Выбрать главу

У наступнай хаце пры размове сяброў камісіі выпадкова агучваецца яшчэ адна лічба: колькасць чалавек, якія павінны прагаласаваць — 42. Пакуль Іван Рычардавіч размаўляе з гаспадаром хаты, усе сябры камісіі стомлена чакаюць, калі іхні кіраўнік высветліць нейкае важнае пытанне. Тамара трымае пачак бюлетэняў. Лёха падыходзіць, ветліва ўсміхаецца і кажа: «Прабачце, а можна мне пералічыць бюлетэні?» Тамара зачаравана глядзіць на Лёху і павольна працягвае яму пачак.

У гэты момант у пярэднім пакоі вясковай хаты, прама насупраць абразоў, прыкрытых пыльнымі рушнікамі, адбываецца цуд: Іван Рычардавіч у адно імгненне цверазее і пачынае за Лёхавай спінай рабіць натуральны магічны рытуал.

Іван Рычардавіч ашалела круціць пальцам каля скроні, з неверагоднай хуткасцю імітуе моцныя ўдары па сваёй галаве, умольна працягвае рукі да Тамары і ў роспачы матляе галавой, потым зноў пачынае энергічна круціць пальцам каля скроні і знакамі моліць Тамару забраць бюлетэні. Усё гэта адбы­ваецца нібыта з выключаным гукам, пакуль незалежны назіральнік ад Хельсінскага камітэта па абароне правоў чалавека Аляксей Уладзіміравіч Барысевіч пералічвае бюлетэні. Яго постаць раптам становіцца ў вачах навакольных людзей злавеснай і падступнай. Асоба назіральніка нібыта набывае нейкую небяспечную для вясковых жыхароў значнасць, загадкавую лёсавызначальную сутнасць, але якая ў стане моцна напалохаць.

Бедная Тамара, вельмі стомленая доўгімі пераходамі ды пакутлівым папярэднім працэсам збору подпісаў, павольна пачынае здагадвацца, што па меркаванні Івана Рычардавіча, адбылася нейкая катастрофа. Але якая менавіта, яна не дужа разумее. І ад гэтага становішча яшчэ больш жахлівае. Твар жанчыны бялее, здольнасць рухацца раптам губляецца — яна стаіць нерухома, цела яе нібыта паралізаванае. Шырока адкрытымі вачыма яна глядзіць на Івана Рычардавіча і не можа варухнуць нават рукой.

Лёха, пералічыўшы бюлетэні, высвятляе, што чыстых бланкаў амаль што на паўсотні болей, чым заяваў ад выбаршчыкаў, якія з паважлівых прычынаў пажадалі галасаваць у сябе дома. Гэта вельмі сур'ёзнае парушэнне. Гэта падтасоўка і маніпуляцыі з дакументамі дзяржаўнай важнасці. Той выпадак, калі без усякага кантролю можна каму заўгодна запоўніць гэтыя дакументы любымі зручнымі дадзенымі і ўкінуць у скрыню, якая будзе адчынена сёння ўвечары, і яе змесціва змяшаецца з тысячай іншых бюлетэняў.

Сцэна поўнай цішыні і нерухомых постацяў магла быць цалкам тэатральнай, калі б усё гэта не адбывалася на самой справе. Лёха адчувае няёмкасць ад таго, што вымушаны парушыць шматзначную нямую сцэну, вартую лепшых тэатраў свету. Ён кладзе на край стала выпадкова рассакрэчаныя дакументы, якія ў адзін момант страцілі сваю стратэгічную моц і падаюцца зараз пачкам непатрэбнай нікому макулатуры. Назіральнік дзякуе за супрацу і выходзіць на вуліцу.

Ад адчування сваёй адзіноты, супрацьстаяння з усім светам, Лёху пачынае калаціць. Калі з усіх бакоў цябе разглядаюць, як нейкага шпега, здрадніка, падазронага тыпа, якому трэба больш за іншых. Калі ніхто не думае пра законнасць (ну, хоць бы ў якім выглядзе яна ж павінна быць?), пра канстытуцыйны парадак, які зараз падаецца пустым гукам, пра тое, што ў адных сваё меркаванне, у іншых другое. Трываць гэта вельмі цяжка. З хаты далятаюць першыя гукі: Іван Рычардавіч нягучна, але вельмі злосна лае Тамару, а ў адказ чутныя толькі хліпанні. Чым ёй дапамагчы? Нічым... Яна сама ні ў якім разе не пойдзе на кантакт пры сябрах камісіі ды пры аднавяскоўцах.

Адшукаўшы Саню, які мірна спіць у машыне, Лёха просіць завезці да Васіля Авер'янавіча ў Галаўлічы. Па прыездзе гасцей гаспадар без лішніх пытанняў ставіць на стол пляшку самаробнага моцнага напою, падсоўвае бліжэй чугунок толькі што зваранай бульбы. Падклаўшы ў талерку хатніх гуркоў і памідораў, наразае хлеба ды сала. Што здарылася, не пытаецца, пакуль не выпіваюць па першай. Лёху не «адпускае» — нейкая існасць нібыта сціскае грудзі, трывога пераходзіць у стан звычайнага, заўсёднага пачуцця, якое суправаджае паўсюль і не знікае ні на секунду.

Васіль Авер'янавіч дапамагае скласці пратакол, улічваючы ўсе бюракратычныя акалічнасці. Асноўны пункт парушэння пад нумарам 1 — наяўнасць у выязной камісіі неадпаведнай колькасці чыстых бланкаў для галасавання, кожны з якіх ўяўляе сабой найважнейшы дакумент строгай справаздачнасці. Бланкаў павінна быць роўна столькі, колькі пададзена заяваў для галасавання дома. У гэтым пытанні, як вядома, адказныя асобы праявілі такую вольнасць, што бюлетэняў хапіла б і на ўсю вёску па другім крузе.

У пунктах пратакола №2 і №3 пералічваюцца яшчэ некаторыя парушэнні: калі хто галасаваў без пашпарта, ці калі галасавалі за выбаршчыка іншыя людзі. Як дадатак для зафіксаванага асноўнага грубага парушэння, гэтыя пункты таксама набываюць важнае значэнне.