Выбрать главу

На ўвесь разварот на другой і трэцяй старонцы інфармацыя іншага парад­ку — там надрукаваны адзін аграменны артыкул, які не так сумна ды і не сорамна чытаць колькі хочаш разоў — матэрыял такі вялікі і шматпланавы, што дачытаўшы да сярэдзіны, губляешся ў адступленнях і забываешся, з чаго ён пачынаўся. Галоўнае не чытаць падзагаловак — ён стварае кантэкст. А так, здаецца, і людзі цікавыя ўзгадваюцца, і што самае нязвыклае — узгадваюцца без абразаў і прыніжэнняў, як бывала на тых самых старонках у ранейшых нумарах. I аператыўная інфармацыя пра гэтых цікавых людзей — дзе, хто, калі і як. I нават не агучваецца, колькі ім за гэта пагражае пасля выбараў.

На апошняй старонцы — традыцыйна, навіны культуры і спорту. Напрык­лад, вось інфармацыя пра тое, што сусветна вядомы хакеіст, зорка НХЛ, запісвае лідара нацыі ў зборную свету па хакеі. Нічога не ўказваецца, ці на кантрактнай аснове, ці на нейкіх іншых умовах.

А вось выява іншай суперзоркі апошніх гадоў трыццаці — каралевы эстра­ды суседняй краіны. Яна стаіць у рызыкоўнай позе — на каленях (перад кім, на здымку не паказана). Але загаловак паведамляе, што суперзорка па сваёй волі робіць сапраўдны акт кахання з вялікай павагі да галоўнага, і што важ­на адзначыць — станоўчага героя ўсіх вышэй пералічаных рэпартажаў гэтага спецвыпуску вядучай газеты краіны.

Аднаксамы цікавы артыкул і апошняй старонкі, а прынамсі і ўсяго нумара, напісаны маладой выпускніцай журфаку Віалетай, якая зладзіла ўмоўны дыялог са сваёй калегай па газеце.

Дзяўчаты з першых радкоў задаюць тон: «Ловім момант і ўважліва разглядаем тых, у чые рукі мы заўтра, магчыма, перададзім узведзены намі будынак...» (цытата). У сярэдзіне артыкула два альтэрнатыўных кандыдаты, абсалютна нікому не патрэбных (як ужо стала зразумела з усіх папярэдніх тэкстаў) канчаткова выбіваюцца з сёдлаў перадвыбарнага радэа адным моцным узбрыкам: «Шчыра сказаць, незразумела, адкуль усплываюць такія Бівісы і Батхеды...» (цытата).

А фінал артыкула мае аналогію з бомбай запаволеннага дзеяння пры ўсталяванні таймера на шасцідзённую адтэрміноўку:

« — ...Зрэшты, усе кандыдаты служаць толькі выгадным фонам для дзейнага прэзідэнта, палітычная харызма якога, на мой погляд, як «боінг семсот шэсцьдзясят сёмы».

— Ці прама як «лятучая крэпасць». Ці нават, калі дзве «лятучых крэпасці» адну на другую паставіць і пару хмарачосаў зверху...» (цытата).

IV

Як раз праз шэсць дзён пасля выхаду з друку спецвыпуску галоўнай газе­ты тое і адбываецца. З лавіны памех перанасычанага радыёхвалямі эфіра вырываюцца асобныя фразы: «...два хмарачосы... Боінг семсот шэсцьдзясят сёмы... колькасць ахвяраў падлічыць немагчыма... вялікая дымавая заслона ахутвае горад...»

Хвалі губляюцца, і Лёха са сваім сябрам па чарзе круцяць ручку аўтапрыймача. Iм удаецца вылоўліваць толькі абрыўкі фраз і ад гэтага інфармацыя становіцца толькі больш жудаснай.

За стырном старэнькага «Volkswagen-Passat» Лёху неабходна і ўважліва сачыць за дарогай, і выслухваць кавалкі экстранных рэпартажаў, якія паступова пачынаюць перадаваць амаль усе радыёстанцыі. Чым бліжэй мяжа з Польшчай, тым больш праясняецца сітуацыя — цяпер вядомыя ўжо і месца трагедыі, і асноўныя дэталі тэракта.

Пачуццё трывогі, нейкія незразумелыя і недарэчныя думкі Лёха стараецца прагнаць прэч. Яны адцягваюць увагу ад трагічных нью-ёркскіх навінаў з радыёэфіру, хоць, безумоўна, менавіта тыя самыя навіны і вызначаюць ягоны настрой.

Хваляванне кіроўцы «Фальксвагена» можна зразумець — у памежнай зо­не жыве цяпер ягоная дачушка, што зусім нядаўна пераехала са сваёй маці, былой Лёхавай жонкай, на новае месца жыхарства. Лёха нарэшце выбраўся перадаць сваёй Ксюшы школьныя дакументы — навучальны год, вось ужо адзінаццаць дзён як пачаўся, а тата ніяк не давязе паперы ў новую школу.

Гэтаму ёсць важнае абгрунтаванне — тата быў вельмі заняты падчас перадвыбарчай кампаніі, датэрміновага галасавання, таксама як і непасрэдна ў дзень выбараў і... выпадкова ануляваў вынікі гэтых самых выбараў. Выбачайце, суайчыннікі, а заадно і тыя, хто займаецца прагнозамі ў сучаснай сусветнай гісторыі! Усё пайшло крыху «не так». Тата, ён жа Лёха, ён жа Аляксей Уладзіміравіч, быў незалежным назіральнікам ад уплывовай міжнароднай арганізацыі па абароне правоў чалавека, але ўдзельнічаў у кампаніі не на «афіцыйным», не на праўладным баку.

Так атрымалася (яшчэ раз прабачце), што дзякуючы ўмяшальніцтву Аляксея Уладзіміравіча Барысевіча ў перадвыбарны працэс, з панядзелка рэчаіснасць у краіне пайшла двума паралельнымі курсамі: афіцыйны бок зрабіў вельмі шмат штучных і грубых дзеянняў, парушыўшы ўсе магчымыя правілы, папярэднія абяцанні, артыкулы Канстытуцыі, дзяржаўныя законы і гэтак да­лей. Зразумела, дзейны прэзідэнт пра гэта нічога не ведаў і свята верыў, што ён перамог на выбарах. Бедны і варты шкадавання чалавек! Хітры афіцыйны бок зладзіў пэўную ілюзію перамогі, і вось падмануты шчыры і сумленны кіраўнік краіны патрапіў у такую дваістую сітуацыю.