Яно ў людзях і з людзьмі.
Чакаем і шукаем навін, каб праз іх нешта даведацца пра саміх сябе.
*
Купіў рэч, патрэбную для дому і на табе — згубіў.
Шкада не так рэчы, як самой з'явы, не т а г о, што згубіў, а тое, што з г у б і ў.
*
Вера — веда: яна не ў в а ш т о, а ш т о. У ёй сутнае мае сябе.
*
«Калі ты не займаешся палітыкай, палітыка займаецца табой» — сілагізм, што, разгортваючыся ў высновы, вяртаецца да зыходнага становішча.
А разгорткі гэтакія:
1. Калі ты не займаешся палітыкай, палітыка займаецца табою так, што ты (а:) насамрэч не займаешся палітыкай, (б:) насамрэч займаешся палітыкай.
2. Калі ты займаешся палітыкай, то займаешся палітыкай так, што (а:) насамрэч займаешся палітыкай, (б:) насамрэч не займаешся палітыкай.
У першым і ў процілеглым яму другім варыянце высновы згаджаюцца між сабою, і згаджаецца сілагізм, што ён сафізм.
*
Што такое творчасць, лепш за ўсё ведаюць самі творы: выдатныя — на выдатна, не-выдатныя — на невыдатна.
*
Думаць пра некага альбо пра нешта — сустракацца і з ім, і таксама з самім сабой у прысутнасці таго, пра каго (альбо пра што) думаеш.
Якое думанне, такая сустрэча.
*
З цягам часу чалавек груганее:уім усё больш збіраецца таго, чаго ўжо няма, тых, каго ўжо няма.
Не знаходжу колішняй нататкі і ўзнаўляю яе па памяці — самаперакладаю.
Нібыта ўсё так, а ўсё роўна нешта не на месцы.
Людзі таксама самапераклады, а арыгінал згубіўся?
*
«Пішу як жыву» — сваім лаканічным прызнаннем акрэсліў Янка Брыль асаблівасць пісьменніцкага рамяства.
Як пісаць — не зусім залежыць ад пісьменніка, як не зусім ад яго залежыць, ці ён малады, ці стары.
Калі пішацца, у неабходных словах выяўля-ецца тое, што, не з'яўляючыся словам, з'яўля-ецца неабходным.
*
Любоў — дар, з а н а д т ы для асабовасці: у ёй асабовасць трансмутуецца, і ёю любоў гасіцца.
*
Слава можа ўзвысіць паэта да помнікавай вышыні, але забірае ў яго пры гэтым бязмежжа;
можа «вымавіць» яго так, што ён будзе чуцён усім, але наўзамен забірае ў яго невымоўнае.
*
Кожны з прысутных слухаў, што кажуць астатнія, і заставаўся пры сваім меркаванні.
Яно было недзе глыбока і было не выяўленым, і гэтым нявыяўленым меркаваннем кожны ведаў, што ён разумнейшы за ўсіх астатніх.
*
Усе сцежкі, як бы яны ні называліся, вядуць да пэўнай мяжы. Яны — уводзіны, і на вяршыню сцежак няма.
Гэтая вяршыня ў самім чалавеку, і на яе ён можа ўздымацца адно сам. Але — ніколі дарэшты не ўзняцца, бо разам з ім пачынае ўздымацца яна сама.
*
У адрозненне ад дэпутатаў парламента ці прэзідэнта, якія абіраюцца насельніцтвам, творца абірае сябе сам. I калі гэтае самаабранне здзяйсняецца, яно захоўваецца на ўсю даўжыню часу.
*
Калі аціхаюць гучныя словы, чутны ціхія, але калі аціхаюць ціхія, тады гучыць голас.
Голас багацейшы за шэпт і за крык, і тое, што ўтой-ваецца ў шэпце і траціцца ў крыку, у голасе вымаўляецца.
Істотнае вымаўляецца ўголас.
*
I рай с в а ё месца, і пекла, але не назусім, і таму што не назусім, некаму і рай у смутак, а некаму і пекла ў радасць.
*
Ёсць з'явы, якія існуюць, нягледзячы ні на што і гледзячы на ўсё, і ўжо адным тым, што яны існуюць, набываюць асаблівы статус.
Казаў пра гэта вусна, скажу і пісьмова:
Так, беларуская мова пераможца!
Так, беларуская літаратура пераможца!
I пераможцы ўсе тыя, што — нягледзячы ні на што і гледзячы на ўсё — вызнаюць сябе беларусамі!
Ганаруся, што я з імі.
*
Рака ўпадае ў мора...
Але яе прызначэнне і яе мэта не ў тым, каб упасці ў мора, а ў тым, каб цячы.
Але колькі рэк змарнавана і колькі людзей загублена адно за тое, што яны хацелі ц я ч ы !
*
Першым паэтам быў першачалавек — Адам: ён даваў найменні існаму. Асаблівасць існага ў тым, што яно ніколі не можа найменавацца дарэшты і ў найменні застацца, і асаблівасць найменняўтым, што яно з'ядноўвае сабою тое, чаму даецца найменне, з тым, хто найменне дае.
Паэты таксама даюць найменні існаму, і, кожны па-свойму, апынаюцца ў постаці Адама.
*
Тое адзінае, што можа (і хоча) здзейсніцца, асцерагае творцу ад многага, што яго заняло б і захапіла б, і не дазваляе яму ў м е ц ь.
*
Сучаснікі Максіма Багдановіча, ды і самі творы, згадваюць пра яго асаблівае — шчырае і зычлівае — стаўленне да цяжарных жанчын.
Магчыма, яно вынікае з таго, што цяжарная жанчына ўжо нешта іншае, чым жанчына, ужо пэўным чынам сутнасць. Бо і сам ён, носячы ў грудзях дар смерці, пачынаў прыналежыць да адной з імі дынастыі.