Можа гэта падалося б нечаканым і незразумелым у любой іншай краіне, але не ў той, дзе размяшчэнне на шахматнай дошцы ці стан планет на арбіце Сонца выклікае пачуццё страху ў маладых матуль. Такая нацыянальная асаблівасць — у гэтай, асобна ўзятай краіне, пажарнікі прыязджаюць, каб адмяняць масавыя мерапрыемствы. Прыкладаў хапае: фестываль чэшскага дакументальнага кіно, штогодні фестываль «Рок-каранацыя», канцэрты, спектаклі ды шматлікія іншыя мерапрыемствы ў сталіцы.
Але ў Ранку-Туманным схема не спрацоўвае — ці то занадта рана прыехалі, ці то туман апынаецца празмерна густым. А на самой справе выпадкова выяўляецца такі момант, як «чалавечы фактар». Які толькі пацвярджае сентэнцыю, што ўсё на свеце адбываецца не выпадкова: камандзірам пажарнага экіпажа — па супадзенні разам узятых зорачак на ўсіх пагонах, што зляцеліся на звон Лёхавай гітары, апынаецца яго былы вучань па музычнай школе.
Камандзір па-дзелавому абыходзіць сілавы кабель, што ляжыць у траве, правярае яго якасць. Потым падыходзіць да Лёхі і ціха кажа: «Уладзіміравіч, што яны ад Вас хочаць? Задзяўблі, тэлефануюць нашаму начальніку і даюць загад — маўляў, едзьце, адключыце электрычнасць. У вас усё ў парадку? Я і сам бачу, што ўсё ў парадку! Мы паехалі, таму што гэта не наша справа. А са сваім начальствам я сам разбяруся...»
Пажарнікі з'язджаюць. I гэта становіцца трывожным сігналам для Першамайскага разам з Ленінскім. Апошні падыходзіць да Лёхі і кажа: «Пракурор хоча з табой пагаварыць. Яго сюды запрасіць, ці сустрэнемся ў мяне ў кабінеце?»
Кабінет недалёка, у суседнім будынку. А пракурор Лёху ўзгадваецца ў просценькім савецкім трыко з булкамі на каленях. Ляжыць у ложку, на другім ярусе, з падручнікам па юрыспрудэнцыі ў руках. Ложак знаходзіцца ў інтэрнаце юрфака БДУ на колішняй вуліцы Машэрава. Лёха ў гасцях у свайго знаёмага Боба, які жыве разам з пракурорам у адным пакоі. З таго часу прайшло каля пятнаццаці гадоў.
У кабінеце намесніка, пракурор стараецца не глядзець Лёху ў вочы. Ён зачытвае папярэджанне па справе арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Намеснік старшыні побач спрабуе выглядаць зацікаўлена і бадзёра, але адразу відаць, што ён хавае трывогу і нервуецца. Калі пракурор кажа, што патрэбны два сведкі, каб пры іх зачытаць папярэджанне для Лёхі, намеснік хутка скача на калідор і тут жа, амаль за карак, прыцягвае двух супрацоўнікаў суседняга аддзела. Адзін з іх — Лёхаў сусед па агародзе — вылупіўшы вочы напалохана пераасэнсоўвае, як з яго асабіста (раз!), яго калегі па кабінеце (два!) і намесніка старшыні (тры!), імгненна зрабілі рэпрэсіўную «тройку».
Лёху таксама трывожна і неспакойна, ён таксама перажывае. Прынамсі, з той нагоды, ці зможа ён пакінуць гэты кабінет без затрымання? Але ўсё ўрэшце рэшт абыходзіцца — хутка вярнуўшыся на свой участак, музыкант сустракае сапраўдны прывітальны шквал ад тых, хто заставаўся ў яго дома. Сярод іх, зразумела, хапала і песімістычна настроеных, хто вельмі сумняваўся, што Лёху ўдасца пабачыць ў бліжэйшыя тыдні два.
А гасцей як шмат назбіралася! Да гаспадара адразу даходзяць чуткі, што Першамайскі пайшоў на кампраміс: на сцэне граць нельга, а ў хаце — калі ласка! Якраз тыя людзі, хто не пабаяліся застацца, набіваюцца ў хату, а музыкі лупяць у бубны!
Што тут адбываецца — падобна на сапраўдную вакханалію! У расчыненыя наросхрыст дзьверы заходзяць усе, хто жадае — у большасці, абсалютна незнаёмыя Лёху людзі. У зале іграюць музыкі, ды яшчэ як граюць! Перад імправізаванай сцэнай сядзяць дзеці, адразу за імі стаіць сцяна натоўпу.
Па ўсяму ўчастку звонку ўладкаваліся людзі — хто стаіць вакол імправізаваных столікаў з бярозавых чурачак, хто сядзіць кружком на траве побач з яблынямі ды слівамі. Яны ці ўжо былі на выступленнях, ці слухаюць праз расчыненыя вокны, ці яшчэ рыхтуюцца патрапіць унутр, на канцэрт. Людзі наліваюць сабе ў кілішкі і філіжанкі тое, што лічаць патрэбным, і што самае галоўнае — што не забаронена законам. Вось якія законапаслухмяныя і дысцыплінаваныя госці!
Перад лазняй утварылася альтэрнатыўная сцэна — там басіст «Bordeau Cotes de Castillon Lourd Blues» пад акампанемент баяна распачынае канцэрт у стылі гарадскога фальклора, шансона, прыпевак, піянерскіх блатных ды бог ведае яшчэ якіх песень. Народ, што вырваўся з аднаго канцэрта ў душным памяшканні, з задавальненнем удзельнічае ў другім — на свежым паветры, спяваючы разам з салістам.