Назіральнік Барысевіч рушыць да выйсця нібыта ў запаволенай здымцы. Такі, насамрэч, стан вельмі стомленага чалавека — цела, як ватнае, у горле перасохла, некалькі метраў да расчыненых дзвярэй падаюцца бясконцымі кіламетрамі. Усё, прадназначэнне назіральніка выканана. Не верыцца, што ён можа так лёгка адсюль сысці. Падсвядома чакае нейкага падвоха. Чамусьці здаецца, што ў калідоры, за дзьвярыма ўчастка, на яго наваляцца безаблічныя цені і паспрабуюць вырваць аркуш паперы, што Лёха яшчэ трымае ў руках. Але там сядзіць за сваім сталом толькі Лёхаў былы сусед з далёкага дзяцінства Мойша Кронберг.
Наш герой здагадваецца аб сіле гэтага дакумента, хоць пакуль і не ведае дакладна, што пратакол аб парушэнні, які завераны не абы-кім, а старшынёй, намеснікам ды яшчэ адным сябрам камісіі, аўтаматычна анулюе любыя вынікі выбарчай кампаніі ва ўсёй краіне. Каб растлумачыць для сябе ўсе юрыдычныя нюансы, Лёха збіраецца зайсці да Васіля Авер'янавіча, тога самага выкладчыка гісторыі з той самай школы, дзе вучыць дзяцей сумленна працаваць выкладчык працоўнага навучання па прозвішчы Мураш.
Перад тым, як пераступіць парог і пакрочыць у светлую будучыню, Лёха кладзе пратакол. У ТУЮ. САМУЮ. ТОРБУ. Якая ў свядомасці некаторай часткі насельніцтва, прыпісанага да Галаўлічскага выбарчага ўчастка, за гэты непросты і неверагодны дзень ператварылася з падазронага прадмета ў сапраўдны сімвал антыўладнай змовы.
Гэта шчасце, што на стомленага чалавека, які павольна выйшаў з будынку, дзе размяшчаецца выбарчы ўчастак № 13, ніхто не нападае. Шчупакоў з суворым і строгім выглядам, як стаяў на сваім пасту, на ганку Дома культуры, так і працягвае стаяць. Лёха, здаецца, хоча зрабіць яму нейкі прывітальны знак, але Шчупакоў ні на што не рэагуе. Два назіральнікі на двух квадратных метрах зямлі разыходзяцца як чужынцы-караблі ў далечы штармавога акіяна — змучаныя і выматаныя бурамі апошніх падзей.
Толькі, калі Лёха пачынае аддаляцца, Шчупакоў утароплівае погляд яму ў спіну. Дакладней, не ў саму спіну, а ў торбу, што боўтаецца за спінай. Так супала, што ляжаць у ёй Лёхаў пашпарт, нататнік з асадкай ды легендарны галаўлічскі пратакол. Усё.
Замест эпілога
Калісьці маладая журналістка Віялета піша незабыўныя радкі пра падманутага кандыдата ў прэзідэнты — падобнага на «Боінг», які нясе на сабе нью-ёркскія вежы-блізняты. На наступны дзень, пасля абвяшчэння афіцыйным бокам яго імя ў якасці прэзідэнта, вежы абрынаюцца. Такое супадзенне. Але праз некаторы час, прыкладна, напярэдадні наступных выбараў, у той жа цэнтральнай газеце, дзе працуе Віялета, выходзіць артыкул за яе подпісам — пра туманныя перспектывы і пэўную бесперспектыўнасць айчыннага шоу-бізнэса.
З сарказмам, які ўласцівы зорцы афіцыйнай гонза-журналістыкі, Віялета з'едліва іранізуе над верагоднасцю (лепей сказаць — неверагоднасцю) прыезда ў краіну сучасных рок-зорак. А ў якасці фантастычнага і нерэальнага прыкладу, журналістка прыводзіць канцэрты Элтана Джона і Стынга ў якой-небудзь зале краіны.
Лёха з вялікай цікавасцю чытае артыкул разам са сваёй сяброўкай Лізай, якая, па супадзенні, фанацее менавіта ад гэтых двух артыстаў. Іхні прыезд выглядае сапраўды нерэальнай справай. Канцэртамі такога ўзроўню на той момант займаецца толькі Гуля Шлойман, але «падцягнуць» Стынга і Элтана Джона нават ён не ў стане.
Мінае кароткі час, і сталіца рэспублікі зіхаціць афішамі: на дзень народзінаў Лёхі амаль выпадкова прыязджае Элтан Джон, а на дзень народзінаў Лізы па дзіўным супадзенні звальваецца падарунак у выглядзе Стынга. Так супадае яшчэ, што Гуля Шлойман — такія складаюцца акалічнасці — сядае за краты. Абвінавачванне неверагоднае: пазычыў грошы на арганізацыю канцэрта і не хоча аддаваць. Шэсць год. Ад званка да званка (шэптам у зале суда: сваяку адной уплывовай асобы не хацеў саступіць дарогу. А той хацеў займацца такім самым бізнэсам, як Гуля. Ну і прапанавалі падумаць. Маўляў, ты пакуль заканспектуй свае лекцыі па менеджменту і мастацтву арганізацыі канцэртнай дзейнасці, якія раней чытаў ва ўніверы, а мы тут за цябе папрацуем).
Яшчэ здарылася так, што вакзал «Усход-Захад», дзе Лёха калісьці шукаў «Доўгую дарогу дадому», зачыняюць. А праспект Машэрава, дзе ў свой час пракурор зубрыў юрыспрудэнцыю, пераймяноўваюць у праспект Пераможцаў. Паколькі такую банальную і безаблічную назву цяжка запомніць, у народзе пачынаюць называць гэту вуліцу, як праспект Пераможцаў Машэрава. Адной з прычын узнікнення народнага тапоніма становіцца той факт, што дачка Пятра Міронавіча здымае сваю кандыдатуру ў наступнай перадвыбарнай кампаніі, дзе ўдзельнічае (хто б мог падумаць?) зноў кандыдат, якога злавесны «афіцыйны бок» у які раз падмануў.