Маўчанне не немата, не адсутнасць гукаў, а асаблівая мова (мовачанне), у якойусё, што мае быць пачута, ужо загадзя выказана.
I як белы змяшчае ў сабе ўвесь спектр колераў, так і маўчанне — усю гаму гукаў.
*
Чалавек не ўвесь «псіхалогія», і таму літаратура, спадарожніца яго самаспазнання, раней ці пазней яго адпускае.
Далей ён для яе невядомы.
Далей ён ідзе сам.
*
Палову жыцця ўвасабляюся ў сябе, другую — з сябе.
Дзве лініі — лінія цела і лінія духа — спачатку збліжаюцца адна з адной, а зблізіўшыся — разыходзяцца.
*
Чалавек не сінхронны са сваёй сутнасцю і існуе ў своеасаблівай фазе спазнення.
Час — адлегласць між чалавекам і Богам.
*
Як, паклаўшы на аркуш паперы манету і шаруючы па паперы канцом алоўка, здабываюць адбітак манеты, так і схаваныя ад нас у глыбінях стагоддзяў постаці паступова абмалёўваюцца і акрэсліваюцца ўвагай, скіраванай да іх.
*
Чалавек расце ад зямлі да неба, і там, дзе яму не расцецца, ён адхіляецца ў дарогі, якія водзяць яго па свеце, у падзеі, у якіх ён становіцца некім ці нават шмат кім.
Ён багацее на тое, што лішняе, -- на досвед.
*
Т у т — гняздо, у якім селіцца ўвесь час, і цяп е р — зерне, у якім змяшчаецца ўся прастора.
*
Самавыяўленне — выяўленне не сябе, а з сябе таго зместу, які хоча стаць табой.
*
«Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава...»
А вось Ісус не спарадзіў нікога другога, а спарадзіў самога сябе — Хрыста
I гэта самае вялікае, на што здатны (ці яшчэ не здатны) чалавек.
*
Дыктатура - гіпертрафіраваная пасрзднасць: яна зневажае творчасць.
*
З «Кутка жаданняў» Анатоля Вярцінскага: «знайсці б пакойчык кутні».
Самае адказнае слова тут: кутні.
У кутнім амаль знікае прастора, амаль адсутнічаюць абставіны, амаль спыняецца час; як выступ, яно ўваходзіць у іншае вымярэнне, і каб знайсці сябе, паэты шукаюць кутняе.
У кутнім месціцца і «Мая хата» Францішка Багушэвіча, і «Мой дом» Янкі Купалы, і «Мой родны кут» Якуба Коласа, дый, урэшце, сама айчына.
"Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся каменем кутнім" (Лк 20: 17).
*
Мінае звычайны дзень, і я радуюся гэтай звычайнасці:
яна змястоўная, тым, што ёсць.
*
Калі расчароўваешся ў некім, то пэўным чынам расчароўваешся і ў сабе.
*
Паэт — кепскі турыст. Яго цікавяць не славутасці, не выдатнасці, незнакамітасці, а — магчымасць сустрэчы.
*
Думка слізгаціць гга паверхні рэальнасці, выпісваючы на ёй свае ўзоры.
Але адкрыцці яе чакаюць там, дзе яна правальваецца.
«Каб ты праваліўся!..» — зычэнне больш чым змястоўнае: пад ім нешта заўссды ёсць.
*
Імкненне — дзеянне, укладзенае ў час. I як барон Мюнхаўзен выцягваў сябе за валасы з балота, так імкненнем, калі яно ведае, куды імкнуцца, чалавек выцягвае сябе са сваіх акалічнасцяў.
Імкнуцца — здабываць спадчыну з наступнасці.
*
Пад царом, пад палякамі, пад немцамі, пад саветамі...
На «кантыненце Беларусь» улада ўсталёўваецца як метэаралагічная з'ява.
Цяперашняя — не выключэнне.
*
Чалавек і выступ і водступ: у наступнасць і ў мінулае; ён адначасова і апярэджвае самога сябе, і ад самога сябе адстае.
Ва ўсякім разе на крок.
*
Паэзія не выказвае, а ўцелясняе думкі.
Таму, якой бы фантастычнай яна ні была, яна не хлусіць, і хлусіць, калі тое, што выказвае, не ўцелясняе.
*
Чалавеку ўсё дазволена не таму, што Бога няма (Дастаеўскі), а якраз таму, што Бог ёсць. І наколькі ён «увесь», настолькі яму дазволена «ўсё».
*
Як памяць, таксама назапашваецца няпамяць: у ёй той творчы патэнцыял, дзякуючы якому абнаўляецца вядомае.
Неяк, рыхтуючы публікацыю аднаго літоўскага паэта (Сігітаса Гяды), я, забыўшыся, што гэта ўжо некалі рабіў, пераклаў той самы верш яшчэ раз,
Атрымаліся два варыянты аднаго перакладу, што мелі свае тэксты, і нешта яшчэ, што мела сваё значэнне.
*
Рэчаіснасць — рэхаіснасць, і адно тое, што яму кажа рэха, чалавек і чуе, і разумее. Якое рэха, такі і голас.
*
Якой бы глыбокаю ні была глыбіня, яна абапіраецца аб паверхню, і якой бы плыткаю ні была плытчыня, яна не абдзелена паверхняй.
Паверхня — самая дэмакратычная з'ява: ёю ўраўнеўваецца і лужына і акіян.
*
Пісьменнік атрымаў ордэн.
Яго віншуюць.
Віншуюць з «віншаваннем».