*
Чалавек вынікае з папярэдняга, і кожны раз, нібы паўтарае скарочаны курс свайго жыцця, перажывае нанова тое, што з ім было, і з кожным разам маштаб таго, што было, сціскаецца, а значэнне павялічваецца.
*
«Я помнік сабе ўзнёс...» I якім бы ні быў гэты помнік — рукатворным або нерукатворным, у самой з'яве «помнікавасці» і ў значэнні, якое ёй надаецца, ёсць нешта, што пярэчыць сэнсу чалавечага прызначэння.
Сам па сабе, у сваім целе, чалавек ужо ёсць жывы помнік сабе-духу і, вызваляючыся ў дух, ён пакідае і адкідае ўсё цела і ўсё, што з ім звязана.
А якраз з «пакідаў» і «адкідаў» робяцца помнікі.
*
Там, дзе збіраецца намаганне, збіраецца перашкода, але там, дзе збіраецца перашкода, збіраецца і выйсце.
Калі б паэзія суадносілася з катэгорыяй «мець», яна станавілася б уласнасцю, але яна суадносіцца з катэгорыяй «быць», і таму яна ўласцівасць.
*
Рыфма не выпадковасць, а супадзенне выпадко-васцяў.
*
Тое выбітнае, чым вызначаецца чалавек і што ўяўляецца яму яго моцай, у ім найбольш не абаронена.
Яно не адужваецца моцай, а немаччу адужваецца.
*
Чэрвеньскім сцішаным адвячоркам неяк нечакана я выйшаў за горад і апынуўся на невялічкім драўляным мастку.
Пад ім цякла ручаіна — сціплая і чыстая, і цякла яна з таго боку, адкуль я прыйшоў.
«Дзіўна, што я не сустрэў яе нідзе раней»,— падумалася мне, і я спусціўся з мастка, каб дакрануцца да яе рукою.
У ёй быў адказ на нешта, што ўсю дарогу займала мяне і што не ўкладалася ў словы пытання, як не ўкладаўся зараз у словы і сам адказ.
*
Завершаны верш апынаецца перад рэчаіснасцю, у якую немагчыма падаўжаць сябе, як падаўжаецца лінія, аднак у ёй можна распачынаць сябе нанова.
I ён недзе быў, і ён у нечым удзельнічаў, і ён нешта бачыў...
Усе «саўдзелы ў гісторыі» нешта дадаюць да асобы і тое, што дадаюць да асобы, ад творцы адымаюць.
*
У кнізе прарока Іона маракі, каб даведацца, хто стаўся прычынаю буры, што абрушылася на іхні карабель, кідаюць лёс-кубік, і ён паказвае, што гэта Іона.
«Лёс-кубік» прысутнічае ва ўсёй літаратуры, дзе вядзецца гаворка пра чалавека. Ён падае, паварочваецца і, каб зноў павярнуцца, падае глыбей, і тая грань, якою ён упаў, ніколі не канчатковая.
*
У чалавека ўкладзены маштаб бязмежжа, і адно суадносячыся з ім, ён не падупадае пад уладу ідалаў —
частковасцяў.
*
У мастацтва і ў палітыкі адна зямля, але рознае неба.
*
На памылках вучымся? Можа. Але праўдзе вучаць не памылкі, а сама праўда.
*
Каб разгледзець з'явы зблізку, узбройваемся павелічаль-нымі шклінамі.
Але чым больш імі ўзбройваемся, тым усё больш аддаляецца блізіня і тым ва ўсё большых павелічальных шклінах маем патрэбу.
*
У самасці безліч абліччаў і тойсамы штрых-код: «самы».
Яна адметная сваёй несувымернасцю з тым, што трымаецца сваёй меры, несуадпаведнасцю з тым, што памятае сваю прыроду, і наперад выбягае ў няроўны час.
Кажучы словамі вядомага прыпадабнення, гэта новая латка, ушытая ў старую вопратку, новае віно, улітае ў старыя мяхі, дзе латка выяўляецца галоўнейшаю за вопратку, а віно дужэйшым за мяхі.
*
Чалавек — слова, якое складаецца з двух складоў: духа і цела.
Значэнне слова залежыць ад таго, на які склад падае націск: калі на першы — свет нахіляецца ў бязмежжа, калі на другі — у межы.
Кожны склад мае націск на сабе, а само слова — на іх абодвух.
*
У меркаванні мерка: вядомае яно прыкладае да невядомага, тое, што адбылося, да таго, што адбываецца, і заўсёды мае патрэбу ва ўдакладненні — у тым, каб даўкладацца, бо невядомае — яно ніколі не ёсць цалкам невядомым, а вядомае — яно ніколі не ёсць вядомым да канца.
*
Мова — возера альбо нават мора, у якім плаваюць сэнсы.
У тым ліку і неаб'яўленыя.
*
Надвор'е — настрой прыроды, і я ад яго залежу.
Па нейкіх, адно яму вядомых сцежках яно ўваходзіць у адчуванні і кранае валокны думкі, якія яшчэ не выснаваліся ў думку. Яно іх чытае і ад таго, як чытае, залежыць, ці з'явіцца думка ў свет, а калі з'явіцца, то ў якім настроі.
*
«Як маешся?» — пытаецца пры сустрэчы знаёмы.
Тое, што маем, мае таксама нас.
I кожны для сябе найвялікшая маёмасць.
*
Навіны кажуць пра тое, што здарылася і адбылося.
Але самае істотнае не ўваходзіць у тое, што здарылася і адбылося, і не заўважаецца імі.