Так здараецца, што праз шмат гадоў Васіль Авер'янавіч ў Галаўлічах, ва ўласнай хаце ўключае тэлевізар. А Лёха ў той жа момант у сталіцы, зайшоўшы ў салон бытавой тэхнікі, аказваецца перад уключаным вадка-крысталічным вялізным плоскім маніторам.
Канал, у адпаведнасці з нейкай патаемнай логікай, апынаецца адзін і той жа — першы дзяржаўны. І вось, пампезны вядоўца, які ў сваім чорным капялюшы нагадвае сапраўднага лаўтара, абвяшчае спіс самых шчаслівых людзей краіны — тых, хто рызыкнуў набыць латарэйныя білеты і... зрабіў правільны выбар!
У краіне, якая крыху запаволена ў сваім руху, блытаецца ў сапраўдных і несапраўдных рэаліях, Лёха ўжо даўно нічаму не здзіўляецца. Але тэлеэкран часам робіць са сваімі гледачамі неверагоднае — і наш герой аж прыадкрывае рот ад здзіўлення: першым у спісе «шчасліўцаў» вядоўца называе дырэктара Галаўлічскай сярэдняй школы з нейкім занадта знаёмым прозвішчам — Мураш!
І самае цікавае, што нумар яго латарэйнага квітка пачынаецца з трох сямёрак...
Аб'ектыў камеры пераязджае на залу, на гледачоў, якія ў захапленні пляскаюць у ладкі. Камера набліжае першую асобу ў бліжэйшым шэрагу і ёй аказваецца абаяльная прадавачка латарэек у чорна-белым капялюшыку.
За ёй б'е нерухомую левую далонь — з размаху правай — вялікі мажны чалавек, якога Лёха не адразу пазнае ў цывільным. Але калі мужчына паварочваецца ў анфас і задаволена ўглядаецца прама ў камеру, Лёха адразу ўспамінае міліцыянта, які калісьці паведаміў яму, што «ў нас усё пад кантролем».
Далей сядзяць дзве прадавачкі кніг з фае былога аўтавакзала «Усход-Захад» — Галя і Валя. Як толькі яны бачаць сябе на вялікім студыйным маніторы, адразу паварочваюцца да камеры і з усмешкамі да вушэй актыўна махаюць рукамі. Побач з імі, відаць абсалютна выпадкова, апынаюцца дзве госці з бліжняга замежжа — яны махаюць свежым выпускам цэнтральнай газеты з пакамечаным партрэтам і прамаўляюць нейкую фразу. Калі б не гучная студыйная музыка, то можна было дакладна разабраць «У нас в Смоленске его обожают!»
З усёй аўдыторыі істотна вылучаецца група падтрымкі з Галаўлічаў: Іван Рычардавіч нервовымі рухамі стварае адмысловую ауру і ніяк не можа зразумець, у які бок махаць, каб перадаць прывітанне землякам. Побач з ім сядзіць Мурашыха ды іншыя сябры былой (і заўсёднай) камісіі, акрамя Тамары. А замыкаюць дэлегацыю ніхто іншыя як колішні кіраўнік калгаса Шчупакоў разам з былым намеснікам старшыні Ранак-Туманаўскага райвыканкама па прозвішчы Ленінскі. Які, дарэчы, згодна з законам аб выпадковых абставінах, быў у свой час дырэктарам Галаўлічскай школы.
Усе весела ўсміхаюцца і дружна пляскаюць у ладкі. Здаецца, камера памылкова крутанулася і захоплівае службовую зону. Але аператар не адводзіць аб'ектыў — там, на неасветленай пражэктарамі тэрыторыі за кулісамі знаходзіцца нейкая жаночая постаць, як падаецца, апранутая ў занадта бутафорскія адзенні. Яна, не хаваючыся, паліць цыгарэту. Адразу ўзнікаюць пытанні: дзе пажарнікі пры такім вялікім скапленні людзей? Дзе адказныя за тэхніку бяспекі падчас санкцыянаванага масавага мерапрыемства?
Камера «наязджае» і дае буйны план. Бутафорская ўніформа апынаецца калекцыяй нармалёвых цыганскіх спадніц, а жанчына — той самай цыганкай з пачатку нашай гісторыі. Яна адкульсьці, з неверагоднай спаднічнай прасторы, дастае смартфон апошняй мадэлі, корпаецца ў ім і раптам у Лёхі звоніць яго старэнькі «Nokia»: «Касацік, ты выбачай! У жыцці складаецца па-рознаму — тут як карта ляжа. Усё будзе добра, табе ж казалі. Вядома, з Гулем Шлойманам перабор атрымаўся. Але ён крыху сам вінаваты — не адразу зразумеў, з кім мае справы. А калі зразумеў, ужо было позна.
Дарэчы, тэлевізар гэты — сапраўдны падман, нічога добрага. Як і латарэі ды казіно розныя. А газеты... Што з гэтымі газетамі рабіць? Трэба, хаця б, умець чытаць... Ведаеш, там побач з табой, аркушык адзін — ты пачытай, будзе не лішнім...
А ў гульні ты не гуляеш, малайчына. Ты справу робіш. Вялікую справу...»