.

*

Каб кропка займела найменне і азначэнне, да яе мусіць дакрануцца лінія.

Колькі лініяў, столькі найменняў.

I хоць сама кропка ніколі не мае канчатковага наймення, заўсёды самае дакладнае нясе тая лінія, што лучыць яе з найвышэйшай магчымасцю.

*

Чалавек набывае і траціць.

Аднак у набыць і страціць розныя вымярэнні, і нават адна і тая самая капа грошай, страчаная і набытая, мае розную жыццёвую вартасць.

Тое, што набываецца, яшчэ належыць дадаць да сябе, а тое, што траціцца, належыць ужо адняць, але і аднятае, яно не перастае быць сваім.

А с в а ё для чалавека самае дарагое, мо нават даражэйшае за сябе.

*

У творы ёсць і змест і форма, але «гліна», з якое твор лепіцца, не мае ні зместу, ні формы, яна — зместаформа, і жыццё яе радовішча.

*

Самае істотнае для чалавека, кім ён ёсць цяпер. Ён згаджаецца ўсё папярэдняе ўважаць за пярэдадзень і прэамбулу пры ўмове, што цяпер ён «дзень», што цяпер ён «амбула».

Ц я п е р — сарцавіна часу, і ў людзях яна аб'яўляецца, і ў людзях хаваецца.

*

Імя, згадка, штрых з жыццяпісу...— усё бліжэйшымі становяцца людзі, якіх не стала, і ўсё бліжэйшым становіцца ім бязмежжа.

*

Хто ведае мову, уводзіць слова ў свет, хто ведае слова, выводзіць свет з мовы.

*

Калі чалавек апынаецца ў яме, ён мае сябе ў ёй усёю сваёю істотай, і калі вызваляецца з яе — таксама.

Знарок ці міжволі ён пастаянна знаходзіць «ямныя» сітуацыі: яны для яго змястоўныя, бо і сам ён яма, у якой мае сябе.

*

Якая кніга табе падабасцца, які твор з'яўляецца для цябе ўзорам паэзіі?

Кажу пра вандроўныя арыенціры.

Аднак адзіным сапраўдным узорам для творцы, урэшце, заўсёды з'яўляецца кніга, якая глыбока і поўна здолела б прачытаць яго самога, верш, які глыбока і поўна здолеў бы выявіць яго самога — ім жа самім не напісаная кніга, ім жа самім не створаны верш.

*

Каго некалі ўкрыўдзіў, той на ўсю наступнасць застаецца настаўнікам.

Нават калі і не ведае пра гэта.

*

Як Афіна з галавы Зеўса, верш узнікае з самой істоты творцы —

і  т а д ы пачуццё захапляецца ім,

і  т а д ы думка яго тлумачыць.

*

Творцы ў заўсёднай апазіцыі да ўлады, але ў апазіцыі своёасаблівай — не на 180, а на 90 градусаў.

Гэта апазіцыя вертыкалі да гарызанталі, і яна па-свойму больш прынцыповая і больш радыкальная, чым разведзе-ныя і супрацьпастаўленыя адно аднаму палітычныя ардынаты.

*

Празрыстым вераснёўскім днём стаяў на запусцелым, зарослым травою і палявымі жоўтымі кветкамі, падворку Жэні Янішчыц.

Мае спадарожнікі зазіралі ў вокны замкнёнай хаты, а я глядзеў ад хаты, як некалі яна сама, і тужліва супадаў з ёю тою.

I ў кожнай кветцы, што пругка і лёгка вагаліся ў подыхах ветру, была яна, і далячыні адгукаліся ёю. I да яе вярталіся словы, вымаўпеныя некалі ёю:

За роднай вясковаю хатай,

За выганам тым палявым