Выбрать главу

Словы — тая першаматэрыя, тыя першаатамы, якія, слухаючыся паэта, афармляюцца і ў «ружы», і ў «цагліны».

Паэт — душа мовы.

*

Дыялог — пастаяннае ўдакладненне. Гэта я бачу сябе ў іншым, не здавальняюся гэтым сабой, папраўляюся.

Мастацтва дыялагічнае. Яно гаворыць, і яно адгукаецца. Яно Голас, і яно Рэха.

Так маюць на ўвазе зваротны рух заклік да бою і малітва.

Лямантаванне ў пустыні — гэта калі без Рэха.

«Заву, заву, а зовы мае замкнёныя»,— пераказвала Вера Сямёнаўна Палтаран нараканне адной хворай бабулькі.

Прызванне паэтаў — вырошчваць рэха.

Мастацтва, якое толькі гаворыць, спусташаецца, выраджаецца.

Гукапіс — у рэху, рытм — у рэху, твор арганізуецца рэхаючы.

Калі шукальнікі скарбаў даследуюць сховішча, яны раяцца з рэхам. Запытаюцца — паслухаюць. Часам запытаюцца гучна, часам ледзь-ледзь, намёкам.

Паэт таксама пытае і слухае.

Мова і ён у дыялогу.

*

Верш закручваецца, як стужка Мёбіўса: што ў ім унутранае, а што вонкавае, што форма, а што змест? Усякае размежаванне спрашчае, усякі падзел разбурае жывую вібрацыю сэнсу, якая ўзнікае дзякуючы гэтаму суаднясенню: верш набывае мову праз яе.

*

Паэзія траціцца, калі творыцца па аналогіі, па традыцыі, па майстэрстве — з матэрыі вядомай, і адраджаецца, калі — з невядомай: па адкрыцці, па невыказнасці, па немагчымасці.

Думка абмяжоўвае. Наколькі адкрывае, настолькі абмя-жоўвае. Чым больш адкрывае, тым больш абмяжоўвае.

Разумнае абмежавана, адкрыццё неразумнае.

*

Калі альпініст караскаецца на строму, ён намацвае і даследуе на шляху кожную выемку, кожны выступ. Але, пераадолеўшы іх дзякуючы ім жа, ён не абавязаны пра іх памятаць, наадварот — ён мусіць іх забываць, каб памятанне пра іх не замінала яму намацваць і даследаваць новыя выемкі і выступы, не замінала ўздымацца вышэй.

Веды таксама ў пераадоленні; яны — тыя ж выемкі і выступы: набытыя, яны пазбываюцца, знойдзеныя — застаюцца ў пройдзенасці.

*

У тэкстах існуе пазатэкст, у тэмах — пазатэма: нішто не месціцца ў сабе, але - у вылучэнні.

Ключы ад хаты ляжаць не ў самой хаце.

Вядро ставіцца каля студні.

Акупунктурныя кропкі тых ці іншых участкаў цела рассеяны па ўсім целе.

Без удзелу такіх «кропак» любыя тэксты і тэмы — з'ява перыферыйная.

*

Словы ў вершах шукаюць сваіх антаганістаў, сутыкаюцца і спрачаюцца з імі, каб перамагчы падзел, мяжу, раз'яднанне, каб стаць поўнымі і цзласнымі.

*

У розных мовах словы асвойваюцца па рознаму, свае — па-рознаму.

На адной мове — хлеб, і на другой — таксама... Але ўсё роўна гэта не тыя самыя, не аднолькавыя словы. Аднолькавымі яны становяцца, калі выпісваюцца з моўнага поля: па-за адной мовай — хлеб і па-за другой — таксама.

У албанскай мове, паводле мовазнаўчых высноў, на дзевяць дзесятых словы запазычаныя, на восем дзесятых — у армянскай мове, і недзе палавіна ангельскіх слоў — таксама запазычанні...

Але тым не менш гэтыя «іншаземцы» арганічна ўпісаліся ў мовы, якія іх прынялі.

Мова напаўняе словы, як позірк — зрэнку: напаўняе сабой.

У кожным слове жыве дух усёй мовы.

Смак «хлеба» і «хлеба» неаднолькавы.

*

Мастацтва не мае свайго абсягу, ён рассяроджаны ва ўсёй рэчаіснасці. Вобразы і тэмы аточваюць мастака, як вірусы. Звычайна яны не заўважаюцца, не бачацца, як бы адсутнічаюць. Для таго каб яны згусціліся, аб'явіліся, урэчаісніліся, мастак мусіць для іх зрабіцца безабаронным і ўспрымальным, мусіць «захварэць».

*

Як бы адмыслова ні складваліся дровы для вогнішча, праз гэта яны не запаляцца.

Умельства мае справу з дровамі, творчасць — з агнём.

Яна заўсёды выключэнне з правілаў, выключнасць і адбываецца праз парушэнне. Правілы, абавязковыя для ўмельства, на яе не распаўсюджваюцца: агонь сам ведае, як яму гарэць.

Але каб магло выказацца ш т о, мае быць праз што:у творчасці — умельства, у агню — дровы.

*

Не ўсё можна ўраўнаважыць, не ўсё можна ахапіць сярэдзінай. I ў творчасці, і ў самім чалавеку ёсць такія зоны, якія спасцігаюцца якраз краямі, крайнасцямі, адхіленнямі.

Сярэдзіннае меркаванне не сінтэзуе два дынамічныя краі, а сунімае: маятнік, ураўнаважаны на сярэдзіне, спыняецца.

Паскаль пісаў, што прынцыпы падтрымліваюць не самі сябе, а абапіраючыся на іншыя, наступныя.

Не праз ураўнаважанне, а праз выхад у новую сферу, у новую глыбіню, у новы прынцып, праз стварэнне новай няпростасці краі сапраўды пагаджаюцца, сапраўды сінтэзуюцца.