Выбрать главу

XIV

Торба на плячы з часам сапраўды пачынае аказваць магічнае дзеянне. Што яна памалу, як магніт, прыцягвае невядомыя сілы — гэта факт. Лёха хвілін дзесяць-пятнаццаць стаіць недалёка ад выбарчага ўчастка. Сказаць па шчырасці, ён не ведае, што рабіць. З паўгадзіны таму ён заходзіў на ўчастак, без справы, проста пабачыць рэакцыю людзей. Відовішча, як і меркавалася, было псіхалагічна цяжкім.

На той момант, якраз вярнулася выязная камісія пад кіраўніцтвам Iвана Рычардавіча. Яны нарэшце адолелі ўвесь шлях да канца вуліцы ў суседняй вёсцы, той самай, дзе Лёха пералічыў бюлетэні і пазней склаў пратакол. Але гэты шлях апынаецца цяжкім выпрабаваннем для сябраў камісіі і асабліва для Тамары.

Прычынай, прадказальна, становіцца абстынентны сіндром і дэструктыўна-арганічныя працэсы разам з псіхапаталагічнымі. Iншымi словамі, Iван Рычардавіч з пахмелля, ды ўвогуле маючы неўстойлівую псіхіку, дзякуючы любові да алкаголю, «выносіць мозг» усім сваім калегам. А Тамару ўганяе ў стан та­кой дэпрэсіі, што на яе шкада глядзець.

Як толькі змучаныя пілігрымы на чале з Іванам Рычардавічам пераступаюць парог выбарчага ўчастка, апошні, каму трэба і каму не трэба, распавядае пра падступнага назіральніка і няўважлівую супрацоўніцу. У збялелай, як палатно, Тамары ні арганізм, ні мозг ужо, напэўна, не ўстане трываць гэтыя здзекі. І як толькі на ўчастак заходзіць Лёха, з торбай цераз плячо, Тамара страчвае прытомнасць. Бедная жанчына павольна асядае і валіцца на падлогу прама пасярод пакоя.

Здарэнне адцягвае ўвагу усіх прысутных ад Лёхі. Жанчыны завіхаюцца вакол пацярпелай. «Хуткая дапамога» з'яўляецца аператыўна і забірае пакутніцу ў мясцовую лякарню. Іван Рычардавіч, праходзячы міма Лёхі, з нянавісцю трасе кулаком: «Ну, што? Дапрыгаўся? Ледзь на той свет не адправіў чалавека!»

Раптам на ўчастку звініць тэлефон і Мойша Кронберг, старшы лейтэнант, які прызваны забяспечваць парадак на ўчастку № 13, крычыць на ўвесь голас: «Аляксей Уладзіміравіч! Вас запрашаюць!» Лёху падаецца, што былы сусед, якога ён памятае з пялюшак, укладае нейкую нездаровую саркастычную шматзначнасць у свае словы. Але чаго толькі не напрыдумваеш падчас усяго, што адбываецца!

На сувязі старшыня выбарчай камісіі раёна: «Аляксей Уладзіміравіч! Што Вы сабе дазваляеце? Вы не ўпаўнаважаны так паступаць! Вы не мелі права пералічваць бюлетэні!..» Тэлефон знаходзіцца амаль на самым уваходзе на ўчастак. У слухаўцы траскатня і моцныя шумы. Вакол мітусня — медыцынскія супрацоўнікі, псіхічна неўраўнаважаны Іван Рычардавіч, расхваляваныя сябры камісіі, Мураш і Мурашыха, якія спадылба зыркаюць на Лёху, — усе ці то выпадкова, ці то незнарок піхаюць Лёху то пад локаць, то ў спіну, адначасова гамоняць, аб нечым перашэптваюцца, карацей, ствараюць нейкі неверагодны броўнаўскі рух.

Лёха павольна кладзе слухаўку, не кажучы ні слова ў адказ. Мойша нахабна ўсміхаецца. Ён зацягнуў свой стол на ўчастак і робіць выгляд, што зрабіў гэта, каб фліртаваць з жанчынамі з камісіі, пакуль на ўчастку няма наведнікаў. Насамрэч ён хітруе, прыкрываючыся паказной прастадушнасцю. Лёха робіць заўвагу старшаму лейтэнанту.

Стол прадстаўніка сілавых структур не павінен знаходзіцца на ўчастку, каб не ўтвараць псіхалагічны ціск на тых, хто мае жаданне прагаласаваць за кандыдата не ад дзейнай улады. Мойшава ўсмешка імгненна злятае і замест яе з'яўляецца крыўда. Такой глыбіні пакутлівую грымасу мала хто з таленавітых актораў можа стварыць. Ды з такой хуткасцю перамены эмоцыяў на твары! Гэ­та проста квінтэсенцыя болю ўсяго народа за тое, што да іхняга прадстаўніка паставіліся так несправядліва.

Лёха «не вядзецца» на акторскае мастацтва былога суседа, таму што ведае — той як заступіў тыдзень таму на ўчастак № 13, так і знаходзіцца тут бязвыездна. Служу Айчыне! Хаця, давайце без пафаса. Такая служба насамрэч з'яўляецца грубым парушэннем закона. Кожны дзень і кожную ноч павінны змяняцца ахоўнікі святога Грааля (які, па супадзенні, называецца «урнай»), па-простаму — фанернай тумбы, збітай цвікамі і апячатанай пластылінавай пломбай. А змяняе сам сябе на гэтым адказным пасту толькі адважны герой Мойша Кронберг. Колькі разоў аддзіралася задняя сценка Грааля, ды па якіх начах з ім варажылі зацікаўленыя асобы — нам нічога невядома ды і ці трэба нам тое ведаць?

Дык вось, пасля ўсяго гэтага гармідара Лёха выходзіць на вуліцу і проста стаіць, дыхаючы свежым паветрам. Узгадваючы апошнія падзеі, разважаючы пра іхнюю заканамернасць ці выпадковасць, ацэньваючы свае дзеянні. Не быць бы яму назіральнікам, каб не заўважыў наш герой іншага назіральніка. Які ўважліва назірае за назіральнікам (Фрыдрых Дзюрэнмат у дзеянні?). Хаця той, другі, і не хаваецца. Гэта старшыня калгаса Шчупакоў, які сапраўды выконвае функцыі назіральніка ад райвыканкама. Ён не падыходзіць сам да візаві, а замест сябе пасылае старшыню камісіі Мураша. Падбегшы, Мураш адразу прад'яўляе Лёху прэтэнзію: «Што ты тут сабе дазваляеш? Лезеш не ў свае справы?» Лёха, не чакаўшы такога наезда, адказвае, што першае прыйшло ў галаву: «Ты настаўнік? А ці думаеш пра дзяцей? Ты ж іх таксама падманваеш...»