У Ранку-Туманным яшчэ і праз шмат дзясяткаў гадоў узгадваюць, як тыя ці іншыя зоркі калісьці начавалі ў іх па хатах. А дзяўчаты вымушаны нават зараз адбівацца ад сваіх былых кавалераў, а цяпер ужо разважлівых і сталых мужоў, якія ўсё дапытваюцца, з кім гэта іхнія пасіі фатаграфаваліся з такімі мілымі ўсмешкамі? I галоўнае, калі паспелі?
XII
Вось, нарэшце і дарожны знак з надпісам «Галаўлічы». Саня за стырном жартуе, маўляў, ці чакае іх хто-небудзь тут? Лёха павінен працаваць на выбарчым участку № 13 у якасці незалежнага назіральніка. Участак знаходзіцца ў Доме культуры, які шмат гадоў таму будаваўся пад кіраўніцтвам спадара Павароціна.
Саня па старой памяці яму дапамагае. Сябры першы раз прыязджалі сюды на пачатку перадвыбарнага марафона, калі адкрылася датэрміновае галасаванне. Тады Лёха ўжо пазнаёміўся з камісіяй, яе старшынёй і намеснікам старшыні. На выбарчым участку № 13 было ўсё проста: сябры камісіі — жанчыны з калгаснай канторы — з бухгалтэрыі, з адзела кадраў, з прыёмнай, карацей тыя, хто піша, чытае і лічыць у адпаведнасці са сваёй непасрэднай працай; мужчыны кшталту галоўнага інжынера, галоўнага энергетыка — з тых, у чыім падначаленні знаходзяцца жанчыны, што ўмеюць уважліва чытаць, прыгожа пісаць і пералічваць усё, што неабходна, не ўдаваючыся ў кантэкст. Лёха не запомніў іхнія імёны, акрамя Тамары з калгаснай бухгалтэрыі. Старшыня камісіі — выкладчык працоўнага навучання мясцовай школы (па-простаму «трудавік» па прозвішчы Мураш), яго намесніца — выкладчык матэматыкі з той жа школы (па супадзенні жонка «трудавіка» і па мянушцы Мурашыха).
На пасаду старшыні выбарчай камісіі не патрэбныя рамантыкі, занадтыя інтэлектуалы, кшталту выкладчыка гісторыі з іхняй жа школы. Вось гэтаму неўтаймаванаму нешта ўвесь час патрэбна больш за іншых. То ён анулюе вынікі мясцовых выбараў, то ён крытычныя артыкулы піша і ўступае ў нейкія незразумелыя асацыяцыі журналістаў, то публічна не падтрымлівае афіцыйны бок у пэўных ініцыятывах кшталту рэферэндумаў.
Да яго якраз Лёха з Санем і накіроўваюцца перад тым, як патрапіць на выбарчы ўчастак. Васіль Авер'янавіч з радасцю прымае гасцей і нават накрывае стол — маўляў, паспеем да пачатку «кампаніі» (так Авер'янавіч называе непасрэдна сам дзень выбараў, які сёння зраніцы і наступіў). Лёха заручаецца абяцаннем свайго сталага таварыша дапамагчы ў справах складаных бюракратычных умоўнасцяў, калі такія ўзнікнуць. Забягаючы наперад — як у ваду глядзіць.
А вось і сам участак. Жанчыны з канторы стрымана вітаюцца і падазрона паглядаюць на Лёхаву вялікую торбу, што вісіць на ягоным плячы: кожны раз з ёй прыязджае — што там можа быць? Што ён там хавае? Фотаапарат? Відэакамеру? Дыктафон? Магнітафон? Ці ўсё разам? Мураш мітусіцца каля скрыні для выязнога галасавання. Хоць выглядае канструкцыя не надта цывільна — збітая з фанеры і пафарбаваная «нітрай», але апячатаная вельмі сур'ёзнай пломбай. Лёха вітаецца са старшынёй і просіць, каб яго ўзялі ў машыну, калі паедуць да выбаршчыкаў, якія будуць галасаваць на даму, адпаведна загадзя пададзеным заявам. Мураш косіцца на Лёхаву торбу і, хітра ўсміхаючыся, ківае галавой.
Не паспявае Лёха азірнуцца, як праз хвілін пятнаццаць-дваццаць высвятляецца, што старшыня камісіі незаўважна з'ехаў, прыхапіўшы сваю тумбу — то бок адну са скрыняў для датэрміновага галасавання. Другая скрыня паехала з галоўным заатэхнікам калгаса і яго камандай па іншым маршруце. Калі Лёха нарэшце ўсведамляе, што яго банальна «кінулі», яму падаецца, што сябры камісіі (дакладней «сяброўкі») — тыя, што застаюцца на ўчастку, — перашэптваюцца і, паглядаючы ў яго бок, ціха пасмейваюцца. Назіральніку трэба адпавядаць свайму статусу, таму Лёха робіць выгляд, што ён нічога не заўважае і спакойна ідзе да выйсця.
Саня спіць у машыне і ўскоквае, як толькі грукае дзверца: «Куды ехаць?». «Па навакольных вёсках!» — Лёхаў голас узрушаны, і сам ён адчувае нейкае незразумелае хваляванне. Пагоня? За кім? Навошта? У якую гульню ён увязваецца? Каго ён збіраецца даганяць?
Узнімаючы аграмадны слуп пылу пасярод поля, старэнькі «Фальсваген» з кіроўцам і пасажырам амаль наўздагад знаходзіць купку перакошаных вясковых хат, зарослых каравымі перакручанымі дрэвамі недагледжаных садоў. На адзінай вуліцы першай вёскі пуста і знайсці хоць кагосьці, каб спытацца пра загадкава зніклую камісію, праблематычна. Нарэшце на вочы вандроўнікаў трапляецца стары, апрануты не па надвор'і цёпла (запыленыя кірзавыя боты, ватнік у плямах, пакамечаная шапка-вушанка), які павольна выходзіць з прыдарожных кустоў.