Адважны пажарнік, ён жа былы Лёхаў вучань, незалежна ад вынікаў перадвыбарнай кампаніі ў хуткім часе ідзе на павышэнне і працягвае службу кіраўніком абласнога ўзроўню. Яму шанцуе, таму што праходзіць не так шмат часу пасля сустрэчы на Лёхавым участку — такія ўтвараюцца варункі — і ў мястэчку Ранак-Туманны ўрачыста адзначаецца Дзень пажарніка. Калектыў мясцовага Дома культуры (дзе працягвае працаваць спадар Дамінжанка, але ўжо не ў якасці дырэктара) ладзіць прыстойны канцэрт. З узнагародамі, грашовымі прэміямі і ўручэннямі грамат лепшым пажарнікам. У гэтую ж ноч здараецца пажар, і памяшканне аддзела культуры і па сумяшчальніцтву — Дом культуры, цалкам згарае. Загадчыкам аддзела пакуль яшчэ служыць спадар Павароцін. Але пасля пажара ўжо — нядоўга.
Дом культуры ў Галаўлічах, дзе размяшчаўся выбарчы ўчастак № 13, у хуткім часе пачынае развальвацца. У аварыйным стане яго зачыняюць, а потым і ўвогуле зносяць. Такі ж лёс спасцігае яшчэ пару Дамоў культуры па Ранак-Туманаўскай выбарчай акрузе менавіта ў той жа час.
Начальнік мясцовага аддзела па прозвішчу Першамайскі ідзе на павышэнне ў прамой залежнасці ад вынікаў перадвыбарнай кампаніі і ўзначальвае Першамайскі аддзел у абласным цэнтры. За ім адпраўляецца Мойша Кронберг — «за отличную службу на благо Родины». Кудысьці на павышэнне ідзе спадарыня Дзяржынская, а яе муж Фелікс займае месца Першамайскага.
Лёха працуе ў сталіцы, паехаўшы туды шукаць шчасце са сваёй незабыўнай торбай. Калі набыў сабе модны заплечнік, у старую торбу склаў розныя кабелі, старыя мікрафоны, выкарыстаныя струны ды іншы хлам і пакінуў у сябра ў гаражы. Так супадаюць акалічнасці, што ў гараж забіраюцца злодзеі, крадуць нейкія запасныя часткі, а пабачыўшы Лёхаву торбу, вытрасаюць яе змесціва на падлогу, складаюць туды накрадзенае і ўцякаюць. Iх у хуткім часе вылічваюць і знаходзяць скрадзеныя рэчы. Торба фігуруе ў судзе, як «рэчавы доказ» і ўрэшце рэшт назаўсёды застаецца недзе ў сховішчах невядома якіх судова-медыцынскіх экспертаў.
Судмедэксперт Ранак-Туманаўскага аддзела дорыць Лёху відэакасету са здымкамі падзей на яго двары напярэдадні колішніх выбараў. Яна пылілася доўгі час на паліцах архіва, таму што калісьці «не пошла в производство в связи с закрытием дела за недостаточностью улик».
Тамара з Галаўлічаў болей не прымае ўдзел ні ў якіх выбарах. Калегі ставяцца да яе пазіцыі спагадліва і ніколі больш не прапаноўваюць падобных авантур.
Прыгожую перакладчыцу амерыканскага назіральніка адлічваюць з чацвёртага курса Лінгвістычнага ўніверсітэта на першай жа сесіі пасля выбараў. Па праграме дапамогі студэнтам яна з'язджае ў Польшчу і заканчвае навучанне ва ўніверсітэце на поўначы братняй краіны, атрымаўшы дыплом еўрапейскага ўзору.
Апгрэйдзера бесперапынна затрымліваюць ці напярэдадні, альбо цягам усемагчымых кампаній. Падчас наступнай, перадвыбарнай, яго два тыдні трымаюць у сталіцы і прывозяць у Ранак-Туманны за дзень да кульмінацыі. Самае дзіўнае тое, што выпускаюць без усякіх пытанняў. Дом Апгрэйдзера насупраць — перайсці дарогу. Каля перахода стаяць трое — яны вельмі нагадваюць каўказцаў, а адзін з іх дакладна калісьці сядзеў за багатым каўказскім сталом падчас мінулай кампаніі. Калі Апгрэйдзер раўняецца з імі, той знаёмы валіцца на зямлю і пачынае енчыць. Тут жа выскокваюць людзі ў форме і зачыняюць Апгрэйдзера на два тыдні за хуліганскія дзеянні ў адносінах да грамадзяніна іншай рэспублікі. Двое сведкаў усё, што патрэбна пацвярджаюць у судзе на карысць «пацярпелага».
Так склалася, што Аляксей Барысевіч, як прадстаўнік Хельсінскага камітэта, разам са сваім калегам Васілём Авер'янавічам, сябрам незалежнай асацыяцыі журналістаў, позна ўвечары прысутнічаюць на падліку галасоў на ўчастку № 13 па Ранак-Туманаўскай выбарчай акрузе. Пры падліку ўсё супадае ідэальна — да адзінага бюлетэня. Ніякіх парушэнняў, ніякіх падтасовак. Мойша Кронберг падміргвае Мурашу, маўляў, усё чыста — не падкапаешся.
Авер'янавіч пасля працэсу запрашае Лёху да сябе. Яны моўчкі сядзяць на цёмнай верандзе пры свечцы. Святло не ўключаецца, каб не замінаць адпачываць гаспадыні. Выпіўшы па першай, яны толькі выдаюць кароткія каментары, кшталту: «Эх!», «Так яго растак!», «Нічога!», «Паглядзім яшчэ!» Раптам расчыняюцца дзверы і ў цьмяным праёме застывае маўклівая мажная постаць на фоне начнога неба. «Хто тут?» — строга пытаецца Авер'янавіч. Замест адказу цёмная фігура падсоўваецца бліжэй, ставіць на стол бутэльку гарэлкі і голасам Шчупакова адказвае: «Хачу з вамі выпіць. Вы прайгралі! Але ж як вы прыгожа і прафесійна працавалі! Вы проста малайцы!» Ад нечаканасці Лёха і Авер'янавіч доўга глядзяць адзін на аднаго. Шчупакоў тым часам адкаркоўвае бутэльку, разлівае вадкасць у тры шклянкі, чокаецца са сваімі былымі супернікамі, першым выпівае да дна і знікае там, адкуль з'явіўся.