Мураш чамусьці моцна палохаецца, выраз твару яго змяняецца і, не знайшоўшы, што адказаць, кіраўнік выбарчай камісіі бягом кідаецца назад, да «свайго» назіральніка. Шчупакоў прымае пасыльнага з напышлівым выглядам, гледзячы кудысьці ўбок. Выслухоўвае эмацыйны даклад Мураша, так і не паглядзеўшы на яго, адпускае «дакладчыка» і далей нерухома стаіць, моўчкі назіраючы за тым, што адбываецца вакол.
XV
I вось Лёха ў роспачы стаіць каля вясковай дарогі, не ведаючы, што рабіць далей з гэтым пратаколам, які ніколі ў жыцці проста так не падпіша ні адзін з сябраў камісіі. Але ж бывае сітуацыя, што вось хтосьці знаходзіцца ў цяжкіх роздумах, прыгнечаны недаверам і непаразуменнем з боку, як падаецца, усіх навокал. Здараецца калі-небудзь, што чалавек гэты сумна ўглядаецца ў далягляд, нібыта чакае адкульсьці дапамогі. I нечакана за лініяй таго далягляду, спачатку амаль незаўважна, утвараецца тарнада з пылу прасёлачнай вясковай дарогі. А праз пяць хвілін — прама насупраць самотнага назіральніка (таго, хто назіраў за ходам падзей і ўпотай спадзяваўся на цуд), які стаіць на ўскрайку дарогі са сваёй торбай, што ўвайшла ўжо ў навакольныя легенды, — спыняецца новенькі мікрааўтобус, ззяючы нетутэйшай замежнай бялявасцю ў шэрасці мясцовых аблокаў пылу.
У Шчупакова акругляюцца вочы. Да апошняй секунды ён быў упэўнены, што ў яго «ўсё пад кантролем». А тут чалавек, асноўная праца якога — кіраваць, кантраляваць і перастрахоўвацца ад непрадугледжаных сітуацый, — раптам бачыць, як на яго вачах адбываецца нешта непрадказальнае, і ён нічога з гэтым не можа зрабіць. На шчасце, ён не бачыць Лёхавых вачэй — яны ў яго таксама ледзь не выскачылі з арбіт ад нечаканасці. Але з той нагоды, што стаіць назіральнік «незалежны» спінай да назіральніка «залежнага», усё выглядае так нібыта мікрааўтобус спыніўся ў прызначаным месцы і ў дакладны час — прама насупраць Лёхі. У «дамабільную» эпоху гэта выглядае сапраўды, як цуд.
Дзверы мякка адчыняююцца і ў галаўлічскі пыл, як на марсіянскі грунт, асцярожна апускаецца выкшталцоны абутак у колькасці дзясятка пар. Адарваўшы погляд ад чыіхсьці прыгожых жаночых ножак, Лёха чытае на бэйджах, прышпіленых на грудзях адважных першаадкрывальнікаў Terra-Galaulichus, нечаканых валанцёраў добрай волі: «Kazakhstan», «Croatia», «Uthuama», «Russia», «Czech repubhc», «Poland», і пад назвай краіны дадатковыя подпісы — «незалежнае назіранне».
Апошнім на зямлю ступае маленькі лысы дзядок з надпісам на бэйджы: «USA». Побач з ім, стылёва апранутая, высокая дваццацігадовая брунетка. Лёха робіць крок наперад, вітае, як старых сяброў, кожнага госця, прадстаўляецца персанальна: «Аляксей Барысевіч, незалежны назіральнік ад Хельсінскага камітэта, РНБ».
Галаўлічскія госці нічаму не здзіўляюцца, наадварот, адзначаюць добрую арганізацыю, пытаюцца пра парушэнні. Лёха спяшаецца распавесці пра ўвесь набор зафіксаваных прэцэдэнтаў, нібыта хоча скінуць нарэшце цяжкі груз са сва іх плеч. У нейкі момант наш герой з палёгкай разумее, што хоць як, хоць у вусным выглядзе, але інфармацыя становіцца галоснай.
Яны даходзяць да прыступак будынка, дзе ўсё яшчэ стаіць разгублены Шчупакоў. У Лёхі ёсць жаданне пазнаёміць прадстаўніка афіцыйнага назірання з гасцямі, але ў апошні момант яго думкі хтосьці перапыняе пытаннем. Лёха адхіляецца і праводзіць гасцей у фае перад памяшканнем выбарчага ўчастка. Шчупакоў застаецца недзе ззаду. Навіна пра таямнічую групу міжнародных назіральнікаў, спецыяльна выкліканую Барысевічам, невядома якім чынам імгненна разносіцца па наваколлі.
Апошняе, што бачыць Лёха, перад тым, як «яго» каманда пераступае парог з Граалем стацыянарным, гэта як мажны Мойша Кронберг, амаль бягом, па хуткаму абхапіўшы свой службовы стол разам з нейкімі паперчынамі на ім, прэ казённую мэблю з памяшкання на калідор.
Назіральнікі засяроджаныя кожны на сваёй справе — хто нешта запісвае, хто перагаворваецца з калегамі, хто разглядае памяшканне, скрыню, людзей. Лёха стараецца быць неяк у плыні іхняй цікавасці, але на яго ўсе ўжо забыліся, засяродзіўшыся на сваіх справах.