Выбрать главу

Лёха наіўна спадзяецца, што зараз хутка праясніць сітуацыю, спытаўшыся, ці не прыязджала машына з тумбай для галасавання? Атрымліваецца наадварот — становішча яшчэ больш заблытваецца, таму што сталы жыхар пачынае расказваць пра некалькі камісій. Лёха і Саня ўважліва слухаюць і ніяк не могуць зразумець логіку паважанага вяскоўца. Пакуль не пытаюцца, як даўно былі гэтыя камісіі? Высвятляецца, што першая камісія была на пачатку года і яшчэ дзве камісіі наведвалі вёску два ці тры гады таму. Пра тое, што зараз выбары, ён першы раз чуе, а яго нешматлікія суседзі і сваякі таксама не ведаюць ні пра выбарчую кампанію, ні пра арганізацыі, з ёй звязаныя.

Зніклая камісія праз нейкі час выпадкова знаходзіцца ў трэцяй па ліку вёсцы, якую наведваюць шукальнікі. Вёска больш-менш вялікая па колькасці насельніцтва, а дамы выглядаюць трывалымі і дагледжанымі. Сябры спыняюцца каля вясковай студні, каб набраць вады і раптам заўважаюць працэсію, што лянотна рушыць на пачатку вуліцы. Чамусьці здалёк яна нагадвае нейкі дзіўны хросны ход: наперадзе, як святар, рушыць кіраўнік, а за ім павольна цягнецца купка жанчын-верніц.

Заўважыўшы Саню і Лёху, жанчыны раптам перастаюць усміхацца і перагаворвацца паміж сабой, а кіраўнік распраўляе спіну, надзімае грудзі і рушыць прама на непажаданых гасцей, нібыта певень, які рыхтуецца да бойкі з супернікам. Лёха ветліва і далікатна, па справе пытаецца, ці можна яму далучыцца да камісіі? Чым абяззбройвае кампанію — магчыма, яны меркавалі, што назіральнік будзе зараз сварыцца — чаму, маўляў, без яго з'ехалі? Дарэчы, у хуткім часе высвятляецца, што ўзначальвае гэты спецатрад па зборы подпісаў Іван Рычардавіч, галоўны заатэхнік калгаса.

У кожнай хаце, куды заходзіць камісія, назіраюцца цалкам фармальныя дзеянні. То старая гаспадыня не можа знайсці свой пашпарт і галасаванне адбываецца без уліку яе дадзеных (маўляў, потым запішам). У наступнай ха­це хтосьці спіць мярцвяцкім сном і за яго распісваюцца іншыя сваякі. Хтосьці з'ехаў у горад і за яго ўвогуле распісваюцца самі сябры камісіі. Лёха адзначае для сябе гэтыя хібы, але разумее, што калі складаць пратаколы, то рабіць гэ­та трэба было б на кожнага выбаршчыка. Хутчэй за ўсё, выглядала б тое, як дробны паклёп, і камісія не прыняла б такія кляўзы да разгляду.

Мабільнай сувязі ні ў кога няма, а неабходна ў прызначаны час па тэлефоне звязвацца з кіраўніком раённай выбарчай камісіі і рабіць справаздачу — колькі людзей прагаласавала. На ўсю вёску два хатніх тэлефоны — адзін на самым ускрайку — да яго яшчэ вельмі далёка ісці. А другі побач, у наступнай хаце. I хоць па часе яшчэ крыху ранавата званіць, варта было б скарыстацца момантам.

Пасля адмашкі правадыра, жаночы атрад паслухмяна спыняецца перад хатай, расфарбаванай у жоўты колер. Жанчыны незаўважна ўсміхаюцца і перашэптваюцца. Разам з імі, дарэчы, тут апынулася і Тамара, адзіная маладая жанчына з камісіі, з якой Лёху давялося пазнаёміцца крыху бліжэй, чым з астатнімі. Іван Рычардавіч, амаль што баявым воклічам («А, х.. з ім!»), дае зразумець, што ён прымае валявое рашэнне: «Будзем званіць ад Пятроўны!» Рычардавіч асмялеў і не выглядае ўжо насцярожаным (бо адзіны чужынец у іхняй кампаніі — назіральнік — не суне нос куды не трэба, нічога не запісвае, лішніх пытанняў не задае, паводзіцца прыстойна ды і выглядае гэты інтэлігент, шчыра сказаць, неяк крыху разгублена).

Па ходзе руху нейкім незразумелым чынам адбываецца так, што адказны за збор подпісаў Іван Рычардавіч на вачах усёй камісіі пачынае ўсё больш хістацца з боку ў бок і спатыкацца аб нябачныя нікому купіны на дарозе... Мова яго запавольваецца, язык не слухаецца і ўвесь час даводзіцца перапытваць, што ён балбоча, якія ці сам сабе, ці камусьці іншаму аддае загады. Што на яго ўплывае, незразумела — ці гэта астаткавы сіндром, ці спякота, альбо ён зараз, падчас руху штосьці ўжывае? Тога ніхто не бачыць: магчыма, у яго ў кішэні знаходзіцца нейкая пляшачка, а можа быць, яго цішком частуюць па хатах — гэта застаецца таямніцай.

ХІІІ

«Так! Прагаласавалі 26 чалавек!» — крычыць Іван Рычардавіч амаль што цвярозым голасам у слухаўку тэлефона пенсіянеркі Пятроўны з жоўтага вясковага дома. Лёха невядома для чаго пазначае гэтую лічбу сабе ў нататнік. Настрой ствараецца дзеяннямі. А дзеянні пакуль зусім запаволеныя — чарапашы рух уздоўж вясковых хат разам з выязной камісіяй і сустрэчы з выбаршчыкамі пад суправаджэнне вымучаных вясковых жартаў. Стан ляноты разам з нейкай далёкай трывогай.