Ўсё звязана з песняй крылатай
I з іменем простым тваім.
*
Паводле «Кнігі быцця» Бог стварыў свет словам: «I сказаў Бог...»
Як вада, як зямля, як святло, як паветра, слова таксама сфера, і людзі надзелены яе грамадзянствам.
Разумець — бачыць вачамі розуму. Тое, што бачым вачамі вачэй,— прысутнасці, тое, што бачым вачамі розуму,— сутнасці.
*
Навіны кажуць пра тое, што адбываецца.
Але самае істотнае не ўваходзіць у круг падзей і нават не заўважаецца.
Аднак якраз у ім палягае і ім абумоўліваецца сэнс падзей.
I таму іх нельга выснаваць загадзя, і таму іх нельга вытлумачыць дарэшты.
*
Улада ахвотна бярэ сабе найменне «пазіцыя» (у ім лінгвістычны пазітыў) і гэтакжа ахвотна пакідае найменне «апазіцыя» ўсім астатнім (у ім лінгвістычны негатыў).
Але калі ўжо вырашаць па праўдзе, то найменне «пазіцыя» належыць аддаць таму, хто са стагоддзе ў стагоддзе ўпарта, насуперак усім непамыслотам і забаронам знаходзіў, выказваў і выяўляў народ, хто ва ўсе часы ратаваў яго для будучыні,—
беларускаму пісьменству.
*
Філасофія — любоў да мудрасці, філалогія — любоў да слова.
Вось жа, без любові да мудрасці няма самой мудрасці, і без любові да слова няма самога «слоўя».
*
Змест грому не падобны на гром, гэта — маланка.
Але таму, што ёсць маланка,— ёсць гром. Змест паэзіі таксама нешта адметнае ад слоў, дзякуючы якім яна аб'яўляецца і гучыць.
*
«Паэзія — семантычнае мастацтва»,— у прадмове да зборніка аднаго паэта зазначае другі.
Аднак такой яна становіцца потым — калі верш напісаны, калі шлях пройдзены і вандроўнік можа агледзець свае сляды.
Сутво паэзіі не семантычнае, а — несемантычнае, і паэта вабіць не пройдзены шлях, а — няпройдзены, і дае яму мову не вымаўленае слова, а — нявымаўленае, а мо нават і невымоўнае.
*
У вершы радкі злучаюцца між сабою нейкім інакшым, чым лагічным, чынам — нібы кожны раз суадносяцца з невядомаю глыбінёй.
I змястоўныя яны ёю.
*
Жыццё ў выпрабаваннях.
I, можа, самыя адказныя сітуацыі ў ім — звычайныя сітуацыі, калі як бы нічога не здараецца, нічога не адбываецца.
*
Метафарычныя вершы — ловы, у якіх таму, хто ловіць, завязваюцца вочы, а тыя, што ловяцца, падаюць яму знакі, што яны тут.
Твор як магічны крышталь: істотна не тое, як ён выглядае, а што відаць у ім і дзякуючы яму.
*
У паэзіі гук апладняецца водгукам, і па ўзорах паэзіі можна меркаваць, штотакое рэчаіснасць, бо водгук прыходзіць ад яе, а па пластах паэзіі – якою гэтая рэчаіснасць была ў той ці іншы перыяд.
*
Тэургічная асаблівасць паэтычнага слова ў тым, што яно вынікае з глыбіні здзяйснення, і таму яно змяшчае ў сабе элемент дзеяння.
Справа становіцца словам, каб слова станавілася справай.
*
У Гёльдэрлінаўскім запытанні: «...нашто паэт у нішчымны час?» слова «нішчымны», азначаючы ўласцівасць часу, зваротным чынам азначае саму з'яву паэта.
Айчына для паэта «шчымны» час, у «нішчымным» ён апынаецца бесхацінцам, адмоўленым ім і супрацьпастаў-леным яму; у «нішчымны» час ён сам апынаецца «нішчымным», закладнікам няспраўджанай рэчаіснасці.
Так не павінна быць?!
Але карэляцыя ўведзена ў дзеянне, верш вымаўляецца, і што павінен паэт зрабіць, дык гэта датрываць да канца.
*
Эпас не «доўгая» форма, а доўгая дарога: з дому дадому.
*
Шчасце відушчае і сляпое: яно бачыць з'яву, але не бачыць таго, што яе засланяе.
Няшчасце таксама відушчае і сляпое, але наадварот: яно не бачыць самой з'явы, але бачыць тое, што яе засланяе.
*
Рэчаіснасць гуляе з чалавекам у хованкі, і ўсе яго думкі аб ёй — здагадкі.
*
«Мінула сто гадоў...»
У чалавечым жыцці ёсць вынесены ў безназоўную будучыню пункт адліку, што дазваляе чалавеку глядзець на тое, што адбываецца з ім і вакол яго, з адлегласці ў часе.
Усёй сваёй відавочнасцю з'ява папярэднічае досведу, але ў гэтым пункце досвед папярэднічае з'яве, і якраз дзякуючы яму чалавек больш, чым «я», і далей, чым «тут».
*
Калі слова — Бог, то мова — народ.
*
Чалавек — немагчымая істота, больш немагчымая, чым наг, чым кентаўр, чым сфінкс. У ім змяшчаюцца транскрыпты ўсіх істот і нават той над-істоты, якой ён яшчэ не стаў.
*
Ёсць з'явы, што зберагаюцца адно ў маўчанні і на маўчанне адгукаюцца.
Яны не хочуць быць выказанымі ўголас і калі выказваюцца — трацяцца альбо парушаюцца.