Выбрать главу

«Primum esse, tum philosopari» (спачатку есці, тады філасофнічаць) — у гэтым распадзеле на «спачатку» і «тады» жыццё губляе філасофію, а філасофія — жыццё.

*

Ісціна канкрэтная? Канкрэтны факт, а ён яшчэ толькі месца «зазямлення» ісціны.

*

Музыка для слыху, карціна для зроку, слова — для разумення...

Сярод іншых відаў мастацтва слоўнае мае найбольшую патрэбу ў сааўтары — у чытачы.

*

Краі працілегласцяў сшываюцца маланкай інтуіцыі.

Чалавек таксама «сшыты», і тое шво, якое ён носіць у сабе, кажучы словамі аднаго даўняга верша Анатоля Вярцінскага,— яго «чалавечы знак».

А можа — і боскі.

*

Неўпрыцям я апынуўся ў невядомым лесе.

Пачало змяркацца, дрэвы заступалі дарогу, і я не ведаў, у які бок падавацца, каб выйсці да замку.

У асаблівасцях краявіду, у звілінах сцежак, у збегу акалічнасцяў я паспешліва ўзяўся вышукваць хоць якія прыкметы, якія мне дапамаглі б вызначыцца, дзе я ёсць.

Паступова нешта акрэслівалася і ўдакладнялася, і калі я нарэшце ўцяміў, дзе я ёсць, адразу зрабілася зразумела, куды належыць ісці.

Простае правіла, якое ўвесь час мае патрэбу ў тым, каб засвойвацца, і якое ўсё роўна не засвойваецца дарэшты: кабведаць, куды ісці, трэба ведаць, д з е ты ёсць.

*

Тое, што суадпавядае чалавеку,— неабходнае, і ім ён багаты.

Тое, што яму не суадпавядае, робіцца лішнім, і ён ім таксама багаты — але ўжо без сябе, альбо нават на шкоду сабе, альбо нават на шкоду сабе і іншым.

*

Калі ты нешта ўпарта думаеш, а яно не ўкладаецца ў думку, а ты ўсё роўна не пакідаеш намаганняў, яно становіцца цецівой для невядомай стралы.

*

Каб быць самымі-самымі, рашэнні забягаюць на край і наперад з'явы, і  вельмі сваё аспрэчвае с в а ё.

Сваё — гэта ш т о, вельмі сваё — гэта х т о, і героі творацца з в е л ь м і.

*

У ісціне, што вымаўляецца, прысутнічае часціца нейкай «няправільнасці»: дзякуючы ёй яна вылучаецца з агульнавядомага, мае здольнасць бачыць і сілу весці.

Без гэтай часціцы ідэі — попел, і, сфармуляваныя, укладаюцца ў канстатацыі, накшталт: «Мінск — сталіца Беларусі», накшталт: «Наш дом — Беларусь».

Толькі «правільнае», правіла кліча паўторы, і тады ў творцы абіраюцца, а ў прэзідэнты самаабіраюцца.

*

Праз шчыліны ў плоце інтэлект пазірае на свята, што дзейсніцца ў двары Гаспадара.

Плот — сама ўласцівасць інтэлекту: таму ён не можа ні ўвайсці ў свята, ні адысці ад яго.

*

Птушка не ў м е е лётаць, а — лётае.

рыбіна не ў м е е плаваць, а — плавае.

Таксама і паэзія: пакуль яна ўмее — яна занятак, чаму можна навучыцца, як навучаюцца рамяству; але калі яна перастае ўмець, тады само быццё становіцца яе зместам.

*

Калі чалавек не здабывае са сваёй справы, са свайго часу, са сваёй айчыны сябе, справа заўсёды застаецца недаспраўджанай, час недаўсвядомленым, айчына неда-сустрэтай.

*

Мы ў словах і ў вобразах і вядзём свае дыялогі з тымі, хто нас разумее, а ў непрытомным, куды няма доступу розуму,—

Б о г.

*

Страла, адпушчаная ў палёт, трымаецца лініі раўнавагі, і дрэва ўбірае ў сваю сарцавіну вось раўнавагі...

Атое, што, спрабуючы ўкласціся ў сарцавіну, у яе не ўкладаецца, выпадае ў «неда» і «пера» - у недабор і перабор. У іх розныя кшталты, але адна адсутнасць, і таму, калі дазваляюць абставіны, недабеларус абвяшчае, што ён больш чым беларус, недажанчына — што яна больш чым жанчына, недапісьменніца — што яна больш чым пісьменніца, і недапаэт — што ён больш чым паэт.

*

Калі чалавека не стане, самае галоўнае, што ад яго застаецца,— ён сам.

*

Ці яны новыя, ці старыя, мясціны загаворваюць з табою тады, калі пачынаюць цябе згадваць.

Але каб яны пачалі цябе згадваць, і ў тых, і ў гэтых ты мусіш трохі заблудзіцца — самаадмовіцца.

*

Паэзія — асаблівая веда. Мастацтва — асаблівая памяць.

*

У сабакі згубіўся гаспадар — і сабака туляецца па вуліцах згублены і зніякавелы.

Мне шкада яго, і я спрабую з ім загаварыць. Дарма: галасы, якімі поўніцца вуліца, не той голас, што здолеў бы яго вывесці з яго пакінутага стану і вярнуў бы яму рэчаіснасць.

Зрэшты, у людзей таксама згубіўся гаспадар, і яны таксама згубленыя і пакінутыя і таму што згубленыя і пакінутыя, прымяраюць сябе да ўсемагчымых заняткаў і сітуацый.